«ГЭТА — ХОБІ І ТОЕ, ЧЫМ Я ЖЫВУ…»

Общество

Людміла ДАРАГУЖ, выкладчыца Чэрвеньскай школы мастацтваў:

Працую ў Чэрвеньскай школе (спачатку яна была музычнай, цяпер — мастацтваў) пасля заканчэння Маладзечанскага музычнага вучылішча з 1978-га — 35 гадоў. Але ў дзяцінстве хацела стаць… балерынай. І калі бацькава сястра ад’язджала ў Мінск, дзе яна працавала, дык заўсёды пыталася: «Што табе прывезці наступным разам?» А я адказвала: «Прывязі мне балетныя тапачкі, хачу стаць балерынай». Яна вельмі смяялася і казала: «Паглядзі на сваіх бацькоў (меўся на ўвазе іх целасклад)… Ну якая з цябе будзе балерына?!»

Потым, дзесьці ў пяцігадовым узросце, я ставіла вялікі стул, маленькі табурэцік і імітавала ігру на фартэпіяна. Чаму? Таму што ў нас заўсёды гучала музыка. У дзедавым пакоі (гэта бацька нашага бацькі) вісела скрыпка. Дзед трохі ўмеў іграць і на фартэпіяна.

А тата са студэнцкіх гадоў захапляўся класічнай музыкай. Ён з мамай хадзіў у філармонію, у тэатр, калі вучыўся ў БДУ. І сам, самастойна навучыўся іграць на сяміструннай гітары і фартэпіяна — па самавучыцелях.

Якая ж музыка ў нас гучала? Фрагменты з опер, аперэт, старадаўнія рускія рамансы… І потым ужо, у дзіцячым садку, мяне ў ліку некалькіх дзяцей з нашай групы залічылі ў падрыхтоўчы клас музычнай школы. Тады мы займаліся яшчэ ў вядомым у горадзе старым драўляным будынку.

Так я пачала вучыцца па класу фартэпіяна. Інструмент мне купілі адразу вялікі. У мяне ніколі не было дзіцячага піяніна. Мелася шмат розных сумак і такіх цацак, якіх не было ў іншых дзяцей. Нават, як зараз памятаю, камплект школьнай цацачнай мэблі — парты, дошка, стол настаўніка… Кеглі першыя таксама меліся…

Вялікі інструмент нам прывезлі, калі мне было шэсць гадоў. Вучылася ў музычнай школе я з задавальненнем, мне ўсё падабалася. Тата хацеў, каб я паступала ў музычнае вучылішча пасля васьмі класаў. Але я была, як кажуць, горкім дзіцём, не ўяўляла сабе самастойнага жыцця ў інтэрнаце. І маці мяне проста пашкадавала. Мы неяк прапусцілі тэрмін падачы дакументаў. Тата, памятаю, схамянуўся і нават спалохаўся: «А вы завезлі дакументы?!» Ды было позна…

І я звыклася з той думкай, што вучыцца музыцы не буду. А нас у той час, дарэчы, вучылі настаўнікі, якія прыязджалі з Мінска — два разы на тыдзень. І маці мая аднойчы сустрэла там маю настаўніцу — Сталіну Мікалаеўну. Яна спытала: «А Люда паступіла ў вучылішча?» На што маці адказала: «Не, яна будзе паступаць у інстытут». І настаўніца мая неяк вельмі засумавала і сказала: «Паверце мне, Валянціна Мікалаеўна, што хоць у 30 год, але яна вернецца да музыкі».

Пасля школы я паступала ў інстытут замежных моў. Не прайшла па конкурсу. Пасля пазнаёмілася з выпускнікамі музычнага вучылішча, якія працавалі ў нас у музычнай школе. І яны сказалі: «Якая табе розніца?! Як у цябе ёсць добры слых, ты можаш рыхтавацца ў інстытут і ў той жа час падаць дакументы ў музычнае вучылішча».

І я паступіла туды ў ліпені — на спецыяльнасць «выкладчык музычна-тэарэтычных дысцыплін і агульнага фартэпіяна». Скончыла навучальную ўстанову з вялікім задавальненнем, а потым яшчэ і Інстытут культуры. І ў сваёй школе, са сваімі калегамі — з тымі дзяўчатамі, з якімі хадзіла на музычную літаратуру  і сальфеджыа — працую і па сёння.

Ведаеце, калі чалавек займаецца на працягу свайго жыцця тым, што ён любіць, гэта — свабода. А калі ён любіць тое, чым займаецца, — гэта шчасце. Мая прафесія — гэта частка майго жыцця. І хобі маё. Па сутнасці, гэта — тое, чым я жыву. І — атрымліваю асалоду ад таго, што раблю штодзённа. Імкнуся гэтаму ж навучыць і дзяцей, якія прыходзяць да мяне на заняткі. Мы з імі глядзім фільмы, у нас узнікаюць якіясьці агульныя тэмы. І гэта вельмі важна, асабліва сёння, калі і на тэлебачанні не шмат пачуеш класічнай музыкі, праўда? А ў нашым штодзённым жыцці яе фактычна няма…

Увогуле, я імкнуся не тое каб зрабіць дзяцей прафесіяналамі… Галоўнае, каб яны былі адукаванымі і культурнымі. Каб, паехаўшы вучыцца далей, у ВНУ, займаліся не толькі атрыманнем выбранай спецыяльнасці, а наведвалі музеі, выставы, філармонію… Я сама з’яўляюся гэтаму прыкладам, бо вельмі часта з братам наведваю такія мерапрыемствы.

Так сталася, што сярод выпускнікоў нашай музычнай школы я — апошняя вучаніца, якая абрала спецыяльнасцю музыказнаўства. Бо гэта — вельмі цяжкая спецыяльнасць у плане вучобы. Жадаючых больш не знайшлося.

Ганаруся тым, што вучыла ў свой час нашу Святлану Дзімохіну, якая ў наступным годзе заканчвае Акадэмію музыкі імя Гнесіных у Маскве. Я — настаўніца нашага вядомага музыканта Аляксандра Правасуда, Аляксандра Капцелава, якія — сярод маіх калег. Лічу, што ёсць і мая заслуга ў тым, што яны абралі музыку сваёй прафесіяй. А яшчэ ганаруся, што мы хаця і жывём у такім невялічкім раённым цэнтры, але наша школа мастацтваў з’яўляецца цэнтрам музычнай адукацыі і выхавання жыхароў Чэрвеньшчыны. Мы ладзім вечарыны, якія прысвячаем творчасці выдатных беларускіх музыкантаў, і важным датам — у гісторыі не толькі музыкі, але і культуры ўвогуле. Частымі гасцямі ў нас з’яўляюцца музыканты, якія працуюць у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Наша задача — выхоўваць не толькі падрастаючае пакаленне, але і дарослых…

Занатавала Святлана АДАМОВІЧ.  Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *