«ЯК ВЫ БАВІЦЕ ВОЛЬНЫ ЧАС ВОСЕНЬСКІМІ ВЕЧАРАМІ?»

Общество

Звычайна калі кажуць пра доўгія вечары, дык маюць на ўвазе зімовыя. Але і зараз, увосень, вечары тыя — досыць цёмныя і доўгія. А калі на дварэ яшчэ і пахмурна, дык надыходзяць яны рана і раптоўна. Зразумела, што кожны жыхар Чэрвеньшчыны час пасля працоўнага дня, вучобы ды іншага і да сну запаўняе рознымі справамі. Вось мы і вырашылі спытаць у нашых чытачоў: «ЯК ВЫ БАВІЦЕ ВОЛЬНЫ ЧАС ВОСЕНЬСКІМІ ВЕЧАРАМІ?»

Галіна ГАЛІЕЎСКАЯ, г.Чэрвень:

— У прынцыпе, зараз работы на зямлі ўжо няма, адышла. Таму пераважна займаюся чытаннем. Дзяўчаты Біблію прынеслі, вывучаю. У Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы запісана. Там бяру кнігі для сябе і для мужа. Ну і, канешне, з задавальненнем чытаем з ім сваю любімую газету «Раённы веснік». Красворды люблю разгадваць. Паколькі я — кандытар са стажам, дык яшчэ, бывае, вечарамі пяку тарты, калі папросяць. Ну і, вядома, глядзім тэлевізар. Падабаюцца перадачы кшталту «Бітва экстрасэнсаў». Мастацкія фільмы стараюся выбіраць не замежныя, бо тыя надакучылі ўжо. Вось неяк Мікіта Міхалкоў узняў праблему чужой зямлі. Як жа ўзрушыла мяне тая перадача пра выміраючыя вёскі! Захацелася нават напісаць яму. Ды не ведаю, куды. Гэта ж тэма, якая блізкая не толькі Расіі, але і Беларусі, і тым больш — нашаму пакаленню. Прыгадваю сваю маладосць, шасцідзесятыя-сямідзесятыя гады мінулага стагоддзя. Як нам тады хацелася, каб у нашай вёсцы быў клуб! Каб намі хтосьці займаўся, каб было куды пайсці. Каб вывучыцца, а тады вярнуцца дахаты і працаваць тут, на сваёй зямлі. А цяпер… Крыўдна глядзець, як адыходзяць вёскі, зачыняюцца школы… Пра гэта таксама часта думаю вечарамі…

 

Галіна ВОРНІК, в.Горкаўская Слабада:

— Звычайна ўвечары тэлефаную па чарзе тром сваім сынам, размаўляю з імі і ўнукамі. Гатую вячэру, мыю посуд, займаюся іншымі неабходнымі гаспадарчымі справамі. Люблю чытаць прэсу. У нашай Горкаўскай бібліятэцы бяру кнігі. Муж купляе мяне вялікія падпіскі сканвордаў, там ёсць і судоку. Люблю вечарамі разгадваць. Як і большасць вяскоўцаў, гляджу тэлевізар. Мае самыя любімыя праграмы — «Ледніковы перыяд» і «Танцы з зоркамі». Дзеля іх я кідаю ўсё! І мае хатнія ведаюць, што мяне тады лепей не чапаць. Ну такое ўсё там яркае і прыгожае… А яшчэ люблю… пасядзець у Інтэрнэце. Так-так, не здзіўляйцеся! Можа, камусьці і смешна, але я насамрэч люблю бываць на сайце «Аднакласнікі». Там я знайшла студэнцкіх сябровак, з якімі не бачылася 40 гадоў! Многія ўжо таксама бабулі. Мы перапісваемся, разглядаем фотаздымкі. А яшчэ мне падабаецца там заводзіць новыя знаёмствы. Карыстаюся і Скайпам. З яго дапамогай бачуся з роднымі, сябрамі і новымі знаёмцамі, нават у Казахстане. Шмат раблю з часу працы ў Горкаўскім сельскім Доме фальклору такіх міні-кліпаў з фотаздымкаў. Людзям падабаецца..

 

Наталля ТРАПАШКА, г.Чэрвень:

— Па вялікім рахунку, сяджу дома! Бо хадзіць-то ў нашым горадзе няма куды… Замест кінатэатра — уласны тэлевізар. Люблю глядзець серыялы. Ну, і Інтэрнэт займае. Прычым у Інтэрнэце, апрача ўсяго іншага, шукаю інфармацыю на медыцынскія тэмы. Навука рухаецца, загады мяняюцца… Трэба быць у курсе ўсяго.  Таксама гартаю медыцынскія часопісы. Павышаю свой прафесійны ўзровень. Дарэчы, калі працавала медсястрой у аддзяленні рэанімацыі, дык мела і начныя дзяжурствы. А зараз, у інфекцыйным аддзяленні, гэтага няма, таму вечарамі вольнага часу пабольш. Калі было святлей і добрае надвор’е, магла прагуляцца па лесапарку, бо ён недалёка ад дома. Хаджу ў госці да сябровак. Але гэта, у асноўным, па вечарах пятніцы і суботы, калі назаўтра не трэба ісці на працу. Што датычыцца кухні, дык люблю гатаваць у духоўцы стравы з бульбы і мяса — калдуны, бабку… Хочацца, каб хутчэй дабудавалі фізкультурна-аздараўленчы комплекс з басейнам. Я б з задавальненнем там плавала…

Фёдар АНЦЫПІРОВІЧ, в.Чарнаградзь:

— На зямлі, якая ў карыстанні, праца ўжо завершана. Угнаенне ўнесена, усё перакапана, часнок і цыбуля пад зіму пасаджаны… Агародныя турботы на сёлета скончаны — да вясны, да новага сезону. Але іншыя гаспадарчыя клопаты засталіся. Увечары я звычайна сустракаю карову з поля. Прыганяю яе дахаты, даю, кармлю курэй… А тады якія ў нас захапленні? Тэлевізар, серыялы. Вось на ваенную тэму, бывае, так удала зняты, што, здаецца, сам там пабываў, на полі бою. А так, па шчырасці, гэтыя серыялы запаланілі ўвесь эфір. А хочацца паглядзець пра штосьці сваё, блізкае — пра вясковае жыццё, напрыклад. Канцэрты таксама люблю, толькі і іх не надта шмат транслююць. Навіны, вядома, гляджу — па некалькі разоў на дзень. Цікаўлюся, што адбываецца ў краіне і за яе межамі. Як чалавек з педагагічнай адукацыяй і на пенсіі не пакідаю чытання. Цікаўлюся кнігамі беларускіх аўтараў. З прэсы найперш чытаю «раёнку». Яшчэ дачка з бібліятэкі прыносіць «ЛіМ», «Нёман», «Полымя»… Так што крыніц інфармацыі хапае…

Распытвала і занатоўвала Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *