ЛЕЦЕЙКА, БЫВАЙ!

Общество

Адлятае лета з родных берагоў,

За нязнаным светам будзе сніць сяброў.

Лецейка-вясёлка, жураўліны клін,

Залатое пёрка нам

на шчасце скінь!

 

Сумны вырай у далёкі край

Гоніць восень, лецейка, бывай!

 

Будзеш сэрцу сніцца

сцежачкай лясной,

Спелаю сунічкай, спеўнай цішынёй.

Не забудзем ласкі зорнага святла,

Красачкі купальскай, што ў бары цвіла.

 

Сумны вырай у далёкі край

Гоніць восень, лецейка, бывай!

 

Радасці-пацехі столькі ў нас было,

Як на конях верхам мчалі за сяло.

Вараных купалі ў вадзе рачной,

Плёскаліся самі

ў плыні люстраной.

 

Сумны вырай у далёкі край

Гоніць восень, лецейка, бывай!

 

РУСАЛКА

Сняцца родныя сінія далі,

Сняцца цёплыя рукі твае,

Што калісьці мяне абдымалі

І гублялі ў траве-мураве.

 

Наўздагон за імклівай смуглянкай

Бег я ветрам да светлай вады.

Ты нябесна-крылатай русалкай

Снішся-мроішся мне праз гады.

 

Год за годам імкне — не стрымаць,

Даганяю цябе — не дагнаць.

Сумна стукае сэрца штодня:

Не мая, не мая, не мая!

 

З крутабокага берага смела

Мы кідаліся ў хвалі з табой.

Ты плыла — нібы чайка ляцела

Пад вясёлкай пары маладой.

 

Ты плыла, напявала: «Мой мілы,

Больш не будзе

ўжо гэткага дня!»

Таямнічай усмешкай свяціла:

«Дагані — і навек я твая!»

 

Год за годам імкне —

не стрымаць,

Даганяю цябе — не дагнаць.

Сумна стукае сэрца штодня:

Не мая, не мая, не мая!

 

ДАЖЫНКІ

Зжалі жнейкі поле,

зжалі-зваявалі,

Навілі вяночкаў, песні заспявалі.

І снапок апошні хату асвячае,

Гаспадар да жнеек

слова прамаўляе:

 

— Дзякуй, жнеечкі-жанкі

дарагія!

Вашы серпікі-сярпы — залатыя.

Падымаю чарку мёду

ў добры час,

Жнейкі мілыя, за вас!

 

Што вы нарабілі

ўмелымі рукамі?

Свет заваражылі

шчодрымі дарамі.

Будзем мы з духмяным

хлебам-караваем,

Будуць песні нашы

плыць да небакраю.

 

— Дзякуй, жнеечкі-жанкі

дарагія!

Вашы серпікі-сярпы — залатыя.

Падымаю чарку мёду

ў добры час,

Жнейкі мілыя, за вас!

Уладзімір ПЕЦЮКЕВІЧ,  в.Красны Дар

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *