ЧАКАЙМА АД ЗМЯІ ДАБРА І МУДРАСЦІ…

Общество

Надзвычай здзівіўшы нас сёлета моцнымі снягамі, пані Зіма вырашыла і надалей падкідваць сюрпрызы. То — парывы ветру ледзянога, то — узмацненне маразоў… Але захінаючыся ад стыхіі, бегучы на працу і з працы альбо — па ўласных справах, мы мімаволі задумваемся аб блізкасці Новага года. З кожным снежаньскім днём усё больш святочных упрыгажэнняў з’яўляецца ў аб’ектах гандлю, на прадпрыемствах, у арганізацыях… А гірлянды на будынках увечары і ўначы сваімі каляровымі агеньчыкамі спрыяюць узнікненню святочнага настрою. Як і традыцыйная ёлка на плошчы Чэрвеня, духмяныя дрэўцы альбо галінкі ў хатах і кватэрах…

І нават калі, закруціўшыся ў будзённай мітусні, мы раптам усведамляем, што асаблівага жадання святкаваць быццам бы і няма, усё ж нас… выручаюць традыцыі. Займаешся ўладкаваннем аднаго, а за ім абавязкова захочацца зрабіць другое, трэцяе…

Запахла хвояй — і ўжо хочацца змяшаць у паветры яе водар з мандарынавым. А побач з кампазіцыяй уладкаваць прыгожыя вітыя свечкі і падрыхтаваць для шампанскага зіхатлівыя крыштальныя келіхі…. Можа, нават задумацца аб захаванні вернасці салаце аліўе, заліўной рыбе… А прыгадаўшы апошнюю, знайсці колькі часу для прагляду «Іроніі лёсу». Вядома, у кожнай сям’і існуюць і свае традыцыі. Але прыемна, што гэтыя, згаданыя, па-ранейшаму аб’ядноўваюць не адно пакаленне.

Зрэшты, падрыхтоўка святочнага стала і навагодніх строяў у нас — яшчэ наперадзе. А пакуль ёсць крышачку часу, каб падумаць, чым задобрыць гаспадыню новага года — Змяю. І хаця стаўленне да гэтай рэальнай істоты ў людзей, мякка кажучы, неадназначнае, лепей не прыгадваць яе ў жывой прыродзе, а ўспрымаць, як гераіню казак — усмешлівую, добрую, мудрую, разважлівую, памяркоўную… А вось цікава: ці можна лічыць сімвалам года… Змея-Гарыныча? Няхай у яго і тры галавы, але ж — Змей…

У навагоднюю ноч пад перазвон гадзінніка мы традыцыйна будзем загадваць самыя патаемныя жаданні з дзіцячай верай у тое, што яны абавязкова спраўдзяцца. А яшчэ — прасіць у гаспадыні Змяі ўсіх даброт — для сябе, сваіх родных, блізкіх, сяброў… Няхай яна падзеліцца з ўсімі намі самымі добрымі якасцямі. І мы з яе дапамогай таксама станем больш  добрымі, мудрымі, разважлівымі, уважлівымі адно да аднаго…

З надыходзячым Новым годам вас, шаноўныя чытачы! Усіх даброт, выканання жаданняў і прыемнага святкавання — кожнаму з вас!

Святлана АДАМОВІЧ

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *