ЯШЧЭ НА ГОД «ЗАВЕЯ» ПАСТАЛЕЛА

Общество

Міжрэгіянальны фестываль інтэлектуальных гульняў «Ігуменская завея» ў пятнаццаты раз сабраў юных эрудытаў ва ўтульнай актавай зале чацвёртай гарадской школы. Сёлета ўдзел у ім брала 31 школьная каманда: з Чэрвеня, Смілавічаў, Хутара, Барысава, Жодзіна, Смалявічаў, Лагойска, Фаніпаля і Мар’інай Горкі, а таксама  падмаскоўнага горада Юбілейны — пабраціма Чэрвеня.

Падчас цырымоніі адкрыцця фестывалю былі перагорнуты старонкі яго пятнаццацігадовай гісторыі. Эрудытаў павіншавала з юбілеем намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Ала Шахоцька. Намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Анжэла Рымашэўская ўручыла Падзякі і памятныя падарункі аднаму з заснавальнікаў фестывалю, кіраўніку раённага інтэлектуальнага клуба «Ігумен» Ірыне Вабішчэвіч і яго шматгадоваму вядучаму, вядомаму беларускаму эрудыту Леаніду Клімовічу. Па традыцыі своеасаблівай размінкай для каманд стала аўтарская гульня Ірыны Вабішчэвіч «Ігуменскія Соты». Яе змяніла «Мяцеліца» Леаніда Клімовіча. Прадоўжыў фестываль інтэлектуальны марафон з трыццаці шасці пытанняў гульні «Што? Дзе? Калі?». Да агульнай радасці гаспадароў турніру яго выйграла зборная школ Чэрвеня «Абы не краў».  У «Ігуменскіх сотах» перамагла барысаўская каманда «No Comment», якая (дарэчы, як і прызёры — «Абы не краў» з Чэрвеня і «Салярыс» з Жодзіна) атрымала традыцыйны прыз — гаршчочак з мёдам. Гульню «Мяцеліца» выйграў смілавіцкі «Мідгард». Абсалютнай жа пераможцай фестывалю (па найменшай суме занятых ва ўсіх гульнях месцаў) і, адпаведна, уладальніцай галоўнага прыза — савы — стала каманда «No Comment» (Барысаў).   Падарункі пераможцам і прызёрам, заахвочвальныя прызы чэрвеньскім камандам «Свет пазітыву» (гімназія), «45 градусаў» і «Казырныя тузы» (СШ №4) падрыхтавалі аддзел адукацыі, аддзел культуры, аддзел па справах моладзі райвыканкама і рэдакцыя газеты «Раённы веснік». Спонсарам фестывалю таксама выступіў Чэрвеньскі агароднінасушыльны завод. …Каб узяць экспрэс-інтэрв’ю ў Леаніда Клімовіча, легендарную асобу інтэлектуальнага руху давялося літаральна вырываць з абдымкаў шматлікіх удзельнікаў і гасцей фестывалю, якія ў перапынках ладзілі з ім фотасесію. — Леанід Валянцінавіч, Вы ўжо шмат гадоў працуеце на «Ігуменскай завеі», якія ўражанні ад фестывалю сёлетняга? — Сабралася шмат каманд роўных па моцы, таму нават цяжка прадказаць, хто пераможа. Гэта вельмі здорава, калі ў турніры ёсць інтрыга. — Ці ўзгадаеце самы яркі і памятны для Вас эпізод з гісторыі фестываляў? — Так. На адзін з турніраў я прыехаў хворы, і мне падаравалі раскошныя белыя валёнкі, якія нашу да гэтага часу. Яны для мяне — сімвал «Ігуменскай завеі» і Чэрвеня — такія ж утульныя і цёплыя, як гэты горад і гэты турнір. — Фестывалю — пятнаццаць. Што пажадаеце з нагоды маленькага юбілею? — Летась мне споўнілася пяцьдзесят. Дык вось няхай «Ігуменская завея» дажыве да маіх гадоў! Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *