У ВЕЛІКАПОЛЛІ — СУЧАСНЫ МАЛОЧНА-ТАВАРНЫ КОМПЛЕКС

Аграрный сектор

Гэта не проста традыцыйная ферма, якую мы прывыклі бачыць, а з выкарыстаннем робататэхнікі.  Робаты-маніпулятары забяспечваюць догляд жывёлы, ажыццяўляюць пераддаільную падрыхтоўку і непасрэдна працэс даення. Удзел чалавека ў гэтых аперацыях зведзены да мінімуму. Каровы могуць аддаваць малако праз кожныя 8 гадзін. Разумны агрэгат праводзіць дыягностыку стану жывёлы і фіксуе ўзнікшыя адхіленні, забяспечвае санітарную апрацоўку даільнага абсталявання і вымя, самастойна выдае канцэнтраваны корм.

Будаўніцтва такіх комплексаў і мадэрнізацыя малочна-таварных ферм з прымяненнем  сістэмы рабатызаванага даення кароў праводзіцца ў адпаведнасці з даручэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтым прадугледжваецца павышэнне прадукцыйнасці працы, зніжэнне затрат на абслугоўванне, а таксама спажыванне энергіі, вады. І галоўнае — павелічэнне вытворчасці і якасці малака.

Памяшканне для ўтрымання жывёлы ў філіяле СГК “Велікаполле” КУП “Мінсктранс” выканана ў выглядзе арачнай канструкцыі і дазваляе падтрымліваць аптымальны цеплавы рэжым. Прасторнае стойла дазваляе каровам свабодна рухацца.

Устаноўленыя даільныя робаты  беларускай вытворчасці ААТ “Біакам тэхналогія” функцыянуюць як малочная лабараторыя, правяраючы малако не толькі на наяўнасць масцітных і малозіўных прымясяў, але і на змест бялка і тлушчу.

Распавядае Лізавета СУХАВА, выконваючая абавязкі начальніка малочна-таварнага комплексу  «ВЕЛІКАПОЛЛЕ»:

— На комплексе пакуль 100 дойных кароў і 80 нецяляў. Паступова будзем колькасць павялічваць. Ферма працуе ў тры змены. На дадзены момант у штаце адзін аператар, які працуе з робатам, і два падгоншчыкі кароў.  З васьмі робатаў выкарыстоўваем цяпер чатыры. Пры павелічэнні колькасці кароў будуць працаваць і астатнія.

Для нас, работнікаў, усё ў навінку і цікава. На ферме поўная аўтаматызацыя, нават халадзільнікі мыюцца самі.

Сістэма даення зроблена такім чынам, каб карова сама падыходзіла да агрэгата, на экране якога бачна ўся інфармацыя. Напрыклад, калі жывёліна своечасова не прыйшла да робата, то на экране высвеціцца яе нумар.

Напачатку каровы бянтэжацца, але потым інстынктыўна ідуць на дойку і да корму, які з’яўляецца ім своеасаблівым стымулам. Пасля першага даення кожнай  жывёліны робат запамінае ўсю важную індывідуальную інфармацыю — калі і як даіць  карову, яе асаблівасці.

У кожнай жывёліны ёсць свой нумар. Калі яна нядаўна ацялілася, то малако пойдзе ў другое аддзяленне. Апарат нельга падмануць! Ён ведае, калі карове цяліцца, калі пакрываць яе. А калі яна не зусім здаровая, то даіць не будзе, пакуль сітуацыя не зменіцца…

Асаблівых праблем пакуль не ўзнікае.  Праўда, трэбна разбірацца ў складанай тэхніцы, каб умець карыстацца ёю.

Як зазначыла напрыканцы размовы Лізавета Сухава, на гэтай ферме прыемна працаваць. Яна выказвае ўпэўненасць,  малако тут будуць атрымліваць толькі высокай якасці.

Кацярына ШУМКО.

Фота аўтара

На здымку аператар Аляксандр ЛЕШЧАНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *