НАРОДНЫ КАЛЯНДАР. ЖНІВЕНЬ

Общество

Кожная хата ў жніўні багата.

Прыдатны красавік цяплом, а жнівень дабром.

Жнівень сее, жне і косіць – на сталах багацця досыць.

Што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць.

Хто ў жніўні гуляе, той узімку галадае.

У жніўні і верабей піва варыць.

Сучасная беларуская назва восьмага месяца года жнівень, таксама як і старабеларуская серпень, адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары.

1 жніўня. Серафім, Раман, Сцяпан, Міліца. А таксама Макрына, імя якой выклікае асацыяцыі з макрэчай: «Калі ў дзень Макрыны дождж, то восень будзе мокрая, а калі суха, то восень сухая».

2 жніўня. Прарок Ілля. Адзін з шануемых у сялян вобразаў успрымаецца па той жа сэнсава-фанетычнай асацыяцыі (Iлля — ліць— дождж) нібы родны брат Макрыны. Грымоты з маланкамі на Іллю тлумачылі тым, што гэта сам прарок у вогненнай калясніцы раз’язджае па небе. А каб не ўзнік пажар ад навальніцы, стараліся не працаваць. Калі ж выпадала сонечнае надвор’е, баяліся гневу Іллі, які можа пакараць грэшную зямлю і людзей засухай. Нормай лічылася, што прарок Ілля прынясе дождж: «Ілля наробіць гнілля».  Дзень Іллі ўспрымалі як рубеж між летам і восенню: «Ілля жніво пачынае, а лета канчае»; «На Іллю да абеду лета, а па абедзе восень». I яшчэ адна прыкмета: «Прыйшоў Ілля і ўкінуў у ваду алядня» —  з гэтага дня забаранялася купацца.

4  жніўня. Марыя Магдаліна, Фока, Карніл. Дажджы, непагадзь ад папярэдніх «мокрых» дзён Макрыны і Іллі не спыняліся: «Магдалена — вады па калена».

6 жніўня. Барыс і Глеб, Палікарп. Наступныя пасля Іллі прысвяткі былі цалкам падпарадкаваны жніву: «Барыс і Глеб — паспеў хлеб».

9 жніўня. Угоднік Панцеляймон лічыцца лекарам, асабліва ад хвароб галавы. Дзень адзначае таксама Мікалая, Анфісу, Клімента, Германа, Навума, Саву.

12 жніўня. Сіла, Андронік, Іван, Герман, Лука, Алімп, Максім, Валянцін, Апалон. Калі паспявалі закончыць жніво, гаварылі, што карысна пачаць сяўбу новага хлеба: «Хто на Сілу жыта пасее — у таго на хлеб надзея».

14 жніўня. Макавей (Макава, Макаўе, Першы Спас, Спас Мядовік, Медзяны Спас). Свята маку і мёду.  Асвячалі ваду, зёлкі, садовыя кветкі, моркву, сланечнік. Елі пірагі з макам і моркваю.  Прыказкі сцвярджаюць: “Першы Спас – провады лета”, “Ад Першага Спаса халодныя росы”.

15 жніўня. Прачыстая (Першая Прачыстая, Першы святок, Зельная). У каталіцкім календары – Унебаўзяцце (Успенне) Божай Маці (уведзена ў VІІ стагоддзі). Існуе шмат прыказак і прыкмет на гэты дзень: “Прыйшла Прачыста – стала поле чыста”, “Зельная Божая Маці ўсяго можа нам даці”, “Да святка араць – лішнюю капу нажаць”, “Прачыстая прынясе хлеба чыстага”, “Першы Святок і першы світок”. Свенцяць зёлкі, кветкі, садавіну, збожжа, што лічацца гаючымі і аберагаючымі.

19 жніўня. Другі Спас, Яблычны Спас. Свята садавіны, якую асвячаюць, пасля чаго дазвалялася есці яблыкі, бо яны лічыліся грэшнымі пладамі. Згодна Бібліі, змей-спакушальнік праз яблык зрабіў грэшнай Еву. Таму першыя плады неабходна было асвяціць у дзень Пераўтварэння Госпада Бога і Спаса нашага Ісуса Хрыста. Асвячалі таксама мёд, каласкі новага ўраджаю. Усё можна было ўжываць у ежу, аб чым і сцвярджала прыказка: “Спас – усяму час”. Пачыналі сеяць азіміну. Наогул лічыцца, што ўжо скончылася лета: “Першы і Другі Спас – бяры рукавіцы ў запас”.

Царкоўнае святкаванне звязана з біблейскімі падзеямі. Ісус Хрыстос збіраўся апошні раз з’явіцца ў Іерусаліме. На гары Фавор яго вучні ўбачылі нечакана пераўтворанага Ісуса (у белым адзенні, асветлены сонцам твар) і пачулі нябесны голас: “Гэта і ёсць Сын Мой Любімы, у Якім мая добрая воля, Яго слухайце”. Значэнне пераўтварэння ў тым, што Хрыстос паказаны не як адзін з роўных апосталаў, а які стаіць над імі.

22 жніўня. Апостал Мацей, Антон, Юльян, Маркіян, Іван, Якуб, Аляксей, Дзмітры, Фоцій, Пятро, Лявонцій, Марыя. Большая частка работ у полі, як правіла, да гэтага тэрміну была выканана. Падступалася восеньская прахалода: «Пасля Мацея мужык на полі не пацея».

28 жніўня. Прачыстая (Успенне, Багародзіца, Першая Прачыстая, Вялікая Прачыстая, Гаспажа, Зялёная, Зельная). Царкоўную назву «Успение» (вечны сон, смерць) тлумачылі ў народзе тым, што да гэтага дня спеюць розныя плады. Прачыстая была сапраўдным святам ураджаю, яна падводзіла вынік працы селяніна: «Свята Прачыста — поле ўрачыста». З асаблівай  пашанай казалі пра новы хлеб: «Прачыстая прынясе хлеба чыстага». Як Спас славіўся асвячэннем яблык, так Прачыстая — асвячэннем хлеба.

29 жніўня. Трэці Спас (Хлебны Спас, Арэхавы Спас). Шмат дзе спраўлялі дажынкі – свята канца жніва. Канец жніва і змена надвор’я адлюстраваны ў прыказках: “Трэці Спас хлеба прыпас”, “Па Трэцім Спасе трымай рукавіцы ў запасе”.

31 жніўня. Арабінавыя дзень і ноч. Пара, калі бывае “сухая” навальніца або буран цэлую ноч (дзень).

Падрыхтавана па сайтах інтэрнэта

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *