УРАЧЫСТА ПРЫНЯЛІ НАВІЧКОЎ У МУЗЫКАНТЫ

Общество

Аня Новік яшчэ толькі вучыцца правільна трымаць у руках скрыпачку і асвойвае нотную грамату. Але міне час і, мачыма, будзе  віртуёзна іграць на інструменце, як і яе выкладчыца Святлана Усеваладаўна Кузьміч. Дзяўчынцы гэтага вельмі хочацца.

Аня Новик

Мінулая пятніца для Ані і яшчэ 49 першакласнікаў музычнага аддзялення Чэрвеньскай школы мастацтваў была асаблівай і хвалюючай. Іх, навічкоў, пасвячалі ў музыканты. Урачысты вечар сабраў не толькі выхаванцаў і выкладчыкаў аддзялення, але і бацькоў, сяброў першакласнікаў.  Артыстычна вяла праграму Святлана Усеваладаўна, дарэчы, яна паказала і ўласнае цудоўнае майстэрства ігры на скрыпцы. Музычная п’еса гучала надта прыгожа, кранаючы ў слухачоў самыя патаемныя струны душы.  Выдатна саліраваў на баяне  і малады педагог,  выпускнік Чэрвеньскай школы мастацтваў Аляксандр Правасуд.

Пра кожны інструмент навічкам  не толькі распавядалі вершамі. Cтарэйшыя выхаванцы прадэманстравалі, чаму навучыліся самі за час вучобы — ігралі на баяне, акардыёне, фартэпіяна, флейце, цымбалах, гітары… Суправаджалі  ігру юных музыкантаў канцэртмайстары Любоў Яўгенаўна Доліч і Галіна Мікалаеўна Прышывалка.

Каб больш актыўна задзейнічаць у святочным вечары гледачоў, ім прапанавалі музычныя загадкі і гульні.  А напрыканцы першакласнікам падарылі памятныя медалі, якія прыгожа зрабіла з паперы выкладчыца Вераніка Уладзіміраўна Грышкевіч. У падрыхтоўцы ўрачыстасці  прымалі ўдзел таксама выкладчыкі Алена Віктараўна Ліхадзіеўская і  Святлана Міхайлаўна Дзімохіна.

Пасвячэнне ў музыканты — гэта ўжо традыцыя ў Чэрвеньскай школе мастацтваў. Ёй рады і дзеці, і дарослыя. З хваляваннем чакаюць юныя музыканты, з замілаваннем назіраюць за выступленнем  дараванняў бацькі. Як зазначыла выкладчык Святлана Усеваладаўна Кузьміч, апошнім часам у дзяцей павысілася цікавасць да музычных інструментаў.  Напрыклад, сёлета навучыцца іграць на скрыпцы пажадалі 11 дзяўчынак і хлопчыкаў.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *