«УЗДА» — ЧЭМПІЁН. НАША МЕСЦА — ТРЭЦЯЕ ЗЗАДУ…

Спорт

«Колас» (Чэрвень) — «Забудова-2007» (Маладзечанскі раён) — 1:4.

2 лістапада. Чэрвень. Гарадскі стадыён. Пераменная воблачнасць. 10 градусаў. 100 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Канашэвіч (Аўраменка, 46), Аладка, Шмідаў, Суша, Кулеш, Ліпніцкі, Шалабнёў, Красоўскі (Мрынскі, 46), Лаўрык, Чысты.

Гол у «Коласа»: Лаўрык (86).

 

Хатнім матчам з камандай «Забудова-2007» «Колас» завяршыў сёлетні чэмпіянат Мінскай вобласці.

У дэбюце сустрэчы нашы ігракі наладзілі некалькі вострых атак на вароты гасцей, але ніводную з іх не ўдалося завяршыць вынікова. Паступова маладзечанцы выраўнялі гульню і на 23-й хвіліне матча адкрылі лік. Здарылася гэта пасля таго, як наш абаронца Яўген Канашэвіч не па правілах спыніў саперніка ў сваёй штрафной пляцоўцы. Па іроніі лёсу пенальці біў былы футбаліст «Коласа» Віталь Палтаржыцкі. Варатар Аляксандр Курыловіч парыраваў яго ўдар з 11-мятровай адзнакі, але хтосьці з гасцей удала згуляў на дабіванні — 0:1. На жаль, на гэтым непрыемнасці для «Коласа» не скончыліся, а, можна сказаць, толькі пачаліся. Яшчэ да перапынку чэрвеньцы засталіся ўдзесяцёх: другую жоўтую картку атрымаў  Дзмітрый Чысты.

У другім тайме асноўныя спадзяванні нашых на поспех былі звязаны з выхадам на замену нападаючага Аляксандра Мрынскага. Ён і сапраўды быў самым прыкметным іграком на полі, але карысці гэта не прынесла. У другой палове тайма, захапіўшыся атакамі, чэрвеньцы яшчэ раз прапусцілі (пасля перапынку ў вароты стаў Арцём Аўраменка, а Аляксандр Курыловіч заняў месца палявога іграка). Затым Аляксандр Мрынскі «зарабіў» пенальці, аднак Аляксандр Курыловіч, які да гэтага двойчы ў сезоне вызначыўся з «кропкі», прайграў дуэль варатару. Яшчэ адна контратака гасцей, і лік ужо — 0:3. Зноў «зарабляе» пенальці Мрынскі, б’е сам і… не забівае.

Такі паварот падзей, падобна, увёў у шокавы стан не толькі балельшчыкаў, але і нашых футбалістаў. Спатрэбілася прапусціць чацвёрты гол, каб яны, нарэшце, на апошніх хвілінах гульні здолелі закаціць мяч у сетку варот «Забудовы-2007» — 1:4. Горкую пілюлю «падсаладзіў» Павел Лаўрык. Бясслаўны фініш «Коласа» не дазволіў яму ўтрымацца нават на дзясятым радку ў турнірнай табліцы. На жаль, наша месца — адзінаццатае, ці, як звычайна кажуць з іроніяй, трэцяе ззаду.

Ігар АДАМОВІЧ

 

Выніковая турнірная табліца чэмпіянату:

Г              В             Н             П             М            А

«Узда»                                   24            18            5              1       68-26             59

«Жодзіна-2007»                    24            17            4              1       54-26             55

«Маладзечна-

ДЮСШ-4»                              24            17            1              6       68-32             52

«Нёман-Агра»

(Стоўбцы)                            24            16            1              7       76-45             49

«Аграсервіс» (Слуцк)         24            12            3              9       56-46             39

«Клецк»                                  24            12            1              11     60-55             37

«Старыя Дарогі»                   24           12            1              11     42-51             37

«Лівадыя-Юні»

(Дзяржынск)                         24            12            0              12     70-39             36

«Забудова-2007»

(Маладзечанскі раён)         24            7              1              16     50-73             22

«Беразіно»                            24            6              2              16     29-70             20

«Колас» (Чэрвень)             24            6              1              17     35-80             19

«Зорка-РФОЦ-

Вікторыя» (М. Горка)           24            4              4              16     28-56             16

«Вілія» (Вілейка)                  24            3              4              17     31-72             13

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *