КВЕТКІ РАЗВОДЗЯЦЬ НЕ ТОЛЬКІ ЖАНЧЫНЫ…

Общество

Са старшынёй Лядзенскага сельвыканкама Аленай Гамеза і дэпутатам сельскага Савета, жыхаркай в.Горкаўская Слабада Ірынай Змачынскай мы шпацыруем па вуліцы Маладзёжнай, каб пазнаёміцца з гаспадарамі адметна добраўпарадкаваных сядзібаў.

Сям'я Мікульчыкаў

Падворак, куды раіць зазірнуць Ірына Мікалаеўна, належыць сям’і Мікульчыкаў — Аляксандру Сцяпанавічу і Таццяне Аляксандраўне. Гэтых вясковых працаўнікоў асабліва і прадстаўляць не трэба. Гаспадар ужо шмат гадоў — лепшы ў раёне тэхнік-асемянатар. Гаспадыня была адной з лепшых цялятніц, даярак. Вось толькі пасля траўмы давялося перайсці ў паляводства. У сям’і выгадавалі траіх дзяцей, зараз дапамагаюць глядзець пецярых унукаў.

— Гэта працавітая шматдзетная сям’я! — зазначае Ірына Змачынская. — Нездарма падчас свята вёсак колішні старшыня мясцовай гаспадаркі Яўген Мшар прыгадваў іх. У Аляксандра Сцяпанавіча на 100 кароў прыпадала 106 цялят! За мінулы год — 98. Гэта вельмі шмат. Працуе ён на два комплексы. Вольнага часу амаль не бывае. І ўсё ж у гэтай сям’і заўсёды парадак — і ў хаце, і на двары, і на вуліцы. І Аляксандр як гаспадар, і Таццяна як гаспадыня — шчырыя, прыветныя. І па сённяшнім часе трымаюць вялікую гаспадарку. А кожная кветачка на падворку пасаджана з любоўю!

У чарговы раз шкадую, што на чорна-белых газетных фотаздымках не бачна ўсёй кветкавай шматколернасці, яркасці сакавітай зеляніны… А згледзець можна хіба толькі вялікі памер лісця каны, клешчавіны ды пяшчотнасць светлых лілеяў.

І на гэтым падворку кветкі займаюць вялізную тэрыторыю. Але якім жа было маё здзіўленне, калі я даведалася, што імі займаецца… мужчына!

— Я толькі купляю насенне, — тлумачыць гаспадыня, — а садзіць і даглядае муж. У нас і ў хаце шмат раслін…

— Люблю фіялкі, — сціпла ўсміхаецца Аляксандр Мікульчык.

Нібыта саромеецца такога не надта мужчынскага захаплення. Але ж гэта цудоўна — упрыгожваць сваё жыццё і жытло кветкамі! А яны, відавочна, любяць рукі гаспадара, бо выглядаюць надта прыгожа, цвіценнем дзякуючы за клопат. Непадалёк ад уваходу з зеляніны з цікаўнасцю выглядвае чорны кот. Вось такую плоскую фігурку як спробу малых архітэктурных формаў змясцілі ў сябе Мікульчыкі. Атрымалася арыгінальна…

Сям'я Гляцэвічаў

Наступны добраўпарадкаваны падворак, на якім удалося заспець нядзельным днём гаспадыню, — Гляцэвічаў Аляксандра Мікалаевіча і Надзеі Дзмітрыеўны. Пакуль мы разглядалі кветкі ды шукалі месца для фатаграфавання, пад’ехаў і гаспадар — вядомы ў раёне настаўнік фізкультуры, які выкладае гэты прадмет, прывівае дзецям любоў да спорту ўжо 18 гадоў. А ў вольны час любіць штосьці майстраваць на ўласным падворку. Падчас нашага прыезду рамантаваў куратнік. «Еўрарамонт!» — усміхнуўся. Прыгожая альтанка на падворку — таксама справа яго рук.

— Летась імкнуўся да Вялікадня зрабіць! — тлумачыць Аляксандр Гляцэвіч. — Дзеці ўсе прыязджаюць, сёстры, мамуля… Ведаеце, прыемна пасядзець усёй сям’ёй на свежым паветры.

Як зазначылі гаспадары, пальма з пластыкавых бутэлек, што «расце» ля альтанкі, пакуль знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі. Маўляў, не хапае падручнага матэрыялу зялёнага колеру. Затое як красуюць непадалёк пятуніі, якія цудоўна глядзяцца ў разнастайных вазонах. А ролю апошніх адыгрываюць нават чыгуны.

Кветкі — захапленне і занятак Надзеі Гляцэвіч. Па яе словах, займаецца іх пасадкай і развядзеннем гадоў з дзесяць.

— Напачатку захапілася гладыёлусамі, — тлумачыць гаспадыня. — У мяне іх зараз вельмі шмат. Цяпер ужо многа лілей, ружаў розных гатункаў і відаў, вяргіняў, у тым ліку і карлікавых… Шкада, што ўжо многае паадцвітала. А ў пару такая прыгажосць!

Стае ў сямейства Гляцэвічаў сіл і на асабістую гаспадарку. Шмат жыўнасці трымаюць. Словам, яны, як і папярэднія сем’і з вуліцы Маладзёжнай, з якімі атрымалася пазнаёміцца, — сапраўдныя гаспадары!

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

P.S. Вялікі дзякуй Ірыне Змачынскай за арганізацыю знаёмства з суседзямі, а Алене Гамеза — за транспартныя паслугі.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *