ДЗЕНЬ ВЕДАЎ СПЯШАЕЦЦА ДА НАС…

Общество

Чаго-чаго, а ўрачыстасці ў гэтага свята не забраць. І колькі б гадоў, дзесяцігоддзяў, а мо, і стагоддзяў ні мінула, пачатак верасня будзе вылучацца сярод іншых месяцаў. І не мае значэння, у школьнай форме, дзелавым касцюме ці проста ў вольнага стылю вопратцы ідуць па вуліцы ў гэты дзень дзеці… З бацькамі, бабулямі, дзядулямі, старэйшымі братамі і сёстрамі ці адны… З ранцамі, кветкамі ці без… Галоўнае, усе яны ідуць — у Школу. І як бы ні змяняўся яе ўнутраны змест і знешні выгляд, кіраўнікі і педагагічны калектыў, сістэма ацэнкі і кантролю ведаў, нязменнай застаецца сутнасць, роля і месца ў грамадстве. Вучыць. Выхоўваць. Рыхтаваць да самастойнага жыцця. І кім бы ні стаў у будучым выпускнік — праграмістам ці вадзіцелем, менеджэрам ці ўрачом, касманаўтам ці педагогам, — першага верасня назаўсёды застанецца ў яго жыцці шчымлівым водгукам аб роднай Школе, якую — не забыць…

Сёлетні Дзень ведаў сціпла прытуліўся паміж 31 жніўня, калі ва ўсіх установах адукацыі вырашана правесці ўрачыстыя лінейкі, і 2 верасня — першым паўнавартасным вучэбным днём. І тое, што ён прыпаў на выхадны, падкрэслівае яго святочнасць. Прычым — больш простую, якуюсьці па-хатняму мілую і ўтульную. З сокам, ліманадам, кавалачкам торту, марожаным…

А яшчэ Дзень ведаў традыцыйна дае старт новаму навучальнаму году, апавяшчаючы  пра гэта ўсё наваколле залівістым школьным званком. Пачуўшы яго, нават сонейка свеціць ярчэй, дожджык, бы ў здзіўленні, сунімае свой імпэт… А ў душы нават самых заўзятых скептыкаў трымціць нябачная струна, хаця б на секунду закранаючы нязведаныя пачуцці. Уяўныя караблі надзімаюць свае пунсовыя ветразі, рыхтуючыся накіравацца ў далёкае плаванне па акіяну ведаў… І ўсё гэтак жа ўрачыста-ўзнёсла гучыць традыцыйнае пажаданне: «У добры шлях!»

Дзень ведаў ужо спяшаецца да нас. З надыходзячым святам усіх вас, шаноўныя чытачы! Вучням зычым пабольш выдатных адзнак, цікаўнасці і паслухмянасці, трывалых ведаў, прыемных навінаў, неспадзяванак і адкрыццяў. Настаўнікам — заўсёднага добрага настрою, бадзёрасці, аптымізму, цярпення, задавальнення ад зробленага. Бацькам школьнікаў — часцей цікавіцца вучнёўскім жыццём сваіх сыноў і дачок, дапамагаць там, дзе патрэбна, падтрымліваць, хваліць, быць неабыякавымі… І ўсім нам разам — любіць, цаніць і памятаць сваю Школу…

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *