АД ШКОЛЫ МЕХАНІЗАЦЫІ — ДА ЛІЦЭЯ

Общество

(Працяг. Пачатак ў №№ 185-186)

РОСКВІТ

К сярэдзіне 60-х гг. выпрацавана тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне стварэння навучальнага комплексу новага тыпу. Пачалося яго праектаванне, а затым і будаўніцтва.

Фундамент творчага калектыву, які забяспечыў росквіт вучылішча, склаўся ў 50-60-я гг. З інстытутаў, тэхнікумаў прыйшло шмат маладых, пісьменных, здольных, ініцыятыўных спецыялістаў: А.П. Даўгалевец, У.І. Іваноў, муж і жонка Чупрынскія, Г.С. Дыба, Л.І. Цялюк, М.Дз. Лухверчык, У.Е. Лухверчык, А.Я. Грыб, Г.А. Смольскі, Я.У. Рыхтар, В.В. Багамолаў, А.С. Саўчык, З.П. Юрчанкова, Я. Юрчанкоў, М.П. Русак, Ф.С. Шосцік, І.П. Ярашэвіч, Р.М. Ярашэвіч, З.П. Русак, У.А. Кулікоў, Р.Я. Кулікова, І.І. Сяцко, М. І. Гаўрыловіч, Ф.Р. Драцкі, В.П. Корсік, В.А. Корсік.

Росквіт вучылішча пачаўся з увядзеннем у эксплуатацыю ў 1969 г. трохпавярховага навучальнага і грамадска-бытавых карпусоў, вытворчых йстэрняў, інтэрната, кацельнай. Утварыўся  навучальны гарадок. Ён адпавядаў стандартам тагачасных замежных навучальных устаноў такога тыпу. Такіх у Беларусі яшчэ не было. У наступныя гады ўпарадкавана тэрыторыя: створаны травяныя дываны, заасфальтаваны дарогі. Навучэнцы і педагогі з вялікай ахвотай удзельнічалі ў шматлікіх суботніках.

Вучылішча стала піянерам арганізацыі кабінетнай сістэмы навучання і выхавання. Па кожнаму прадмету за кароткі тэрмін былі створаны выдатна абсталяваныя сучаснай тэхнікай і мэбляй кабінеты. Навучэнцы жылі ў прыгожым і ўтульным інтэрнаце.

Педагогам дзяржава пабудавала ў 1971 годзе 24 кватэрны дом.

У пачатку 70-х гг. вучылішча пачынае спецыялізавацца ў падрыхтоўцы механізатараў для меліярацыі, якая у тыя гады набыла шырокі размах. Шмат сіл аддалі ўсталяванню навучання па меліярацыйных спецыяльнасцях А.М. Мацюхін, М.І. Сержанкоў, А.С. Саўчык, Ф.С. Шосцік, М.П. Русак, У.К. Курыла, І.П. Ярашэвіч. Для хутчэйшага і якаснага авалодання новай тэхнікай пачалі выкарыстоўваць трэнажоры. Адзін сканструявалі майстры вытворчага навучання В.І. Фісенка і Л.І. Цялюк. Атрымаўся вельмі добры, нават экспанаваўся на Усесаюзнай выставе ў Маскве.

Згодна з Пастановай СМ СССР ад красавіка 1969 г., установа ў 1971 г. атрымлівае статус сярэдняга прафесіянальна-тэхнічнага вучылішча. Выпускнікі пачалі атрымліваць не толькі спецыяльнасць, але і сярэднюю адукацыю. Ля вытокаў укаранення  стаялі М.В. Астрэйка, У.М. Хіневіч, М.І. Галуза, В.О. Ваўчок, Р.М. Ярашэвіч, В.А. Галуза, У.С. Аляхновіч, А.І. Аляхновіч, І.Д. Паўлікава. На шматлікіх семінарах яны перадавалі свой вопыт выкладчыкам іншых вучылішчаў.Сфарміравалася навучальная ўстанова новага тыпу.

Дзейсная і цікавая выхаваўчая работа вялася пад кіраўніцтвам намесніка па выхаваўчай рабоце В.І. Нізаўцова. Актыўна працавалі грамадскія вучнёўскія арганізацыі, асабліва прафсаюзная на чале з М.С. Галаўнёвым. Праводзілася шмат паходаў па месцах баявой славы, конкурсаў мастацкай самадзейнасці, спаборніцтваў па фізкультуры, пачатковай ваеннай падрыхтоўцы.

Калектыў актыўна і мэтанакіравана займаўся прафесіянальнай арыентацыяй сельскай моладзі. За кожным выкладчыкам быў замацаваны раён. Яны наведвалі вёскі, школы, вялі размовы з бацькамі. Выдаваліся спецыльяныя лістоўкі аб вучылішчы і прафесіях. Такім чынам забяспечваўся планавы прыём.

У 1972 г. за высокія дасягненні ў спаборніцтве ў гонар 50-годдзя ўтварэння СССР вучылішча ўзнагароджваецца Ганаровай граматай ЦК КПБ, Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і Савета Міністраў рэспублікі.

У гэты час колькасць навучэнцаў дасягнула 1300 чалавек. Пачаў адчувацца недахоп навучальных месцаў. Таму будуюцца яшчэ чатырохпавярховы корпус, пяціпавярховы інтэрнат. Значная ўвага надаецца стварэнню спартыўнага ядра комплексу. Уласнымі сіламі зрабілі хакейную пляцоўку, стварылі каманду, якая ў хуткім часе пачала паспяхова выступаць на спартакіядах. Шмат намаганняў у гэту справу ўклалі старшыя майстры У.К. Курыла, М.П. Русак, к.раўнік фізічнага выхавання Г.А. Тарасевіч, выкладчыкі Л.А. Буйло, М.В. Розум.

Прызнаннем дасягненняў калектыву з’явілася тое, што ў 1977 г. у вучылішчы прайшла Усесаюзная нарада работнікаў прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі. З таго часу яно стала пастаяннай базай для правядзення шматлікіх семінараў і розных эксперыментаў, наведвання іншаземных дэлегацый.

З 1979 г. шмат увагі ў вучылішчы надаецца паляпшэнню быту навучэнцаў і супрацоўнікаў. Узводзіцца сталовая на 450 месц, 45-кватэрны жылы дом, рэканструюецца кацельня, пашыраюцца вытворчыя майстэрні, праводзіцца ўнутраная перабудова інтэрнатаў.

За дасягненне высокіх паказчыкаў ва Усесаюзным спаборніцтве ў 1978/79 навучальным годзе вучылішчу прысвойваецца званне » Лепшае меліярацыйнае вучылішча». У 1982 г. ганаровае званне прысуджаецца ў другі раз. У гэтым вялікая асабістая заслуга дырэктара М.І.Сержанкова, яго намеснікаў Шосціка Ф.С., Саўчыка А.С., Ярашэвіча І.П., Астрэйкі М.В. і Осіпчыка У.У. Яны арганізавалі навучальна-выхаваўчы працэс на такім высокім узроўні, што, нягледзячы на вялікую колькасць навучэнцаў, вучылішча не ведала выпадкаў правапарушэнняў, мела высокую паспяховасць, замацаванасць навучэнцаў на вытворчасці.

Меліярацыі сельскай гаспадаркі пастаянна патрабавалася шмат кадраў. Вучылішчы не заўсёды маглі задаволіць іх попыт шляхам падрыхтоўкі непасрэдна на ўласнай базе. Смілавіцкае ПТВ-23 з’явілася першапраходцамі ўкаранення навучання па месцы жыхарства людзей, якія па нейкіх прычынах не мелі магчымасці выехаць з дому і ў свой час атрымаць прафесію. Непасрэдна ў калгасах, саўгасах, на прадпрыемствах меліярацыі стварылі філіялы вучылішча. Гэта была мэтанакіраваная, эфектыўная і танная форма прафесіянальнай адукацыі. Выпускнікі добра замацоўваліся на вытворчасці, бо вучоба непасрэдна спалучалася з працай на канкрэтным працоўным месцы. Філіялы вучылішча дзейнічалі ў Бярэзінскім, Лагойскім, Пухавіцкім, Мінскім, Чэрвеньскім і іншых раёнах. Эксперымент вытрымаў выпрабаванне часам. Вялікая заслуга ў гэтай справе загадчыка філіялаў, кандыдата тэхнічных навук А.П. Даўгалеўца, якія ён узначальваў шмат гадоў. Яны лічыліся лепшымі ў БССР.

У 1985 г. вучылішча атрымала нумар 203.

Пад кіраўніцтвам дырэктара С.Дз. Анціпенкі, які ўзначаліў вучылішча ў 1987 годзе, прадоўжыўся пошук новых форм навучання і выхавання моладзі, удасканальвалася матэрыяльна-тэхнічная база вытворчага навучання. Для задавальнення патрэб навучальнага працэсу па спецыяльнасцях для дзяўчынак пабудавалі цяпліцы, а для шафёраў — лабараторыі па аўтасправе.

Непазнавальна змянілася аблічча навучальнай гаспадаркі, калі за кароткі тэрмін гаспадарчым метадам рэканструявалі малочную ферму, пабудавалі адкормачнік на 250 галоў буйной рагатай жывёлы, два жылыя дамы, бытавыя памяшканні, закончылі свінарнік, сховішча для грубых кармоў. Не стала былых драўлянных хлеўчукоў. Змянілася і сутнасць гаспадаркі. Атрыманы ўраджай ішоў на перапрацоўку, харчаванне навучэнцаў. Стварылі магазін, у якім супрацоўнікі вучылішча маглі купіць сваю прадукцыю. Праз яго ажыццяўлялася спецыяльная падтрымка як членаў калектыву, так і пенсіянераў. Ад рэалізацыі прадукцыі палеткаў і ферм атрымлівалі значныя сродкі. Яны выкарыстоўваліся для мэт навучальна-выхаваўчага працэсу.

Галоўны здабытак працы некалькіх пакаленняў супрацоўнікаў вучылішча ў гаспадарцы заключаецца ў тым, што яна ператварылася ў сапраўдны цэх вытворчага навучання, стала месцам эфектыўнага працоўнага выхавання. Вытворчую практыку праходзілі навучэнцы па спецыльнасцях “Майстар сельскагаспадарчай вытворчасці», «Гаспадыня сядзібы», «Лабарант хіміка-бактэрыялагічнага аналізу», «Трактарыст», “Экскаватаршчык». На палетках гаспадаркі выконвалася праграма вытворчага навучання па прадмету » Арганізацыя механізіраваных работ у сельскай гаспадарцы». Тут пад кіраўніцтвам майстроў навучэнцы адпрацоўвалі тэхналагічныя ўменні па вырошчванню зернебабовых культур, бульбы, буракоў, траў.

Зямля — маці-карміцелька. Таму выхаванне беражлівых адносін, павагі да яе, да хлебаробскай працы паўсядзённа знаходзіцца ў цэнтры ўвагі педагогаў. На канкрэтных прыкладах, на выніках працы кожнага навучэнца вырашаецца гэта складаная задача. Тут хочацца адзначыць намаганні дырэктараў М.І. Сержанкова, С.Дз. Анціпенкі, намеснікаў дырэктара А.С. Саўчыка, Ф.С. Шосціка, І.П. Ярашэвіча, старшых майстроў У.К. Курылы, М.П. Русака, загадчыка гаспадаркі І.І. Халявінскага, майстроў Л.Г. Аніскевіча, Г.С. Дыбы, А.Я. Грыба, І.І. Самахвалава, А.К. Пашкевіча, Л.П. Даўгалеўца, І.М. Дзікавіцкага, В.В. Кучука, А.Л. Шыдлоўскага, І.А. Журка, шафёра А.З. Патанейкі.

Іван ЯРАШЭВІЧ,

г.п. Смілавічы

(Працяг будзе)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *