Весткі з бібліятэк

Общество

Чэрвеньскай дзіцячай.

ПРАПАНУЕМ ЧЫТАЧАМ УЗБАГАЦІЦЦА ВЕДАМІ

Нядаўна мы прапанавалі нашым чытачам паўдзельнічаць у пазнавальным мерапрыемстве «Хто сказаў, што правілы дарожнага руху складаныя?!» Прыгадвалі, як паводзіць сябе на вуліцы, на аўтобусных прыпынках, дзе гуляць узімку, дзе і як пераходзіць вуліцу, асноўныя дарожныя знакі. А ўсё паўторанае замацавалі падчас віктарыны.

Малодшых школьнікаў падчас  бібліятэчнага ўрока «Падарожжа па акіяну ведаў» Любоў Джафарава пазнаёміла з цікавымі серыямі кніг прыродазнаўчага і экалагічнага накірункаў.

Пяцікласнікі СШ №2 г.Чэрвеня, сябры аматарскага аб’яднання «Верасок», завіталі на мерапрыемства «Таямніцы беларускай хаты». Яны даведаліся, што ўяўляла сабой традыцыйнае жытло продкаў, што яно для іх значыла, як будавалася, якія пры гэтым захоўваліся абрады. Школьнікі пачулі, што самай галоўнай у хаце была печ, даведаліся пра чырвоны кут, традыцыйны посуд і шмат пра што яшчэ.

Да мерапрыемства бібліятэкары падрыхтавалі кніжную выставу па тэме.

Алена МАТВЕЕВА,

намеснік дырэктара Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі

 

 

Лядзенскай сельскай

«АФГАНІСТАН БАЛІЦЬ У МАІМ СЭРЦЫ» —

пад такой назвай для першых-чацвёртых класаў у мясцовай школе ладзілася гутарка. Прагучалі аповеды пра загінуўшых землякоў — удзельнікаў той вайны — і жывых яе сведкаў, пра подзвігі падчас вайны, яе герояў. Дзеці даведаліся, якую работу праводзяць воіны-«афганцы» з маладым пакаленнем і якую дапамогу аказвае ім дзяржава, усе зацікаўленыя структуры. Падчас мерапрыемства прагучалі вершы самадзейных паэтаў — удзельнікаў вайны ў Афганістане. Памяць загінуўшых мы ўшанавалі хвілінай маўчання.

Святлана КЛЕПЧА, бібліятэкар

 

Валевачоўскай сельскай

«РОДНАЯ МОВА — КРЫНІЦА ПРАЗРЫСТАЯ» —

так мы назвалі гутарку, прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы. Яна складалася з трох частак. Пачалося мерапрыемства з кранальных вершаваных радкоў:

Пагавары са мной на мове —

На нашай мове, не чужой…

З уступнага слова бібліятэкара дзеці даведаліся пра гісторыю беларускай мовы, яе развіццё, стан на сёння. Затым юныя чытачы, вучні мясцовай школы Насця Шумко, Ангеліна Гадзянюк і Даша Верамейчык прадэкламавалі вершы пра родную мову. А пасля школьнікі даведаліся, чаму менавіта 21 лютага святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы, як узнік, як праходзіць у розных краінах. Прагучалі выказванні замежных славяністаў пра беларускую мову, а на заканчэнне — вершы Уладзіміра Караткевіча.

Таксама для вучняў быў падрыхтаваны агляд літаратуры, у тым ліку — пра міфы, прыказкі і прымаўкі… Словам, пра ўсё тое, што сілкуе беларускую мову, робіць яе такой багатай і прыгожай.

Алена САДЧАНКА, бібліятэкар

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *