ІВАНІЦКАМУ ФАЛЬКЛОРНАМУ КАЛЕКТЫВУ — 40 ГАДОЎ. ІХ НАРОДНЫМ ПЕСНЯМ І АБРАДАМ УСЮДЫ ВЕЛЬМІ РАДЫ

Общество

З дзяцінства яе зачароўвалі мілагучныя песні адораных звонкімі, чыстымі, як вада ў неперасыхаючай крыніцы, галасамі  жанчын Аточнай Слабады і Іванічаў.

— Бывала, — узгадвае Аляксандра Венедзіктаўна Гаўрыльчык, — ідуць на сенажаць і пяюць, на жніво — пяюць, лён падымаць ці капаць бульбу — з песняй. Дамоў вяртаюцца напрацаваныя — таксама з песняй.

У яе роднай Аточнай Слабадзе мелі за звычай збірацца вольнай хвілінай у каго-небудзь на лавачцы, а зімой у хаце, дзе няспешныя  размовы абавязкова межаваліся з песнямі. Пра долю жаночую, даўнейшае жыццё, каханне, пра вайну… А калі выпадала якое свята, галасы вясковых жанчын да позняга вечара напаўнялі наваколле. Здавалася, у песнях пульсавала іх душа, жыццё з радасцямі і нягодамі. Асабліва краналі сэрца тыя, што калісьці спявалі іх матулі і бабулі. Гэтулькі неслі яны ў сабе жыццёвай мудрасці, натхнення і развагі, што нельга было не замілавацца.

Працуючы загадчыцай Іваніцкага сельскага клуба, 24-гадовая Аляксандра Гаўрыльчык загарэлася жаданнем аб’яднаць мясцовых  здольных спявачак у фальклорны гурт, каб захаваць і несці людзям са сцэны прыгажосць народных песняў. Далучыла да гэтай пачэснай справы бібліятэкара Валянціну Мацыганаву. Пачалі яны з Аточнай Слабады. Пагутарылі з найбольш галасістымі жанчынамі — і тыя згадзіліся выступаць у складзе фальклорнага калектыву. Не адкладваючы на доўгі час, Гаўрыльчык арганізавала першую рэпетыцыю. Было гэта напачатку кастрычніка 1973 года. Развучваць песні збіраліся вечарамі, і таму назвалі свой фальклорны калектыў “Вечарына”. З рэпертуарам складанасцей не ўзнікала: жанчыны шмат ведалі песень, некаторыя запісалі ад старэйшых жыхарак вёсак.

— Вучыць  асабліва не даводзілася, — гаворыць Аляксандра Венедзіктаўна. — Разам спяваць у іх і раней атрымлівалася: адна запявае, другая падцягвае — і пайшло…

У калектыве сабраліся вельмі адданыя народнай творчасці энтузіясткі. Улюбёныя ў мастацкую спадчыну, яны разам з Аляксандрай Венедзіктаўнай Гаўрыльчык апантана збіралі і адраджалі ў першароднай красе дыяменты фальклорнай скарбніцы.

— У кожнай — сям’я, гаспадарка, спраў — вышэй галавы, а, толькі скажы, — адразу тут, — з удзячнасцю зазначае Аляксандра Венедзіктаўна.

Калі арганізоўваліся, ніхто з іх не мог уявіць, які доўгі і славуты лёс будзе мець  фальклорны калектыў, адорваючы людзей сваімі прыгожымі спевамі і ствараючы ім свята.

Аляксандра Венедзіктаўна і сама —  як свята. Заўсёды вясёлая, з адкрытай добразычлівай усмешкай.

Імклівы творчы ўзлёт фальклорнага калектыву пачаўся з першымі выступленнямі перад працаўнікамі малочна-таварных ферм, на сельскагаспадарчых падворках мясцовага калгаса. Затым быў канцэрт у Іваніцкім сельскім клубе, пасля якога пасыпаліся запрашэнні ў суседнія вёскі — Клінок, Волму, Лежні, Чырвоны Бераг і іншыя.  А неўзабаве ўжо са сцэны раённага Дома культуры кранальна ліліся з самых патаемных куточкаў сэрцаў удзельніц гэтага фальклорнага калектыву народныя песні. Вярнуліся дамоў, акрыленыя гарачымі апладысментамі і першай узнагародай — Граматай раённага аддзела культуры, у якой было сказана: “За творчыя поспехі і актыўны ўдзел у развіцці мастацкай самадзейнасці”.

Цяпер ужо ні адно свята ў раёне не абыходзілася без гэтых таленавітых спявачак. А калі па розных жыццёвых абставінах некаторыя вымушаны былі пакінуць калектыў, на змену ім прыйшлі Марыя Дзянісаўна Ладуцька, Марыя Мікалаеўна Ладуцька, Марыя Міхайлаўна Панцілей, Ніна Нікіцічна Слабодчыкава, Валянціна Фёдараўна Верына, Наталля Пятроўна Корзун, Марыя Фёдараўна Карасік, Лідзія Паўлаўна Карнейчык, Ганна Мікалаеўна Колас, Зоя Мікалаеўна Ладуцька, Паліна Мікалаеўна Дзяржынская, гарманіст Мікалай Іванавіч Ладуцька. Фальклорныя песні спявалі без музычнага акампанемента. А ў абрадах, танцах, частушках суладна спеўным жаночым галасам на ўсю моц гучаў яго гармонік.

Пра кожную са спявачак распавядае  Аляксандра Венедзіктаўна Гаўрыльчык з вялікай пашанай.

— Марыя Дзянісаўна Ладуцька працавала даяркай, — узгадвае яна. — Дык часам прыбяжыць на рэпетыцыю, а ў руках вузельчык з ежай. Кажа: “Дзяўчаты, я яшчэ не вячэрала, вось паем і будзем спяваць…”  Няпроста было вымеркаваць час і другой даярцы — Марыі Фёдараўне Карасік. Але і яна спяшалася на рэпетыцыі, канцэрты. А калі хтосьці спазняўся, чакалі.

Не абмінула калгасная праца і Аляксандру Венедзіктаўну. Зарплата ў загадчыцы клуба была невялікая, а ў сям’і — трое дзяцей. Мужа на два гады накіравалі ў Мар’іну Горку на вучобу. Дазнаўшыся пра гэта, добразычлівы загадчык аддзела культуры Міхаіл Іосіфавіч Раманенка дазволіў ёй падзарабляць у мясцовай гаспадарцы. Са сцелішчаў падымала і вязала льнотрасту, грузіла яе на машыны, перабірала бульбу… Старалася і там, і ў клубе.

Першай памочніцай у яе была аўтарытэтная сярод жанчын Лідзія Паўлаўна Карнейчык з мясцовага фельчарска-акушэрскага пункта. Больш за трыццаць гадоў прысвяціла яна “Вечарыне”. Разам складалі сцэнарыі канцэртаў, абрадавых выступленняў.

З удзельнікамі фальклорнага калектыву “Вечарына” Аляксандра Венедзіктаўна шмат зрабіла для адраджэння мясцовых абрадавых святаў народнага календара і сямейна-бытавога накірунку. У прыватнасці,  “Свята першага снапа”. Успомніла яго Гаўрыльчык. У дзяцінстве бачыла яна, як дарослыя ладзілі гэтае свята. Цяпер яно ў рэпертуары фальклорнага калектыву. Пра змест яго распавядаюць Аляксандра Венедзіктаўна  і цяперашні дырэктар Іваніцкага Дома фальклору Раіса Мікалаеўна Арэхава:

— Жанчыны ў святочным фальклорным убранні — вышытых сарочках, фартушках, андараках, лёгкіх белых хустачках — з сярпамі, кветкамі і песнямі ідуць на поле. Найперш зачытваюць малітву. Затым з жыта робяць паясы і завязваюць іх жнеям, каб спіны не балелі. Пад песні зажынаюць першы сноп. Пасля яго ўпрыгожваюць кветкамі, перавязваюць каляровымі стужачкамі. Па традыцыі сноп трэба аднесці ў тую хату, дзе з’явілася ў гэтым годзе нявестка. Там загадзя ведаюць, што завітаюць жнейкі, і рыхтуюцца іх гасцінна сустрэць.

Апошнім разам гэтая дзея адбывалася ў шматдзетнай сям’і Зоі Віктараўны Тоўсцік. Разам з нявесткай Валяй  хлебам і соллю на вышытым рушніку на парозе хаты віталі яны жней. Тыя ўзнёсла шмат пажаданняў ім сказалі: каб здаровымі былі маладыя, жылі ў каханні і згодзе, дзетак нараджалі і ў радасці гадавалі, уласную хату пабудавалі, бацькоў шанавалі… І шмат іншага, што хочуць для сябе маладыя сем’і.

У адпаведнасці з абрадам нявестка абавязана пакрыць сноп хустачкай ці матэрыяй і перад жнеямі паднесці свякрусе падарунак.  Так было і гэтым разам. Затым за гасцінна накрытым сталом частавалі жнеяк…

— Гэты абрад упадабалі ў нашай мясцовасці, — гаворыць Аляксандра Венедзіктаўна. — І цяпер тыя, хто дакладна ведае, што хутка будзе жыць у іх хаце нявестка, самі запрашаюць фальклорны калектыў “Вечарына”.

Сярод іншых абрадаў у яго рэпертуары — “Улазіны” (наваселле ў новай хаце), “Дажынкі” (свята апошняга снапа), “Завіванне бярозкі” (на Сёмуху павязваюць на бярозцы стужкі, загадваюць жаданні, ладзяць конкурс тых, хто хутчэй развяжа стужкі, водзяць карагоды), “Масленіца”, “Вячоркі” і іншыя. Кожны з іх мае свой сэнс.

Цікавая асаблівасць мясцовай народнай культуры — ”Іваніцкі кірмаш”, які здавён ладзілі тут на свята Міхала (21 лістапада). З вечара гаспадыні гатавалі розныя беларускія прысмакі — верашчаку, застыліцу (халадзец), смажылі гуся, рабілі сыры, тварог. Напярэдадні свежавалі кабана, таму былі каўбаса і сала. Прыбіралі ў хаце. Назаўтра прыходзілі сваякі, суседзі… Наведваліся і з навакольных вёсак — Волмы, Турына, Чырвонага Берагу, Угальца, Пальчыка… Падарункамі ўшаноўвалі гаспадароў хаты, разам частаваліся, спявалі, расказвалі, які ў каго ўраджай, што на зіму нарыхтавалі.

Такія калектыўныя банкетаванні моцна аб’ядноўвалі вяскоўцаў. Удзельнікі фальклорнага калектыву аднавілі і таксама ладзяць “Іваніцкі кірмаш”.

А на Каляды, Вялікдзень яны валачобнічаюць.  Апранутыя ў народныя строі,  яны нават у Чэрвень трапляюць, дзе народнымі жартамі і песнямі забаўляюць людзей.

За сорак гадоў існавання Іваніцкі фальклорны калектыў аб’ездзіў з канцэртамі ўсю Чэрвеньшчыну (часам на падводах), выступаў за межамі раёна, прымаў удзел у фальклорных конкурсах, адзначаўся шматлікімі ўзнагародамі.  У яго рэпертуары больш як 60 песняў. Самы росквіт “Вечарыны” прыпаў на 90-ыя — пачатак 2000-ых гадоў. Тады тут існаваў і маладзёжны калектыў. Але з цягам часу абяднелі вёскі на юнакоў і дзяўчат. Цяпер у фальклорным калектыве з 13 чалавек толькі дзве дзяўчыны.

 

У 2001 годзе Іваніцкі сельскі  клуб пераўтвораны ў Дом фальклору. Да гэтага непасрэднае дачыненне мае і яшчэ адна адметная падвіжніцкая праца Аляксандры Венедзіктаўны Гаўрыльчык… Але пра тое — наступным разам.

Аляксандр БУШЭНКА.

Фота Эмы Мікульскай і з альбома “Вечарыны”

 



1 комментарий по теме “ІВАНІЦКАМУ ФАЛЬКЛОРНАМУ КАЛЕКТЫВУ — 40 ГАДОЎ. ІХ НАРОДНЫМ ПЕСНЯМ І АБРАДАМ УСЮДЫ ВЕЛЬМІ РАДЫ

  1. Наша тётя Шура — вообще замечательный человек, удивительный человек! Яркий, жизнерадостный, талантливый, открытый! Дай Бог ей здоровья и счастья!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *