НЯХАЙ ТВАЕ РУКІ, МАРЫЯ, НЕ ВЕДАЮЦЬ СТОМЫ…

Общество

Як вы ўжо, спадзяюся, заўважылі, шаноўныя чытачы, у нашу «раёнку» я звычайна дасылаю аповеды пра людзей, якія пакінулі адметны след у сваім жыцці. Гэта — сябры, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, настаўнікі, аднавяскоўцы… Я назіраю за іх жыццём-быццём. Штосьці з яго мяне зацікавіла, штосьці — уразіла… А штосьці — закранула струны душы… Сёння я хачу распавесці пра маю сяброўку, якая жыве ў Чэрвені, у доме па вуліцы М.Зяневіча — насупраць аўтавакзала. Завуць яе Марыя Мацвееўна Корзун.

Яна — ураджэнка вёскі Рэчкі, якая шмат гадоў таму з сям’ёй пераехала ў Чэрвень. Але наша сяброўства не перапыняецца і дагэтуль. Мы сустракаемся, стэлефаноўваемся, віншуем адна адну са святамі.

Марыя — прыемная, абаяльная, гасцінная жанчына з адкрытай душой. Кожнай нашай сустрэчы радуецца, як і я. Нам заўсёды ёсць пра што пагаманіць. Хапае часу, каб падзяліцца навінамі асабістымі, парадавацца за сваю сям’ю, родных. А калі ў некага з нас гора ці бяда, дык падтрымліваем адна адну. Дзверы яе дома заўсёды адчынены для мяне і іншых жыхароў вёскі Рэчкі. Не адзін раз там начавалі, калі было неабходна. І заўсёды яна частавала чаем, пірагамі. Вось такая ў мяне сяброўка.

Марыя Мацвееўна цэлы дзень у клопатах, трымае немалую гаспадарку. На гаспадарчым двары ў яе разгульваюць куры, козы, парсючок. Спраўляецца, у асноўным, сама, нягледзячы на шаноўны ўзрост. Дарэчы, выглядае прывабна, носіць акуратную вопратку, заўсёды з прычоскай.

Такі ж прывабны і яе падворак, дом з морам кветак. Асабліва ўпрыгожваюць двор ружы розных гатункаў і адценняў. Нібы вясёлка пануе ў яе кветніку! А ў доме — мора вазонаў, якія надаюць яму асаблівую ўтульнасць і прыгажосць. Проста не налюбавацца! Калі заходзіш у дом, нібы апынаешся ў свеце казак, у свеце прыемных летуценняў.

Яшчэ Марыя Мацвееўна мае агарод, дзе шмат чаго вырошчвае. Ёсць у яе і дыхтоўная цяпліца. Мая сяброўка заўсёды радуецца, калі здымае першы ўраджай агуркоў, памідораў, перцу… Ранняй вясной яе агарод захапляе бялюткай квеценню вішняў, а ўлетку — суцэльнай чырванню гэтых сакавітых ягад.

Марыя Мацвееўна, няхай заўжды твой двор і дом упрыгожваюць кветкі, а рукі твае працавітыя не ведаюць стомы! Здароўя табе зычу і даўгалецця!

Рэгіна ШАЛУПЕНКА, в.Рэчкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *