Рэцэпты ад повара Натальеўскага кафэ Наталлі Машэўскай

Общество

У сваёй поварскай справе Наталля — сапраўдны майстар, яна ўжо шмат гадоў працуе ў грамадскім харчаванні. Прыгатаваць умее ўсё: і будзённыя стравы, і святочныя, і на “хуткую руку”, і складаныя…  Сёння яна дзеліцца некаторымі рэцэптамі.  З імі справіцца нават нявопытная гаспадыня і  да таго ж — “смачныя”,  якраз спатрэбяцца, каб парадаваць родных у жаночае свята.

Салата «СВЯТОЧНАЯ»

Спатрэбяцца: 2-3 вараныя яйкі, кансерваваная кукуруза, зялёны гарошак, 1–2 балгарскіх перца, шампіньёны (можна  апенькі), 200 г каўбасы або вяндліны, 1 пачак сухарыкаў альбо чыпсаў, маянэз.

Для вырабу салаты трэба ўзяць вялікую талерку і звычайную шклянку. На сярэдзіну талеркі пастаўце шклянку, а вакол яе выкладвайце: яечка, кукурузу, перац, грыбы, гарошак і каўбасу. Цяпер зможаце вымаць шклянку. Утварылася пустэча, куды і высыпце пачак сухарыкаў альбо чыпсаў. Запраўляюць салату маянэзам  перад падачай на стол.

 

САЛАТА «КАХАНКА»

На талерку выкладваем слаямі:

— моркву сырую, дробна цёртую (на бурачнай цёрцы),

— цёрты сыр цвёрдага гатунку,

— маянэз з часнаком,

— добра прамыты ізюм,

— цёртыя вараныя буракі,

— маянэз,

— зверху пасыпаем грэцкімі арэхамі.

Курыная пячонка ў гаршчочках

Памыйце, крыху абсушыце і парэжце 300 грамаў курынай пячонкі на невялікія кавалкі, абваляйце ў муцэ. На патэльні разагрэйце  2 сталовыя лыжкі сметанковага масла і хуценька падсмажце на моцным агні да ўтварэння скарыначкі. Потым дабаўце парэзаную цыбуліну і смажце  хвілінкі тры. Гліняны гаршчочак змажце ўнутры маслам, пакладзіце парэзаную вялікімі кавалкамі бульбу, а таксама парэзаную кубікамі моркву, пячонку з цыбуляй. Пасля гэтага заліце соусам, прыгатаваным з 300 мл вады, 3 сталовых лыжак смятаны, солі, чорнага перца па смаку. Гаршчочкі пастаўце ў духоўку на 40 – 50 хвілін. За 10 хвілін да гатоўнасці пасыпьце нацёртым сырам цвёрдых гатункаў. Перад падачай на стол упрыгожце зелянінай.

 

Мачанка (на чацвярых)

Спатрэбіцца:

500г свініны, 300 мл ялавічнага бульёну, 40 г алею, 1 цыбуліна, 25 г мукі, 200 мл смятаны, спецыі і соль на смак.

Спосаб прыгатавання:

Трэба падрумяніць свініну да хрумсткай скарыначкі і дабавіць бульён, спецыі,  20 хвілін гатаваць на агні. Затым падсмажце цыбулю і дабаўце да свініны.

Пакуль яна гатуецца, у асобнай пасудзіне падсмажце муку на працягу некалькіх хвілін. Дабаўце 2 лыжкі бульёну і размяшайце. Уліце смятану,  дабаўце спецыі і гатуйце на слабым агні ад 5-10 хвілін.  Заліце ёю свініну і пастаўце ў гарачую духоўку на 20 хвілін

Мачанку наліваюць у глыбокія талеркі кожнаму парцыённа, каб макаць туды бліны.

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *