Пераможцам сёмага турніра па футболу памяці трэнера чэрвеньскага «Коласа» Яўгена Вараб’я стала каманда «Супер Старз»

Общество

"Супер Старз" - пераможца футбольнага турніру памяці Яўгена Вараб"я

У мінулыя выхадныя на гарадскім стадыёне ў Чэрвені прайшоў сёмы турнір па футболу памяці трэнера чэрвеньскага «Коласа» Яўгена Вараб’я. Падчас яго быў устаноўлены рэкорд па колькасці каманд-удзельніц. На першым этапе барацьбу за пераходны кубак вялі 11 калектываў: «Супер Старз», СДЮШАР, «Энергетык», будаўнічы ліцэй і ПМК-237 з Чэрвеня, калектыў аматараў футбола і каманда сельгасліцэя са Смілавічаў, а таксама каманды з вёсак Раванічы, Красны Дар, Горкі і горада Беразіно.

Перад пачаткам турніру футбалісты і балельшчыкі ўшанавалі памяць Яўгена Вараб’я хвілінай маўчання. Успамінамі пра гэтага добрага чалавека,таленавітага спартсмена і трэнера падзяліўся яго калега і сябар Валерый Субоцін.

Лепшы ігрок турніру Мікалай Свірыдовіч

Шляхам жараб’ёўкі каманды былі падзелены на тры групы. Гульні праходзілі на дзвюх пляцоўках, якімі служылі размечаныя ўпоперак паловы вялікага поля. З групы «А», у якой гулялі тры каманды, адзіную пуцёўку ў фінал заваявалі футбалісты «Супер Старз»: «зоркі» выйгралі абедзве сустрэчы. У групе «Б» са стопрацэнтным вынікам фінішаваў калектыў аматараў футбола «Смілавічы», а ў групе «В» — з двума перамогамі і нічыёй — «ПМК-237». Чацвёртую пуцёўку ў фінал разыгралі ў стыкавым матчы каманды, якія занялі другія месцы ў групах «Б» і «В»: «Беразіно» і будаўнічы ліцэй. Упэўненую перамогу з лікам 8:1 атрымалі бярэзінцы.

Нядзельную праграму турніру адкрыў першы паўфінал паміж камандай ПМК-237 і калектывам аматараў футбола «Смілавічы». Першы тайм сустрэчы скончыўся нулявой нічыёй, а ў самым пачатку другога небяспечную атаку чэрвеньскіх будаўнікоў вынікова завяршыў Алег Бурмістронак. Пераможную кропку ў гульні паставіў на апошніх яе секундах Сяргей Забаронак: пасля яго дакладнай падачы вуглавога мяч уляцеў у дальні кут сеткі варот смілаўчан — 2:0.

У другім паўфінале «Супер Старз», дзякуючы голу Паўла Гавароўскага, з лікам 1:0 перамагла каманду Беразіно. Бярэзінцы ўсё ж апынуліся ў прызёрах турніру нечакана і пераканаўча выйграўшы матч за трэцяе месца ў смілаўчан — 5:2.

Пераходны кубак капітану каманды Аляксандру Курыловічу ўручыла жонка Яўгена Вараб'я Людміла Аляксандраўна

А пераходны кубак у трэці раз за гісторыю правядзення спаборніцтваў заваявала каманда «Супер Старз», якая ў фінале зламала супраціўленне дружнага калектыву будаўнікоў. Два безадказныя галы пераможцы забілі ў другім тайме: вызначыліся Мікалай Свірыдовіч і Ігар Слыхоўскі. Адметна, што варатар «зорак» Аляксандр Курыловіч не прапусціў на турніры ніводнага мяча. Акрамя названых футбалістаў, уладальнікамі кубка і грашовай прэміі ў складзе «Супер Старз» сталі Сяргей Качановіч, Павел Гавароўскі, Ілья Прытыка, Сяргей Сасункевіч, Сяргей Канцур, Яўген Цэдрык і прадстаўнік каманды Дзмітрый Чысты.

Лепшым іграком турніру прызнаны Мікалай Свірыдовіч («Супер Старз»), лепшымі ў камандах-фіналістах — Ігар Слыхоўскі («Супер Старз»), Уладзімір Тарасік (ПМК-237) і Андрэй Суша (КАФ «Смілавічы»). Прызы глядацкіх сімпатый дасталіся Аляксандру Курыловічу («Супер Старз»), Аляксею Сасункевічу (ПМК-237) і Аляксандру Хасяневічу (КАФ «Смілавічы»). Аддзел фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама ўзнагародзіў каманды, якія ўзышлі на п’едэстал гонару, граматамі і медалямі. Лепшыя ігракі атрымалі грашовыя прызы. Спонсарамі турніру былі ўнітарнае прадпрыемства ТМК «Альфа» і ПМК-237.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *