«МОЙ ЖЫЦЦЁВЫ ДЭВІЗ — «УСЁ ПАСПЯВАЦЬ»…

Общество

Як вядома, дзелавым жанчынам (бізнес-вумэн у самым шырокім сэнсе паняцця) у нашым грамадстве даўно ўжо не здзіўляюцца. І гэта, безумоўна, добра. Усё часцей яны атрымліваюць прызначэнні на кіруючыя пасады. Вось і такая, як «дырэктар школы», усё больш набывае жаночае аблічча. І ўсё ж пры бачным раўнапраўі з мужчынамі жанчынам, відавочна, цяжэй. Бо даводзіцца не толькі вырашаць вытворчыя пытанні, літаральна дняваць і начаваць на працы, але і пры гэтым паспяваць быць добрай гаспадыняй, жонкай, маці, клапаціцца пра дом і сям’ю…

З усім стараецца спраўляцца дырэктар Руднянскай школы Ала Уладзіміраўна Міралевіч, пра якую гэты аповед.

Хутка споўніцца 29 гадоў, як ураджэнка Брэстчыны, выпускніца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, матэматык па адукацыі, па размеркаванні трапіла на Чэрвеньшчыну. І практычна ўвесь гэты час, за выключэннем пары апошніх гадоў, Ала Уладзіміраўна адпрацавала ў Чарнаўской школе. Мабыць, рабіла б там і далей, ды школу зачынілі…

А тады, у свой першы год, малады спецыяліст сапраўды атрымала «баявое хрышчэнне». Тамтэйшы матэматык Уладзімір Цішураў з жонкай паехаў на працу ў Алжыр. І Ала Уладзіміраўна апынулася адзіным матэматыкам на ўсю немалую па тым часе школу. Апрача таго, што прадмет трэба было выкладаць ва ўсіх класах, асобнай увагі патрабавалі прэтэндэнты на медаль, якія ў далейшым пацвердзілі свае веды. І зараз, азіраючыся на свае першыя гады працы, Ала Міралевіч называе іх добрай практыкай.

Але нават такая вялікая нагрузка цалкам не рэалізоўвала ўсёй актыўнасці маладога спецыяліста. Год яна адпрацавала прадметнікам, а затым надышла чарга адміністрацыйнай працы. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце, па вучэбнай… І нарэшце — дырэктар.

— Апошняе прызначэнне ў Чарнаўской школе атрымалася раптоўным, — задуменна прыгадвае Ала Міралевіч. — Не тое каб мяне неяк рыхтавалі… Усё вырашылася літаральна за адзін дзень. І па першым часе неяк крыху нават дэпрэсія была — з месяц, мабыць…

— Але, тым не менш, на пасаду згадзіліся…

— Так. Бо я, у прынцыпе, была намеснікам. А гэта значыць, калі дырэктар сыходзіць, я яго мяняю… У Чарнаўской школе тады быў добры калектыў, і не толькі педагагічны. Кадры давялося падкарэктаваць толькі крыху. І за год-паўтара ў цэлым атрымаўся калектыў, які мне вельмі дапамагаў — як у вучэбных, так і ў выхаваўчых, гаспадарчых пытаннях. Таму мне там працавалася лёгка…

Пасля закрыцця Чарнаўской школы Ала Уладзіміраўна Міралевіч год адпрацавала ў Грабёнцы — намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. А пасля ёй прапанавалі ўзначаліць вучэбна-педагагічны комплекс «Руднянскі дзіцячы сад-СШ». І вось ужо ззаду застаўся першы навучальны год у новай для яе ўстанове адукацыі, а наперадзе — год навучальны новы. І ўжо ёсць магчымасць ацаніць зробленае і — свае ўласныя адчуванні ад працы на новым месцы. А яны ў Алы Міралевіч, што прыемна, — станоўчыя.

— Ала Уладзіміраўна, з якімі цяжкасцямі вам давялося тут, у Руднянскай школе, сутыкнуцца?

— Ды асаблівых і не было. Я б сказала — толькі дробязныя…

— Настаўнікаў хапае?

— Так. Нават на першым бацькоўскім сходзе я падкрэсліла, што ў нас, нягледзячы на тое, што школа — вясковая, ёсць усе спецыялісты. Прыязджаюць, вядома, і сумяшчальнікі, але — па свайму прадмету. Дзецям вельмі падабаецца гісторык з Чэрвеня Андрэй Васільевіч Гаўрон, выкладчык хіміі і біялогіі Генадзь Пятровіч Аўласенка… Прыязджала да нас выкладчыца музыкі са школы мастацтваў. Лічу, што гэта таксама рэдкасць — знайсці такога спецыяліста ў такую школу на столькі гадзін…

— На свяце апошняга званка я пабачыла на свае вочы, што таленты ў школе ёсць…

— Сапраўды. У нас маецца цэлая папка, у якой захоўваем дыпломы — асабістыя дзяцей, агульнакамандныя, калектыву… Папка важкая. Я яе так і падпісала — «Нашы дасягненні». Калі я сюды прыйшла, дык знайшла цэлы пачак грамат. Вось і ўзнікла ідэя аформіць папку. А яшчэ мы вядзём спецыяльны экран нашых дасягненняў. Ён дастаткова вялікі…

— Думаю, варта нагадаць чытачам «раёнкі», што накірунак Руднянскай школы — экалагічны…

— І мы стараемся трымаць вялікую школьную тэрыторыю ў парадку. Вядома, шмат зроблена маімі папярэднікамі. Усе, хто праходзіць міма, кажуць: «Якая ў вас прыгажосць!» Мамы маладыя з дзеткамі з задавальненнем прыходзяць сюды. Мы стараемся не загрувашчваць тэрыторыю малымі архітэктурнымі формамі, бо дзецям і пабегаць трэба. А паколькі спартыўная зала тут маленькая, дык у сезон школьнікі займаюцца на вялікім стадыёне. Ёсць у нас і валейбольная пляцоўка…

— Ала Уладзіміраўна, а вы ўвогуле задаволены тым, што асноўнае ў вас — адміністрацыйная праца, а не выкладчыцкая?

— Вы хочаце даведацца, ці наведвала мяне думка перайсці ў прадметнікі? Мабыць, не. Проста я — чалавек вельмі актыўны. І праца толькі настаўніка не забірала б усю тую энергію, якую маю.

— І адкуль жа такая актыўнасць?

— Не ведаю. Мабыць, характар такі. І, можа, яшчэ таму схільная да адміністрацыйнай працы, што ўсё больш-менш атрымліваецца.

— А якія ў вас асабістыя захапленні?

— Часу на іх практычна няма. Але на першым месцы — чытанне. Мы з мужам, колішнім настаўнікам, выпісваем шмат перыёдыкі. Калісьці займалася рукадзеллем, вязала, зараз — не.

— А кветкаводствам не захапляецеся?

— Калі я працавала ў Чарнаўской школе, у нас было шмат клумбаў, тэрыторыя дазваляла. І мне сапраўды цікава было гэтым займацца. Калі пачыналася вясна, мы ўсё высаджвалі на вуліцы. А ўзімку даглядалі кветкі ў памяшканні. І гэтае захапленне мне да душы. Проста я жыву ў шматкватэрным доме. А калі б мела такую тэрыторыю, мусіць, і далей працягвала б займацца…

— Ала Уладзіміраўна, у вас ёсць жыццёвае крэда? Дэвіз для сябе?

— Гучыць гэта так: «Усё трэба паспяваць». Мне часта кажуць: «Што ты носішся ды носішся?!» Адказваю: «Затое ўсюды паспяваю». Бо жанчына-кіраўнік, апрача іншага, яшчэ жонка і маці. Таму стараюся, каб мая сям’я — муж і двое дарослых дзяцей, сын і дачка — не была абыдзена ўвагай з-за маёй занятасці.

— За год працы ў Руднянскай школе ці ёсць ужо кім-чым ганарыцца?

— Дасягненні школы я лічу і сваімі дасягненнямі. Стараюся падтрымліваць, матэрыяльна заахвочваць настаўнікаў, якія рыхтуюць удзельнікаў алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, конкурсаў, спаборніцтваў… Гэтыя людзі ў мяне — на асобным уліку, імі ганаруся…

— Якія якасці вы найперш цэніце ў сваіх калегах?

— Адказнасць і… жаданне працаваць. Асабліва цаню людзей з «агеньчыкам». Вось бывае, прапаноўваю штосьці… І проста дух захоплівае, калі чалавек кажа: «А давайце я гэта зраблю…» Я тады адчуваю такі душэўны пад’ём…

— Значыць, і ў гэтай школе ў вас ёсць падтрымка?

— Так. І, у першую чаргу, мяне вельмі падтрымліваюць мае намеснікі. Я ж працую толькі першы год. Не ўсіх вучняў ведаю, не ўсіх настаўнікаў магчымасці… А яны — ведаюць, хто і на што годны. Увогуле, я стараюся даваць даручэнне канкрэтнаму чалавеку, калі ўпэўнена, што ён з ім справіцца…

— Ала Уладзіміраўна, як думаеце, ці змаглі б вы працаваць на адміністрацыйнай рабоце дзесьці яшчэ, не ў школе?

— Найперш мне важны вялікі калектыў. Бо дзесьці сесці ў кабінеце і займацца толькі сваёй працай, не маючы ні з кім стасункаў… Я б так не змагла б. Стасункі для мяне — самае важнае. Нават дома, знаходзячыся ў адпачынку, я сумую па калектыву. Не ўяўляю сябе на пенсіі. Ды і іншую работу не ведаю, бо я — настаўнік. І толькі ў школе я прарабіла амаль тры дзесяцігоддзі.

— А што для вас школа?

— Калі скажу, што ўсё маё жыццё, гэта будзе, па-першае, занадта гучна сказана, а па-другое, не зусім дакладна. Бо і мая сям’я значыць для мяне вельмі шмат. Я б падзяліла папалам… Школа займае адну палову жыцця, а сям’я — другую…

 

Гутарыла Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *