У НЯСВІЖ ДА РАДЗІВІЛАЎ

Общество

Вядома ж, пабываць у гасцях у саміх прадстаўнікоў гэтага знатнага магнацкага роду немагчыма, бо ніхто з іх не жыве ў колішнім маёнтку. Доля і час раскідалі Радзівілаў па свеце. Але радавое гняздо існуе і нават зараз аднаўляецца, праўда, ужо як турыстычны аб’ект. Зусім нядаўна рэканструяваны нясвіжскі замак расчыніў дзверы для наведвальнікаў і нават прадаставіў свае прасторныя залы для каралеўскіх скарбаў з Велікабрытаніі. А несвіжане пастараліся, каб іх горад атрымаў сёлета ганаровы статус культурнай сталіцы Беларусі. Таму актыўныя і цікаўныя аматары клуба “Бонда” з яго дбайным кіраўніком Станіславай Чаславаўнай Баркоўскай не прамінулі завітаць сюды. Абраны для вандроўкі восенькі дзень спрыяў нам: было даволі цёпла і сонечна. Вопытны экскурсавод, добра знаёмы па папярэдніх паездках — Мікалай Васільевіч, і гэтым разам грунтоўна падрыхтаваўся, адразу з самога Чэрвеня шчодра і старанна пашыраў наш кругагляд. А ў дадатак, у Нясвіжы шмат разнастайных гістарычных фактаў, аповедаў і баек распавялі тамтэйшыя экскурсаводы. Рабілі яны сваю справу заўзята і цікава. Прамільгнула зайздросная думка: несвіжанам пашанцавала. Старажытнае іх паселішча заснавана на беразе паўнаводнай ракі Уша. Яшчэ ў пачатку XVI стагоддзя яно стала галоўнай рэзідэнцыяй адной з самых багатых і ўплывовых сям’яў, ператварылася ў палітычны і культурны цэнтр Вялікага княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага… Тут віравала жыццё, давала штуршок развіццю ўсяго лепшага, перадавога, несла добрую славу Нясвіжа далёка за межы дзяржавы. Час і войны не знішчылі ўшчэнт тварэнні таленавітых працоўных рук майстроў, пакінулі нашчадкам сапраўдныя шэдэўры мастацтва, дойлідства, якімі любуемся і мы…

Слуцкая брама

Ніякі іншы горад Беларусі не можа пахваліцца такой гістарычнай адметнасцю. Гэта адзіная брама, якая захавалася да нашых дзён.  Невыпадкова яна стала візітоўкай Нясвіжа.  Нас сустракала мураванае двух’яруснае ў стылі барока збудаванне з арачным праездам. Даўней на першым ярусе брамы знаходзіліся каморкі для варты, на другім —  капліца, у якой меліся  абраз Найсвяцейшай Панны Марыі ў багатым срэбраным абкладзе і алтар з дуба. Як нам распавялі, гэтыя вароты ў Нясвіжы з’явіліся пры Мікалаю Радзівілу “Сіротку”. Іх было ажно пяць, і разам з гарадскімі валамі, ірвамі, умацаваннямі сцен яны насілі абарончы характар. У 1586 годзе, калі Нясвіж атрымаў Магдэбургскае права, Слуцкая брама стала яшчэ і месцам для збору брамнага падатку. Падчас войнаў яе шмат разоў разбуралі, але несвіжане аднаўлялі. І ў тым выглядзе, які захаваўся да нашых дзён, брама  ўзведзена ў 1788 годзе пры Радзівіле “Пану Каханку”.  Тады пры будаўніцтве ёй надавалася вялікае эстэтычнае значэнне. Таму па сваёй прыгажосці Слуцкая брама не ўступала знакамітай Вострай браме ў сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. І зараз яна быццам вітае нас, гаворыць, што мы трапляем у багатае на гістарычную спадчыну месца.

Кляштар бенедыкцінак

Па вузкай гарадской вуліцы, якая ўздоўж возера ўзнімаецца ўгору, даязджаем да высачэннай вежы-брамы з аркай. Гэта ўваход на тэрыторыю, дзе калісьці месціўся першы ў Вялікім княстве літоўскім  жаночы манастыр. Будаваўся ён пры Радзівілу “Сіротку” у ансамблі з касцёлам Святой Яўфіміі. Першыя манашкіпрыехалі з Польшчы, а пазней нясвіжскія бенедыкцінкі сталі першымі насельніцамі кляштараў у Вільні, Коўне, Менску…
Па існуючых звестках, у кляштары ў Нясвіжы пастаянна выхоўвалася 25 паненак. Манашкі навучалі іх замежным мовам, музыцы, мастацтву і многаму іншаму.

Некаторыя даўнейшыя будынкі на тэрыторыі за высокай мураванай агароджай і зараз стаяць. У іх цяпер месціцца  педагагічны каледж. Так што будучыя настаўнікі, а ў асноўным гэта дзяўчаты, атрымалі ў спадчыну месца духоўнага ўдасканалення.

Радзівілаўскі замак

Стаіць ён на ўзгорку і відаць здалёк з любога боку Нясвіжа. Аднак патрапіць туды не так проста нават цяпер. Напачатку трэба прайсці вельмі доўгую алею. Уваход сюды — праз рашотчатыя кованыя зробленыя пад даўніну вароты. На іх герб магнатаў: грозны арол, на грудзях якога тры паляўнічыя трубы. Аб паходжанні герба нам распавялі такую легенду. Неяк Радзівіл быў на паляванні разам з польскім каралём і вельмі дагадзіў яму. Кароль вырашыў узнагародзіць гаспадара і загадаў яму затрубіць у паляўнічы рог, паабяцаўшы падарыць столькі зямлі, наколькі чутны голас рога. Радзівіл надта пастараўся і атрымаў добры надзел. З таго часу паляўнічыя трубы з’явіліся ў гербе Радзівілаў.

Па словах мясцовага экскурсавода, Радзівілы з’явіліся ў Нясвіжы ў 1513 годзе. Атрымалі горад у пасаг ад Ганны з роду Кішкаў, якая ўзяла шлюб з Янам Мікалаем Радзівілам “Барадатым”.  Выдатны палітык і дыпламат Мікалай Радзівіл “Чорны” задумаў заснаваць у Нясвіжы радавое гняздо. Неўзабаве быў закладзены па вядомай у тыя часы галандскай сістэме першы замак — невялікі, драўляны. Затым у сына  Мікалая  Радзівіла “Сіроткі” ўзнікла ідэя ўзвесці каменнае збудаванне. Часы панавалі трывожныя, вяліся сутычкі з суседзямі, пастаянныя войны. Ён задумаў умацаваць горад, перабудаваць замак, выкарыстаўшы найноўшыя фартыфікацыйныя сістэмы. І ў 1583 годзе пачаліся работы пад кіраўніцтвам таленавітага італьянскага архітэктара, манаха-езуіта Джавані Марыя Бернардоні, якога запрасіў Радзівіл. Таксама былі сабраны лепшыя мясцовыя майстры. Пачалося стварэнне плацдарма мураванай крэпасці. Паглыбілі раку Уша, выкапалі  два возеры і глыбокія рвы, якія запоўнілі вадой, насыпалі вал вышынёй да 20 метраў і абклалі яго каменнем. Па вуглах стварылі бастыёны, унутры вала размясцілі склады боепрыпасаў, медыкаментаў, стайні.  У замак  можна было патрапіць толькі праз пад’ёмны мост, які вёў да ўязной брамы. Усё ўзводзілася трывала, на стагоддзі. І ўсё ж ён цярпеў разбурэнні. Праўда, Радзівілы яго аднаўлялі. Так што цяпер, пасля некаторай рэстаўрацыі, мы ўсё яшчэ маглі агледзець сівую даўніну, ухваліць яе творцаў.

Агледзеўшы замак звонку,  мы накіроўваемся ва  ўнутраны даволі прасторны двор. У цэнтры яго — калодзеж. Ён не такі звыклы, як у нашых вёсках, зроблены з фантазіяй. Тут з задавальненнем фатаграфуюцца турысты.  Зрэшты, яны стараюцца сфатаграфаваць амаль што кожны куточак, бо усё ў замку пасля намаганняў сучасных рэстаўратараў прыцягвае ўвагу і захапляе. Калі ўлічыць, што наша дзяржава не магла выдаткаваць такія ж вялізныя сродкі, якія трацілі калісьці самі магнаты на добраўпарадкаванне ўласнай  рэзідэнцыі, то нават уявіць складана ўсю былую раскошу.

Па сцвярджэнню гісторыкаў, нясвіжскі палац пабудаваны на італьянскі манер і  нагадвае старажытныя палацы ў Венецыі. У ім высокая столь,  у пакоях шмат шырокіх вокнаў,  прагулачныя галерэі з ажурнымі аркадамі… Некаторыя залы Радзівілаўскага палаца былі цалкам зроблены з мармура, алебастра, золата. Такому ўнутранаму шыкоўнаму ўбранню пакояў, напэўна, зайздросціў нават кароль, бо недарма ж склалася  прымаўка: «Кароль сабе каралём у Варшаве, а Радзівіл — у Нясвіжы». У замку знаходзіліся ўнікальныя калекцыі зброі, рыцарскіх даспехаў, паляўнічых трафеяў, фарфору, габеленаў з малюнкамі гісторыі роду, брыльянтаў,  іншых каштоўнасцяў. Тут захоўваўся архіў Вялікага Княства Літоўскага. Бібліятэка налічвала ажно дваццаць тысяч тамоў кніг і была самай буйной па тым часе. Мелася карцінная галерэя з больш як 900 мастацкімі палотнамі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што сярод партрэтаў былі работы вядомых сусветных мастакоў Тыцыяна і Рэмбрандта.

Існавала ў палацы і скарбніца, легенды пра якую жывуць стагоддзямі і не даюць спакою нават сучасным скарбашукальнікам. Гэта была радавая скарбніца, якая пастаянна папаўнялася. Засталіся пісьмовыя сведчанні яе незлічоных багаццяў. Расійскі пасол, які аднойчы суправаджаў польскага караля Станіслава Аўгуста ў паездцы ў Нясвіж, пісаў, што “пасля бліскучага феерверку і абеду на 300 асоб кароль спусціўся ў падзямелле замка і ўбачыў залатыя зліткі, укладзеныя да самай столі. Золата было на сотні пудоў, мноства залатых рэчаў ды 12 апосталаў з гэтага металу і срэбра, усыпаныя каштоўнымі камянямі».  Існавала цвёрдая дамова паміж Радзівіламі: ўладальнікі не маюць права нічога са скарбніцы ні прадаць, ні аддаць у пасаг, ні вывезці. Нават у небяспечныя гады знішчальных войнаў каштоўнасці павінны былі заставацца ў сховішчы, пра якое ведаў толькі сам князь і яго давераны слуга.

Цікава было пачуць, што  пасля таго, як сапраўдныя скульптуры былі схаваны ў патаемным месцы (бо былі спробы ўкрасці), Радзівілы зрабілі копіі з воску і фальшывых камянёў. Апосталаў настолькі па-майстэрску адлілі, што недасведчанаму чалавеку не ўяўлялася магчымым адрозніць падробку ад сапраўдных шэдэўраў мастацтва. Кажуць, што разам з апосталамі ў Блакітнай зале замка выставілі васковыя фігуры злодзеяў. Калі верыць гэтаму, дык першая ў свеце калекцыя васковых фігур узнікла не ў Лондане, а ў Нясвіжы. Між тым, каштоўныя апосталы так надзейна схаваны, што дагэтуль не знойдзены.

З цікавасцю мы аглядалі замкавыя рарытэты і засталіся ўзрушаныя ўбачаным. Вось адна з экспазіцыйных залаў  — Камінная ці сталовая. Калісьці яе задумала Марыя дэ Касталян, якая разам з мужам Антоніям Радзівілам аднаўляла замак пасля вайны 1812 года. Кожную панэль і ўпрыгажэнні замаўлялі ў Італіі.  І што радасна: сёння вялікая сталовая з такой жа столлю, тымі  ж панэлямі.

Адметная і Паляўнічая зала, якую, як мы даведаліся з расповеду экскурсавода, аднаўлялі па фотаздымках  сямейнага архіву. Сярод экспанатаў — чучалы птушак, рогі ласёў, скуры мядзведзяў…

З цікаўнасцю мы аглядзелі дзвюхпакаёвыя спальні князя і княгіні, якія злучаліся пад лесвіцай патаемным калідорчыкам. Пабачылі залу для баляў, грымёрную прыгонных артыстаў… Дарэчы, менавіта ў нясвіжскім замку быў створаны першы ў дзяржаве аматарскі тэатр. Ён спачатку ставіў камедыі і трагедыі, а пазней  — балет і оперу. Трупа складалася з  прыгонных артыстаў і княжацкай моладзі, для якіх спецыяльна з Францыі і Італіі запрашалі вядомых балетмайстраў. Мы пабачылі прылады, з дапамогай якіх на сцэне ствараўся пошум  дажджу, ветру, марскога прыбою… А тым часам ва ўнутраным дворыку шпацыравалі артысты ў шыкоўным убранні таго часу.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *