Весткі з бібліятэк

Общество

Чэрвеньскай цэнтральнай.

Чарговае пасяджэнне літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь» мы пачалі з ушанавання беларускага творцы, майстра Паўлюка Багрыма, чые 200-ыя ўгодкі адзначаюцца сёлета. Бібліятэкары распавялі пра жыццё і творчасць паэта і прачыталі яго адзіны верш «Зайграй, зайграй, хлопча малы…». Старшыня клуба Уладзімір Дарагуж прадэманстраваў на мультымедыйнай устаноўцы выяву бюста Багрыма, фотаздымкі касцёла ў Крошыне і тамтэйшай жырандолі, якую выкаваў сам Паўлюк, а таксама прачытаў верш Уладзіміра Караткевіча, прысвечаны паэту.

Затым усіх запрасілі ў літаратурную гасцёўню «Маці-Беларусь, твой сын жыве!», прысвечаную 130-годдзю народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Пра яго жыццё і творчасць грунтоўна распавяла бібліятэкар Алена Адамовіч. Уладзімір Дарагуж прадэманстраваў два факсімільныя выданні з уласнай бібліятэкі — «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (1909 год) і «Песні жальбы» (1910 год). Колішні настаўнік беларускай мовы і літаратуры Уладзімір Адамовіч засяродзіў увагу прысутных на вельмі багатай мове паэта, узгадаў успаміны малодшага сына, Міхася Міцкевіча, пра бацьку, выразна і кранальна  прачытаў урывак з паэмы «Сымон-музыка» і параіў удзельнікам клуба перачытаць яе.

Уладзімір Дарагуж прадэманстраваў фотаздымкі Якуба Коласа, яго жонкі, дзяцей, сяброў ды іншыя. Прысутныя з задавальненнем паглядзелі фільм пра паэта, які быў зняты ў 1962 годзе.

Пра жыццё і творчасць юбіляра ўзгадала і актыўная ўдзельніца клуба Зоя Сушкевіч. А Софія Гурына ўзнёсла прачытала твор пісьменніка «Думкі ў дарозе» і цудоўны верш Пімена Панчанкі «Кнігі Коласа нам і калыскай, і школай былі…».

Святлана ЖДАНОВІЧ,

загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі

 

Лядзенскай сельскай

Нядаўна да нас у госці завіталі супрацоўнікі Горкаўскага сельскага Дома фальклору з літаратурна-музычнай кампазіцыяй «Нам засталася спадчына». Праграму вяла бібліятэкар Святлана Вайцяховіч. Гучалі вершы Купалы і Коласа пра любоў да Беларусі, да нашых родных вёсак. Андрэй Каленік пранікнёна спяваў песні «Явар з калінаю», «Нашто бабе агарод», «Шумныя бярозы».

Працягнулася сустрэча прыемнаю гутаркай пра каштоўнасць кахання і сям’і. Колішні аграном Міхаіл Сомаў прыгадаў, як сустрэў сваю будучую жонку. Светлае пачуццё яны пранеслі праз усё жыццё. Шмат часу доўжыцца і сумеснае жыццё сям’і Блецько, якія разам ужо амаль 58 гадоў!

Гучалі падчас сустрэчы песні ў выкананні Святланы Вайцяховіч, Таццяны Савонавай і Андрэя Каленіка, прыпеўкі. Мастацкі кіраўнік Горкаўскага сельскага Дома фальклору Галіна Ворнік праводзіла з прысутнымі цікавыя гульні і конкурсы, пераможцы якіх атрымлівалі цукеркі. Гэтая сяброўская сустрэча пакінула найлепшыя ўражанні ва ўсіх прысутных. Дзякуй нашым гасцям!

Святлана КЛЕПЧА, бібліятэкар

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *