Віктар ШЧЭЦЬКА: «ЗАЎСЁДЫ РАДЫ СУСТРЭЦЦА З ВАМІ, ВЫСЛУХАЦЬ І ПА МАГЧЫМАСЦІ ДАПАМАГЧЫ»

Власть

Як паведамляў «Раённы веснік», «прамую лінію» з жыхарамі Чэрвеньшчыны правёў у рэдакцыі газеты дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Бярэзінскай выбарчай акрузе № 61 Віктар Шчэцька.

 

Пасля яе заканчэння Віктар Уладзіміравіч падзяліўся сваім бачаннем перспектыў далейшага развіцця сельскай гаспадаркі, распавёў, над чым зараз працуе пастаянная парламенцкая камісія па аграрнай палітыцы, якую ён узначальвае.

— Як вядома, па даручэнню кіраўніка дзяржавы ў краіне ўзяты курс на мадэрнізацыю вытворчасці. Што да сельскай гаспадаркі, то тут падыходы павінны быць такімі, каб мы атрымалі максімальны эфект. Бо сёння, на жаль, укладанне вялікіх сродкаў у сельскую гаспадарку не заўсёды прыносіць патрэбны вынік. Прычын шмат. Гэта і кадравыя праблемы, і парушэнне тэхналагічнай дысцыпліны. А яшчэ — не заўсёды абгрунтаваныя патрабаванні да кіраўнікоў гаспадарак (на ўзроўні раёнаў і вышэй) выконваць прагнозныя паказчыкі ва ўрон эканамічнай эфектыўнасці вытворчасці.

Наша камісія заклапочана такім станам спраў. Мы правялі сустрэчы з работнікамі міністэрства сельскай гаспадаркі, навукоўцамі. Бліжэйшым часам маем намер выехаць у адзін з раёнаў, сярэдні або ніжэй сярэдняга па развіццю аграрнай галіны, сабраць кіраўнікоў гаспадарак і пацікавіцца іх меркаваннем: што трэба для таго, каб кіраўнік адказваў за вытворчасць, за людзей так, як прыватнік: уклаў грошы ў набыццё гаспадаркі, разарыўся — згубіў усё.  Каб ён не думаў, як любой цаною атрымаць паказчык, а потым праблему выплаты заробкаў перакладаў на раён. Словам, як адзін з варыянтаў можа быць прапанавана мадэль кіравання гаспадаркай, набліжаная да прыватнай уласнасці. Хаця ёсць і іншыя правераныя часам падыходы — тыя ж агракамбінаты. Там, дзе эфектыўна працуе эканоміка, мяняць нічога не трэба…

Не хачу крытыкаваць камісію па аграрных пытаннях парламента мінулага склікання, але тую колькасць законаў, якую яна стварыла за чатыры гады, мы ўжо стварылі. У прыватнасці, у снежні мінулага года Палата прадстаўнікоў у другім чытанні прыняла праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб зямлі».

Падрыхтаваны для прыняцця ў другім чытанні праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб насенняводстве». Па ім было шмат спрэчак. Мы не пагадзіліся, каб гэты закон быў падобным на адпаведны расійскі. Справа ў тым, што расійскія стандарты па насенню нашмат ніжэйшыя за нашы, таму мы вырашылі папярэдзіць завоз у Беларусь з Расіі насення горшай якасці.

Яшчэ два праекты законаў, якія наша камісія рыхтуе зараз да прыняцця ў другім чытанні — «Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі» і «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй»…

Хачу падзякаваць жыхарам Чэрвеньшчыны не толькі за тое, што мяне абралі, але і за тое, што раён па выніках 2012 года сваімі працоўнымі дасягненнямі ўнёс сур’ёзны ўклад у эканоміку Мінскай вобласці і краіны ў цэлым. Чэрвеньшчына рухаецца наперад, у тым ліку і ў сельскай гаспадарцы, дзе будуюцца і мадэрнізуюцца фермы, укараняюцца сучасныя тэхналогіі.

Поспехаў усім! Заўсёды рады сустрэцца з вамі, выслухаць і па магчымасці дапамагчы.

 

Занатаваў Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *