ШЛЯХ НА ГАЛГОФУ

Общество

Летувісы ля помніка. 1991

у №№ 185-186)

Пачынаючы з 1995 года штогод  у канцы месяца чэрвеня, каб прыняць удзел у  Жальбінах, да нас з польскага горада Гдыня  прыязджала пані Яанна Станкевіч-Янушчак, гераічная жанчына, якая прайшла «маршам смерці» з Мінска ў Чэрвень жудасным летам 1941-га. Яна нарадзілася 26 ліпеня 1920 года ў заходне беларускім горадзе Ліда ў сям’і  Станкевічаў. З лістапада 1939 года належала да падпольнай  моладзевай  арганізацыі  ў Лідзе. У траўні 1940 года разам з сябрамі арыштаваная  энкавэдыстамі. Пасля шасцімесячнага следства ў Баранавічах яе групу ў складзе шаснаццаці асобаў перавезлі ў студзені 1941 года на судовы працэс у Мінск. 29 студзеня 1941 года  Вайсковая Камісія Вярхоўнага Суда СССР пад старшынёўствам генерал-палкоўніка Ульрыха вынесла прысуд патрыётам. 17 лютага 1941 года былі растраляныя  тры сябры, у тым ліку і нарачоны Яанны — Багуслаў Венжык. Сама ж Яанна атрымала пяць гадоў турэмнага зняволення і тры гады ссылкі.

Вось перада мною карціна «Вайсковая калегія», намаляваная польскай мастачкай Марыяй Багдановіч. За сталом прэзідыума стаіць пракурор Афанасьеў, у цэнтры сядзіць Ульрых. А спераду ў атачэнні энкавэдыстаў  падсудныя — гераічная моладзь Ліды і сярод іх дзяўчынка — Яанна Станкевіч. Гэтую рэпрадукцыю даслала мне пані Яанна ў сваім апошнім пісьме ад 2 чэрвеня 2007 года.   Пачынаючы з 2005 года стан здароўя не дазваляў ёй даехаць да Чэрвеня.

Вайна застала Яанну ў цэнтральнай мінскай турме.  Вось што яна пісала мне ў сваім апошнім лісце: «Сэрцам буду з вамі на Цагельні  24 чэрвеня, бо гэта дзень, у які пачалася эвакуацыя. Памятаю тую ноч. Мінск палаў. Валіліся сцены дамоў, а нас падганялі «Давай скорей! Не отставай!» Спатыкаліся аб руіны, і падалі на нас палаючыя галавешкі. А мы ішлі, не ведаючы куды і навошта. На світанку выйшлі з гораду, і тады пачалі расстрэльваць тых, хто аслабеў. То была сапраўдная Галгофа. Пасля халоднага ранку сонца каля поўдня пякло ўжо неміласэрна. Былі мы галодныя, змучаныя, спрагнутыя. Пот ліўся з нас струменямі. Помню, спынілі нас на нейкім лугу, то вязні пілі нават ваду з ямак, зробленых кароўімі капытамі. Прага была мацнейшая за здаровы розум. Увесь час гучалі стрэлы. Гэта гінулі тыя, каго пакінулі сілы. Пасля таго, як праходзіў наш канвой, усе канавы ўздоўж шашы былі поўныя трупаў. Дарога ад Мінска да Чэрвеня — гэта крыжовая дарога, бо кожны яе метр паліты крывёю, і яна павінна быць азначана як могілкі — крыжамі».

Пасля вайны пані Яанна пасялілася ў Польшчы. Усё сваё жыццё яна была верная памяці сяброў, якія былі асуджаныя  разам з ёю, і тых людзей, што загінулі на «дарозе смерці». На працягу больш сарака гадоў нельга было расказаць пра гэта. Але яна збірала дакументы і фатаграфіі, сведчанні людзей, удзельнікаў тых падзей. Усё тое, што можна будзе паказаць у лепшыя часы. І гэта стала магчымым  у Польшчы пасля 1990 года.

Пані Яанна напісала некалькі кніг. У 1999 годзе у Варшаве  пабачыла свет яе кніга «Марш смерці. Эвакуацыя вязняў з Мінска ў Чэрвень

Яанна Станкевіч-Янушчак 2002

24-27 чэрвеня 1941 г.»  Фрагменты з гэтай кнігі пераклаў на беларускую мову ўраджэнец Чэрвеньшчыны, беларускі гісторык і літаратуразнавец, грамадскі дзеяч, доктар філалагічных навук, кандыдат гістарычных навук Аляксей Каўка. Яны надрукаваныя ў «Краязнаўчай газеце» № 6 (71) і № 7 (72) ў лютым 2005 года. Затым  у 2002 годзе выйшла яе кніга «Сёння кажу людзям, што сказала Богу». Гэта не толькі абаяльная аўтабіяграфія аўтаркі, але і кніга аб патрыятызме, яго крыніцах, і, ў першую чаргу, аб патрыятызме моладзі. А ў апошнія гады жыцця яна напісала кнігу аб сваіх сябрах з Ліды «Канспірацыя 1939-41 у Лідзе і павеце лідскім».

Маю  я  два дакументальныя фільмы, у якіх здымалася пані Яанна  — «Марш смерці» і «Сведкі: то не быў страшны сон».  Апошні фільм прысвечаны Жальбінам  2000-га года: шэсце  ад турмы да Цагельні, адкрыццё капліцы-помніка «Pieta», прамова пані Яанны. У яе слове выявілася высакароднасць, мудрасць, здольнасць даць годную ацэнку гістарычным падзеям. Яна паказала сябе як сапраўдная хрысціянка: адсутнасць нянавісці, толькі стойкасць і энергічнасць у пошуках  праўды і справядлівасці.

Пані Яанна Станкевіч-Янушчак памерла 5 верасня 2007 года пасля непрацяглай хваробы ў атачэнні блізкіх, любячых яе людзей. Цяпер яна сустрэлася з тымі, аб ушанаванні памяці каго клапацілася ўсё сваё жыццё. Няхай спачывае ў спакоі.

У сувязі з 50-годдзем расстрэла на Цагельні Саюз былых палітзняволеных Літвы і Мартыралог Беларусі звярнуліся да старшыні Чэрвеньскага райвыканкаму з просьбаю дазволіць правесці Жальбіны — памінанне загінулых тут людзей. Доўгія і няпростыя перамовы з уладамі вялі намеснік старшыні Саюза былых палітзняволеных з Літвы Антанас Стасішкіс і адна з кіраўнікоў Мартыралогу Беларусі Мая Кляшторная. Дазвол нарэшце быў атрыманы. I, хоць амаль на месяц пазней чым меркавалася, 20 ліпеня 1991 года на Цагельні адбыліся жалобныя ўрачыстасці, у якіх прынялі ўдзел сотні грамадзянаў Беларусі і Літвы.

Пачынаючы з гэтага часу, кожнае лета я сустракаю на Цагельні і слухаю пранікнёныя, бяручыя за душу словы гэтай невялічкай, сівой, спакутаванай, але мужнай і поўнай любові да людзей жанчыны. Мая Тодараўна Кляшторная… Яе ведае кожны свядомы беларус. Дачка выдатнага паэта Тодара Кляшторнага (1903-1937), які загінуў у той пякельны час разам з цэлым пакаленнем беларускіх літаратараў. Маці Маі — Яніна Міхайлаўна Германовіч (1909-1959) — наша зямлячка, яна нарадзілася ў вёсцы Хутар, што каля Раванічаў. Адразу пасля расстрэла мужа яна была асуджана на восем гадоў і з Маяй, якая толькі-толькі нарадзілася, была сасланая ў паўночны Казахстан, у гэтак званы АЛЖИР (Акмолинский лагерь жён изменников Родины). Дзве старэйшыя дачушкі былі ўзятыя на выхаванне сваякамі, а затым уладкаваныя ў дзіцячы прытулак.

Калі Mai споўнілася пяць гадоў, яе аднялі ад маці і накіравалі ў дзіцячы прытулак. Маці адбыла ў зняволенні дзесяць гадоў, забрала з прытулку вельмі хворую дачушку, і яны перасяліліся ў Сібір. Толькі вясной 1955 года вярнуліся ў Беларусь, на Браслаўшчыну, дзе жылі бацькавы сваякі. Мая скончыла тэхнікум у Мінску, затым завочна маскоўскі інстытут, стала кваліфікаваным архітэктарам. Прыйшло каханне, нарадзіла двух дачок. Да выхаду на пенсію працавала ў Белпрампраекце.

Мая Тодараўна вярнула Беларусі яе нацыянальнага паэта, свайго бацьку, кнігякога не засталося ў бібліятэках. Яна пазнаёмілася з людзьмі, якія зналі Тодара Кляшторнага, даведалася, які ён быў чалавек. Па падшыўках 20-30-х гадоў сабрала бацькавы вершы. У выніку выдавецтва «Беллітфонд» у 2003 годзе выдала кнігу выбраных вершаў Тодара Кляшторнага «Сляды дарог».

Другі клопат спадарыні Маі — Курапаты, месца, дзе разам з тысячамі лепшых сыноў і дачок Беларусі спіць яе бацька. Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь архітэктар Мая Кляшторная назначана навуковым кіраўніком гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты». Менавіта яна была ініцыятарам і арганізатарам выкананага гэтым летам грамадскага праекту — узвядзення ў нацыянальным некропалі памежных камянёў.

«Я шчаслівая, — сказала мне ў нашай размове Мая Тодараўна.- Шчаслівая таму, што змагла зрабіць вялікую работу. А зрабіць трэба яшчэ шмат». Пажадаем ёй здароўя і доўгага жыцця на карысць нашай Беларусі. I яшчэ: у канцы жніўня спадарыня Мая стала прабабкай, унучка нарадзіла хлопчыка. Хай ён расце і мацнео, хай будзе шчаслівы і варты сваіх выдатных продкаў.

 

Гэтым летам сустрэў мяне на вуліцы Іван Іванавіч Калтовіч, што жыве ў Чэрвені:

— Я помню, як вы прыязджалі ў Лысую Гару.  Васіль Іванавіч Казлоўскі — мой дзядзька, служыў да вайны ахоўнікам у чэрвеньскай турме. Ён паказаў вам магілы. Мне таксама паказваў. Але лес зарос, і я іх ужо больш не знаходжу. А раней, у дзяцінстве, калі прыходзілася пасвіць кароў, то дзве з іх абавязкова разграбалі капытамі зямлю і хрумсталі чалавечыя косці. Прыходзілася адганяць кароў  і засыпаць магілы.

Успомніў я гэтую паездку на рэдакцыйнай машыне  разам з тады яшчэ зусім маладым супрацоўнікам раённай газеты «Уперад» Ігарам Адамовічам. Я меўся прадоўжыць цыкл нарысаў  «Курапаты Чэрвеньшчыны», але нешта здарылася, мяне пакінула натхненне, а без яго — нічога не напішацца…  І вось неўзаметку прайшло дваццаць два гады…

Аб месцах расстрэлаў ля Магілёўскай шашы я даведаўся ў 1989 годзе і пісаў у нарысах «Курапаты Чэрвеньшчыны».

Вось што паведаміў ветэран вайны і працы  Мікалай Аляксеевіч Краснагір:

» А ў 41-м не ўсіх зняволеных, што гналі з Мінска напярэдадні акупацыі давялі да Чэрвеньскай турмы. Адну калону расстралялі  на шашы ля Кукалеўскага поля» («Уперад», 29 чэрвеня 1989 года).

Ад Івана Адамавіча Тамашэвіча з вуліцы Караленкі пачуў: «Аб’езчык лясніцтва Янка Пархімовіч расказваў, што ў ноч з 18-га на 19-га жніўня 1937 года шэсць машын людзей расстралялі на Магілёўцы — перад паваротам на Рудню Астравітую» («Уперад», 9 верасня 1989 г.)

А вось што сказаў сталяр ПТВ-80 Пётр Канстанцінавіч Сіліч: «Праўду вы пісалі пра расстрэл ля Кукалеўкі. Я з Крываполля. Калі пачалася вайна, у арміі быў. Але чуў потым ад сваіх аднавяскоўцаў, што канваіры сагналі калону зняволеных з шашы на бок і пачалі расстрэльваць. Чырвонаармейцы, якія адступалі на ўсход, абаранілі:

— Што вы робіце, душагубы! Фашыстаў страляйце, а не сваіх.

Астатніх павялі далей, у Чэрвеньскую турму» («Уперад», 16 верасня 1989 года).

Цяпер мы павінны ўбачыць гэтыя месцы ўласнымі вачыма. 6 жніўня 1991 года выпраўляемся ў шлях. Праязджаем ля леса, што справа ад шашы, паміж дарогамі, якія ідуць — першая — на Лысую Гару, а другая — на Дыю, яшчэ не ведаючы, што менавіта тут адбыліся абодва дзеянні гэтай трагедыі. У Кукалеўцы і Лысай Гары сустракаемся са сведкамі тых падзей, слухаем іх аповяды.

Забягаючы наперад, скажу, што месца растрэлаў 1937 года знаходзіцца метрах у двухстах ад шашы, паблізу лысагорскага поля і называюць гэтае ўрочышча Дубаў Мост, бо як патлумачыў Дзімітрый Ільіч Калтовіч з вёскі Лысая Гара, тут калісь да пракладкі шашы быў масток праз лажбіну, а побач рос вялізны дуб. А месца растрэла 1941 года — Кукалеўская Паваротка — у гэтым жа лесе ля самай шашы, ля Кукалеўскага поля, у рагу паміж шашой  і дарогай на Дыю.

Вось што паведаміў у вёсцы Кукалеўка Елісей Васільевіч Дадалка, 1920 года нараджэння, ураджэнец вёскі Лысая Гара, інвалід Вялікай Айчыннай вайны: «У 1937-м расстрэльвалі некалькі дзён. Было цёпла. Месяцы тры ахоўвалі гэтыя два месцы. Маскіравалі: закрывалі мохам, утыкалі хвойкі. Скаціна раскапвала магілы, выцягвала ногі ў лапцях, сялянскія світкі».

У Кукалеўцы сустрэлі мы перадваеннага старшыню калгаса «Чырвоны маяк» Юрыя Савельевіча Бандаровіча, 1901 года нараджэння. Ён завёў нас на Кукалеўскую Паваротку: «Вось тут іх расстралялі, навалам ляжалі. Сотні дзве. А трохі далей, там, дзе падвойная елка, — яшчэ некалькі чалавек, веерам, тварам уніз. Я паслаў калгаснікаў, пазасыпалі». Яго словы падцвердзіла жыхарка Кукалеўкі Марыя Трафімаўна Макейчык: » Сотні дзве забітых. А ў той групе, што воддаль, чалавек восем. Нехта загадаў ім легчы ніц і пастраляў у патыліцу. Закопвалі  жанчыны і старыя з Лысай Гары, бо маладых мужчын ужо не было — іх мабілізавалі».

У Лысай Гары Казлоўскага не засталі дома: з Чэрвеня прыехала аўтакрама, і Васіль Іванавіч пайшоў у цэнтр вёскі па хлеб. Сталі чакаць. Праз паўгадзіны той вярнуўся, несучы паўмяшка хлеба (у той час камбікармоў не было, і жывёлу печаным хлебам кармілі). Чалавек невысокага росту, цяжкі, насцярожаны погляд. Але даведаўшыся, хто мы і што нам трэба, падабрэў. 25 чэрвеня 1941 года, па яго словах, быў у Мінску, таму ў расстрэле ля Кукалеўскай Павароткі не мог удзельнічаць. Магілы 1937 года ведае і пакажа. Пайшлі. Вось у лесе сцежка, справа ад  яе, у бок поля, магілы. А  далей,  там, дзе на сцежцы цвіце скрыпень, яшчэ магілы.

Сустракаліся мы і з іншымі людзьмі, старымі і маладзейшымі, ўсе іх сведчанні супадаюць. А вось гісторыя, якую прыйшлося чуць некалькі разоў. Толькі гэтага хлопца-прызыўніка кожны раз называлі па-рознаму — то Антось, то Міхась, то яшчэ неяк. А можа гэта некалькі падобных гісторый і  ўсе сапраўды здарыліся. Тутэйшага хлапца прызывалі ў войска — аддаць доўг Радзіме. Вечарам з сельсавета ён вяртаўся дадому праз Дубаў Мост. Тут яго затрымалі энкавэдысты, дапыталі, зразумелі, што гэта ніякі не польскі шпіён, і адпусцілі. А адзін пажартаваў нават: «Служы, служы, толькі не ідзі служыць у НКВД».

У лісце з Гдыні ад 15 сакавіка 2005 года пані Яанна Станкевіч-Янушчак пісала мне: «На жаль, я ўжо падарожнічаць не магу. Гэта ўжо для мяне надта пакутліва, а так бы я хацела, каб на Кукалеўскай Паваротцы стаў хаця б невялікі крыжык для тых, хто там загінуў 25 чэрвеня 1941 года. Гэта вязні з камер 91, 92 і 93 цэнтральнай турмы Мінска. То былі надта вялікія камеры — па 120-200 асобаў, а ацалела ўсяго 16 чалавек».

Спі спакойна, дарагая пані Яанна! Крыж на Кукалеўскай Паваротцы стаіць. Яго паставілі ў 2008 годзе сябры таварыства «Мемарыял».

Уладзімір Дарагуж,

краязнаўца

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *