ПРАБЛЕМЫ П’ЯНСТВА І АЛКАГАЛІЗМУ АБМЕРКАВАЛІ ДЭПУТАТЫ

Общество

Пытанне «Аб выкананні Мерапрыемстваў Чэрвеньскага раёна па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанню і пераадоленню п’янства і алкагалізму на 2011-2015» гады разгледжана ў аўторак на трыццатай сесіі раённага Савета дэпутатаў 26 склікання.

З інфармацыяй па гэтаму пытанню перад дэпутатамі і запрошанымі выступіла намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька. Яна зазначыла, што ў раёне назіраецца тэндэнцыя зніжэння ўзроўню спажывання алкаголю ў пераліку на абсалютны алкаголь на аднаго жыхара.

Летась па прычыне знаходжання работнікаў у нецвярозым стане адбыўся адзін няшчасны выпадак на вытворчасці (у 2011 годзе — 2). Колькасць выпадкаў смерці з-за атручвання алкаголем за год скарацілася з адзінаццаці да трох. На 52,1 працэнта зменшылася колькасць непаўналетніх асоб, якія ўжываюць алкаголь са шкоднымі наступствамі.

Разам з тым, агульная колькасць злачынстваў, здзейсненых асобамі ў нецвярозым стане, павялічылася на 6,9 працэнта. Удвая ўзрасла колькасць дарожна-транспартных здарэнняў, здзейсненых такімі асобамі.

За мінулы год праведзена 106 рэйдаў па выяўленню асоб, якія займаюцца вырабам, захоўваннем і рэалізацыяй самагону і іншай вадкасці, якая ўтрымлівае спірт, выяўлена 76 фактаў парушэння антыалкагольнага заканадаўства.

На рэгулярнай аснове праводзіцца шэраг акцый, накіраваных на прафілактыку п’янства і алкагалізму: «Сям’я», «Лад у сям’і — грамадства без гвалту», «Дом без гвалту», «Нашы дзеці», «Прафілактыка і ты», «Клопат».

У раёне працуе 9 камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам пры мясцовых выканкамах, 15 — у сельскагаспадарчых арганізацыях. 22 камісіі дзейнічаюць у іншых установах і арганізацыях. Летась яны правялі 174 пасяджэнні, на якіх былі разгледжаны 243 работнікі. За з’яўленне на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення звольнены 43 работнікі, за прагулы — 115.

У прынятым раённым Саветам дэпутатаў рашэнні прапанавана раённай камісіі па прафілактыцы алкагалізму, наркаманіі і суіцыдаў прадоўжыць прафілактычную работу сярод насельніцтва; правесці навучанне старшыняў мясцовых Саветаў дэпутатаў па арганізацыі работы камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, хадайнічаць перад райвыканкамам разгледзець пытанне аб ўстанаўленні часу рэалізацыі спіртных напіткаў аб’ектамі рознічнага гандлю ўсіх формаў уласнасці на тэрыторыі раёна з 10 да 22 гадзін.

Старшыням мясцовых Саветаў дэпутатаў прадпісана ажыццяўляць каардынацыю арганізацый і службаў раёна па прафілактыцы п’янства і алкагалізму, абсталяваць грамадскія пункты аховы парадку партатыўнымі прыборамі для вызначэння пароў алкаголю ў паветры, якое выдыхаецца; сумесна з раённым аддзелам унутраных спраў праводзіць мерапрыемствы, накіраваныя на прафілактычную работу і аказанне своечасовай дапамогі грамадзянам, якія стаяць на розных відах уліку, адзінокім, а таксама асобам, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы.

У згаданым рашэнні акрэслены шэраг іншых мер, накіраваных на рэалізацыю Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанню і пераадоленню п’янства і алкагалізму на 2011-2015 гады.

І.УЛАДЗІМІРАЎ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *