Турнір юных самбістаў

Спорт

Чэмпіёнамі не нараджаюцца. Імі становяцца самыя працавітыя, самыя таленавітыя, самыя ўпартыя. Як з зярнятка старанны, клапатлівы селекцыянер вырошчвае цудоўнае дрэва, так улюбёны ў сваю справу трэнер выхоўвае будучых чэмпіёнаў.

У Смілавічах, у дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву прайшоў адкрыты турнір юных самбістаў 8-13 гадоў, прысвечаны Дню фізкультурніка.

У турніры прынялі ўдзел 9 каманд Мінска і Мінскага раёна, Жодзіна, Червеньскага раёна, Баранавіч.  Галоўным суддзёй спаборніцтваў быў Віктар Кожыч, суддзямі: заслужаны трэнер Беларусі Яўген Агейчык і былы трэнер зборнай СССР, заслужаны трэнер СССР і Беларусі Юльян Новік.

Перад пачаткам спаборніцтваў Ю.Новік канстатаваў, што Смілавічы — край самбісцкі. Першым майстрам спорту СССР па самба са Смілавіч стаў Жэня Агейчык. Цяпер ён заслужаны трэнер Беларусі. А яго сын, таксама Яўген, стаў чэмпіёнам свету па самба. Цяпер Агейчык-малодшы з»яўляецца трэнерам зборнай Фінляндыі па самба.

Каманды юных самбістаў ўзначальвалі трэнеры  Юрый Зубовіч, Павел Шэлег і іншыя.

Яўген Агейчык зазначыў, што гэтыя спаборніцтвы  для юных самбістаў сапраўднае свята, прысвечанае Дню фізкультурніка. «Вы працягваеце, — падкрэсліў Я. Агейчык, — слаўныя традыцыі беларускага і смілавіцкага самба. У мястэчку Смілавічы вырасла нямала знакамітых спартсменаў, сярод іх — вядомыя самбісты Віктар Абраменка, які быў чэмпіёнам Савецкага Саюза па самба і чэмпіёнам свету па барацьбе дзюдо, прызёр першынства Еўропы па барацьбе самба Аляксандр Казакевіч, які цяпер працуе у Службе бяспекі Прэзідэнта Беларусі. Ён з залатым медалём закончыў Смілавіцкую сярэднюю школу і з чырвоным дыпломам Нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.

Нехта памыляецца, калі думае, што самба займаюцца толькі хлопцы. Тут выраслі і знакамітыя дзяўчаты. Каця Поткас была прызёрам Еўропы і свету па барацьбе самба, Знакамітыя спартсмены — браты Багамякавы. Старэйшы, Дзімітрый, шмат разоў быў прызёрам Еўропы і свету, а малодшы, Ян Багамякаў — чэмпіёнам Еўропы і свету. Як бачым, у смілавіцкай школе самба ёсць свае слаўныя традыцыі».

Было б неразумна супрацьпастаўляць фізічнае і інтэлектуальнае развіццё дзяцей. Але нічога добрага чакаць не прыходзіцца, калі хлюпік за камп»ютарным сталом, перамогшы у «стралялках»,  адчувае сябе «крутым».

Тут жа назіралася зусім іншая карціна. Эмоцыям, якія перахлёствалі праз край, маглі б пазайдросціць спаборніцтвы дарослых. Было шмат радасці пераможцаў і слёзы тых, хто прайграў сапернікам.

Падумалася, што, магчыма, некаторыя імёны гэтых старанных хлопчыкаў праз некалькі гадоў стануць вядомымі ўсяму свету. І можна не сумнявацца, што ўсе яны вырастуць сапраўднымі людзьмі.

На жаль, у канцы спаборніцтваў пры падвядзенні вынікаў быў дапушчаны ляпсус, якім былі вельмі пакрыўджаны юныя чэмпіёны і прызёры па самба. Зразумела, што кожнаму хлопчыку, які заняў прызавое месца, хацелася паказаць грамату дома бацькам і сябрам.

Па палажэнню за прызавыя месцы павінны уручацца медалі і граматы. Грамат за першае і другое месца не аказалася, а толькі медалі. Але медаль можна купіць на рынку (асабліва ў наш час). А грамата — гэта ж дакумент! Чаму не падумалі аб гэтым арганізатары спаборніцтваў Чэрвеньскага раёна і не знайшлі невялікіх грошай, каб узнагародзіць ў гонар Дня фізкультурніка дзяцей, якія занялі прызавыя месцы па барацьбе самба?

Усё ж можна радавацца, што юныя спартсмены маюць у Смілавічах такую цудоўную спартыўную залу, аб якой наша пакаленне магло толькі марыць.

А спаборніцтвы юных самбістаў прайшлі на высокім арганізацыйна-спартыўным узроўні.

Уладзімір Шулякоўскі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *