Віктар Юшкевіч: “Вучыў ездзіць правільна, упэўнена і прыгожа”

Общество

Віктар Юшкевіч

Вадзіцелямі не нараджаюцца. Гэтай справе трэба вучыцца. І ад таго, які сустрэнецца настаўнік, у многім вызначыцца і  вадзіцельскі лёс.Не менш як дзве тысячы вадзіцеляў падрыхтавана з удзелам Віктара Лявонцьевіча ЮШКЕВІЧА за 40 гадоў яго дзейнасці ў якасці выкладчыка аўтасправы. За выдатную і плённую працу ён шматразова адначаўся Ганаровымі граматамі  Міністэрства, а таксама абласным і раённым аддзеламі адукацыі. У 1981 годзе па выніках  работы, праведзенай у свой час у школе №3 горада Чэрвеня, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ўзнагароджаны медалём «За трудовое отличие».

Першыя спробы  выкладання Віктар Лявонцьевіч пачаў рабіць яшчэ ў далёкім 1956 годзе падчас тэрміновай вайсковай службы. Ён  тады быў курсантам і разам са сваімі саслужыўцамі асвойваў магутны ваенны цягач. Аднак, кемлівага хлопца заўважылі. І хоць за плячыма яго на той час з навукова-тэхнічнага багажу было ўсяго толькі скончанае вучылішча сельгасмеханізацыі і спецыяльнасць механік-камбайнера, дзякуючы дасканалым ведам і магчымасці разбірацца ў мудрагельствах механізмаў, яму пачалі давяраць выкладанне некаторых канкрэтных тэмаў у сваёй групе. Разбіраешся, напрыклад, у паліўнай сістэме — растлумач курсантам работу карбюратара. Вось так і выйшла, што тыя першыя армейскія настаўнікі, што разгледзелі ў маладога салдата выкладчыцкія здольнасці, у нечым і вызначылі яго далейшы, пасляармейскі працоўны шлях. Праўда, толькі праз дзесяцігоддзе пачаў Віктар Лявонцьевіч непасрэдна займацца выкладчыцкай дзейнасцю і яна стала яго асноўнай прафесіяй — у 1966 годзе, калі яму прапанавалі работу ў Чэрвенскім ДАСААФе.

— У пачатку 60-х лёс мяне закінуў у Чэрвень, — распавядае Віктар Лявонцьевіч. Бацькаўшчына ж мая ў мястэчку Поразава Свіслачскага раёна, на Гродзеншчыне. Пяць гадоў папрацаваў вадзіцелем «хуткай» у чэрвеньскай райбальніцы, адначасова вучыўся на завочным у палітэхнічным інстытуце на факультэце — аўтамабілі і аўтамабільная гаспадарка, даволі тады прэстыжным. Прапанавалі рыхтаваць шафёраў. Выкладанне амаль што нічым не адрознівалася ад сучаснага — усройства, Правіла дарожнага руху, ваджэне. Мы рыхтавалі вадзіцеляў ІІІ класа, што адпавядала сённяшняй катэгорыі С. Займаліся і перападрыхтоўкай — з трэцяга класа на другі, з другога на першы. Вучылі таксама і матацыклістаў.

Паралельна з выкладаннем аўтасправы Віктар Лявонцьевіч займаўся яшчэ і падрыхтоўкай юнакоў да службы ў войску. На базе ДСААФа арганізавалі ваенна вучэбны пункт, які ён узначальваў. Гэтую яго дзейнасць  ганаровымі граматамі адзначылі ваенкам вобласці і нават сам камандуючы Беларускай ваеннай акругі. Факт быццам бы да шафёрскай справы асаблівага дачынення не мае, аднак найлепшым чынам сведчыць аб адказнасці, з якой Віктар Лявонцьевіч ставіцца да сваёй справы. Гэтую якасць разам з тэхнічнымі ведамі ён прывіваў і сваім вучням.

— Сваю працоўную дзейнасць я ўмоўна падраздзяляю на тры этапы, — працягвае размову Віктар Лявонцьевіч. — ДСАФ быў першым. Другі ж, вельмі цікавы і насычаны — гэта выкладанне аўтасправы ў сярэдняй школе №3 горада Чэрвеня, куды мяне запрасілі ў 1972 годзе. Для старшакласнікаў там адкрылі вадзіцельскія курсы, што давала магчымасць выпускнікам разам з атэстатам сталасці атрымаць яшчэ і правы шафёра.  Дарэчы, зусім бясплатна. Прэстыж школы ў той час быў неймаверны. Не адныя гарадскія, нават многія сельскія дзеці імкнуліся вучыцца менавіта там, жылі ў інтарнаце, дамоў ездзілі толькі на выхадныя, але магчымасць стаць уладальнікам заветнай «кніжачкі» у нішто ставіла часовыя нязручнасці. Школа была «шматдзетная», іншы год фарміравалася па тры паралельныя дзевятыя і дзесятыя класы. Такіх, хто б шчыра не жадаў у мяне вучыцца, не прыпомню. Урокі праходзілі цікава, асабліва падабалася ваджэнне, якое праводзілі вельмі ўдалыя інструктары — Анатоль Піменаў і Анатоль Аношка. Апошні, на жаль, ужо з жыцця пайшоў. Здача экзаменаў у ДАІ амаль заўсёды была стопрацэнтнай, бо вучні з вялікай ахвотай спасцігалі цікавую справу, аднолькава — і хлопцы, і дзяўчаты. Апошнія нават больш старанна.

У 1981 годзе створаны вучэбна-вытворчы камбінат. Туды перайшлі са школы выкладчыкі, узяўшы з сабою добра напрацаваныя традыцыі. Туды перадалі ўсю матэрыяльную базу аўтакласа. Дваццаць пяць гадоў адпрацаваў у НВК і Віктар Лявонцьевіч. Завучам, а потым і дырэктарам. Пяцьдзесят юнакоў і дзяўчат штогод атрымоўвалі там вадзіцельскія пасведчанні. Многія з іх былі дзецьмі яго некалішніх вучняў, а напрыканцы працоўнай дзейнасці сустракаліся нават і унукі.

Большасць яго выпускнікоў  пайшлі працаваць шафёрамі. Нямала і тых, хто сваю далейшую вучобу звязаў з тэхнікай і дасягнуў пэўных вышынь.  Міхаіл Паўлюк —  начальнік рамонтна-механічнай майстэрні ДРСУ, начальнікам аўтакалоны аднаго з мінскіх будаўнічых трэстаў працуе Віктар Шышонак. Сярод яго вучняў, напрыклад, Міхаіл Ражкоў — былы супрацоўнік ДАІ,  галоўны інжынер навукова-даследчай станцыі Дзяніс Яцыновіч, галоўны інжынер дрэваапрацоўчага камбіната АляксандрЛадуцька, прадпрымальнік Анатоль Лызо, вадзіцель МНС паста «Ведрыца»Алег Раманоўскі, яго з асаблівай цеплынёй узгадваў Віктар Лявонцьевіч. І шмат хто яшчэ. Настаўнік многіх помніць і многімі ганарыцца. І скарыстаўшы момант, віншуе усіх, хто звязаў свой лёс з аўтамабілем, з іх прафесійным святам. Каб дарога заўсёды была гладкай, каб справа ладзілася і дома каб чакалі каханыя, любімыя і дарагія людзі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *