Мы спыталі ў чытачоў: «ЧАГО ВЫ ЧАКАЕЦЕ АД ГОДА ЗМЯІ?»

Общество

Аксана КАЛТОВІЧ, дырэктар гімназіі №1 імя У.Караля г.Чэрвеня:

— Пачну з таго, што адыходзячы год Дракона для мяне атрымаўся вызначальным, паколькі адбыліся значныя змены ў прафесійным плане. І цяпер я спадзяюся ўвайсці ў новы год з новымі планамі і праектамі. Хаця душа мая яшчэ дзесьці ў СШ №4 г.Чэрвеня, бо я там адпрацавала сямнаццаць гадоў, пяць з якіх — намеснікам дырэктара. Аднак мяне добра прынялі і ў новым калектыве. Я адразу ж знайшла сабе аднадумцаў. Разам будуем планы.

Між іншым, я сама нарадзілася ў год Змяі! А паколькі яна лічыцца разважлівай істотай, спадзяюся, што 2013-ы будзе шчаслівым і ў пэўнай меры — спакойным, без вялікіх душэўных узрушэнняў. Спадзяюся, што сімвал год дапаможа прымаць узважаныя і ўдумлівыя рашэнні. Хочацца, каб здароўя хапіла — і мне, і маёй сям’і, і ўсім тым, з кім працуем разам.

Уплыў Змяі, пад чыім знакам нарадзілася, я адчуваю, але змяёй у прамым сэнсе не хацела б сябе лічыць (смяецца)… Хаця, бывае, дома даводзіцца і пашыпець. Думаю, у многіх сем’ях у жанчын энергіі хапае звычайна на дзень, але не на вечар. Ды, тым не менш, імкнуся ісці па жыцці з усмешкай.

Дарэчы, натуральных змей не баюся, вужоў — таксама. У маёй педагагічнай практыцы нават такі выпадак быў (усміхаецца)… У 1995-ым я прыйшла працаваць у СШ №4. Мне далі дзявяты клас, дзе вучні былі маладзей за мяне толькі… на чатыры гады. І вось я прыходжу на ўрок, а ў мяне на стале ляжыць… вуж. Жывы! Гэтак дзеткі хацелі мяне, маладога спецыяліста, напужаць. Але паколькі я — Змяя, дык з «родзічам» знайшла агульную мову. Больш за тое! Я ўзяла яго ў рукі і так правяла практычна цэлы ўрок. Пасля гэтага клас не імкнуўся больш мяне нечым выпрабоўваць…

 

Ілья НЯХАЙ, вучань чацвёртага класа гімназіі №1 імя У.Караля г.Чэрвеня:

— Для мяне год Змяі пачнецца з Новага года. А на гэтае свята я чакаю, канешне ж, падарункаў ад родных і блізкіх. Мару пра новы тэлефон. Хочацца, каб будучы год прынёс усім здароўя і шчасця. У год Змяі я і мае аднакласнікі скончым чатыры класы і будзем паступаць у пяты. Спадзяюся, што я добра вытрымаю іспыты. Гэтага жадаю і ўсім маім аднакласнікам. Хочацца, каб і ў далейшым мы вучыліся ўсе разам у гімназіі.

Мой дзядуля жыве ў Глуску. Спадзяюся, што ў наступным годзе ў мяне атрымаецца з’ездзіць разам з ім у Балтыйск — да яго брата. А на вакацыях я хацеў бы патрапіць у Мінск — да сваёй хроснай мамы. Мне падабаецца разглядаць ёлкі і бываць на спектаклях у тэатры музкамедыі.

Яшчэ чакаю ад будучага года добрага надвор’я!

 

Сяргей СМІРНОЎ, індывідуальны прадпрымальнік:

— Я хачу, каб год Змяі прынёс людзям здароўе, дабрабыт, мірнае неба і пабольш добрых падзей. Не хачу гаварыць пра сябе асабіста. Лепей пажадаю гэтага ўсім. А як добра будзе ўсім — добра будзе і мне. Жадаю, каб у кожнага была добрая праца і годны заробак, каб паляпшалася матэрыяльнае становішча. А калі праводзіць паралелі… Не хачу, каб людзі былі, як змеі, каб шыпелі адзін на аднаго. Добра памятаю савецкія часы. Магчыма, там і быў якісьці негатыў, але затое адносіны паміж  людзьмі былі нашмат лепей, чым зараз. Вось гэта хацелася б вярнуць.

Ну і, вядома, жадаю ў 2013-ым мяккай пасадкі нашаму касманаўту Алегу Навіцкаму! Дужа хочацца, каб ён пасля завітаў у родны горад. Гэта ж якая падзея — трэці беларускі касманаўт адсюль родам! Малайчына! Паважаю такіх людзей — разумных, прыстойных… Няхай у будучым годзе іх будзе вакол як мага больш…

 

Марына БАНДАРОВІЧ, спецыяліст другой катэгорыі аперацыйнага аддзела ЦБУ №627 філіяла №500 Мінскага ўпраўлення ААТ «ААБ Беларусбанк», г.Чэрвень:

— У мяне муж па году — Змяя. Таму спадзяюся, што ў нас усё будзе добра, год будзе ўдалым. Галоўнае, каб Змяя прынесла здароўе ўсім. Каб родныя не хварэлі — бабулі-дзядулі, таты-мамы… Павышэнне па службе? Ну, гэта як атрымаецца (ўсміхаецца)… Я думаю, кожнаму хочацца, але гэта — другаснае.

Я вучуся завочна на трэцім курсе ў Полацкім дзяржаўным універсітэце па спецыяльнасці «Фінансы і крэдыт». Зімовая сесія пачынаецца восьмага студзеня. Спадзяюся, што мудрая Змяя дапаможа мне яе здаць паспяхова (ўсміхаецца)! Мару, каб білеты былі лёгкімі, каб выкладчыкі не прыдзіраліся. І такой жа паспяховай хочацца летняй сесіі, каб перайсці на чацвёрты курс.

Увогуле, няхай у наступным годзе ва ўсіх усё будзе добра! Хочацца, каб у краіне было спакойна, а ў нашым банку — пабольш кліентаў. Каб яны не сварыліся, а былі больш цярплівымі, каб ва ўсіх спецыялістаў з кліентамі было поўнае ўзаемапаразуменне.

А што датычыцца Новага года… Ну так, хочацца, каб хтосьці здзівіў арыгінальным падарункам…

 

Кацярына КРАСНАГІР, прадавец:

— Хаця я вельмі баюся змей і нават у заапарк на іх не хаджу глядзець (смяецца), але магніцік на халадзільнік з сімвалам будучага года ўжо купіла. Няхай вісіць, прыносіць шчасце і прыцягвае ўдачу. Пра што можа марыць прадавец, чаго чакаць ад будучага года? Канешне ж, каб было пабольш пакупнікоў, бо ад гэтага залежыць і заробак. Для родных і блізкіх хачу здароўя, для сябе — скончыць нарэшце ўніверсітэт і атрымаць спецыяльнасць «метадыст па фізічным выхаванні дзяцей дашкольнага ўзросту», займець вышэйшую адукацыю. Чакаю прыемных прапаноў, сюрпрызаў, падарункаў, магчымасці з’ездзіць у адпачынак куды-небудзь да мора… А замуж… Ды як атрымаецца… Ёсць прыязныя адносіны. Пажывём — пабачым, якія сюрпрызы падрыхтавала нам у свой год Змяя…

 

Распытвала і занатоўвала Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *