У ГІМНАЗІЮ — ПЕДАГОГАМІ…

Общество

У новай якасці вярнулася сёлета ў родную гімназію №1 г.Чэрвеня Таццяна Нахамчык. Яна будзе выкладаць тут англійскую мову амаль ва ўсіх класах. У гэтую ж навучальную ўстанову атрымала размеркаванне настаўніца геаграфіі і біялогіі Вераніка Кляшчонак з Крупак. Яна будзе выкладаць пакуль толькі біялогію як гімназістам, так і вучням СШ №3 г.Чэрвеня — па сумяшчальніцтве.

Абедзве дзяўчыны сталі першымі прадстаўніцамі педагагічнай прафесіі ў сваіх сем’ях. І для іх пачатак новага навучальнага года — падзея асаблівая, хвалюючая. Яны ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з мясцовай настаўніцкай грамадскасцю, узяўшы ўдзел у жнівеньскай канферэнцыі «Якасць адукацыі як рэсурс стратэгічнага развіцця Чэрвеньскага раёна», якая адбылася 28 жніўня ў раённым цэнтры культуры і адпачынку.

Падрабязней пра яе мы распавядзём у адным з бліжэйшых нумароў «раёнкі». А Таццяне Пятроўне Нахамчык і Вераніцы Ігараўне Кляшчонак шчыра пажадаем удачы, поспехаў у абранай прафесіі, як найхутчэй знайсці ўзаемапаразуменне з вучнямі, іх бацькамі, настаўнікамі і стаць сапраўднымі майстрамі сваёй справы!


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *