ЖОДЗІНСКІ РЭВАНШ «КОЛАСА»

Спорт

«Жодзіна-2007» — «Колас» (Чэрвень) — 1:2.

23 верасня. Жодзіна. Воблачна, часам дождж. 12 градусаў. 50 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Цэдрык, Мельцар, Камісаранка (Аладка, 75), Прытыка, Масько (Качановіч, 80), Шалабнёў, Ліпніцкі, Хасяневіч (Канцур, 46), Бурмістронак, Няхай.

Галы ў «Коласа»: Няхай (18), Ліпніцкі (55).

Пачатак матча ў Жодзіне па просьбе гаспадароў поля быў перанесены з 14 на 12 гадзін. З-за гэтага не здолелі ўзяць удзел у гульні два нападаючыя нашай каманды — Антон Галай і Яўген Яблонскі. Такая акалічнасць шмат у чым прадвызначыла тактычную мадэль гульні «Коласа» — пераважна ад абароны.

Жодзінцы са стартавым свістком пачалі ціск на нашы вароты, і на 15 хвіліне адна з іх шматлікіх атак прынесла вынік. Пасля вострай барацьбы ў штрафной пляцоўцы мяч быў адпраўлены ў сетку з блізкай адлегласці. Прапушчаны гол вымусіў чэрвеньцаў контратакаваць. І ўжо праз тры хвіліны дасягнуў мэты дальні ўдар Аляксандра Нехая — 1:1.

Неўзабаве пасля перапынку ён жа меў выдатны шанц вывесці «Колас» наперад, але не здолеў перайграць варатара. Затое на 55-й хвіліне гэта зрабіў другі Аляксандр — Ліпніцкі. Ён скарыстаўся выдатнай верхавой перадачай Сяргея Канцура і галавой скіраваў мяч у сетку варот «Жодзіна-2007» — 2:1.

Гаспадары поля кінулі ўсе сілы на тое, каб адыграцца, але нашы футбалісты на чале з варатаром-трэнерам Аляксандрам Курыловічам, які бліскуча згуляў у «рамцы», адстаялі пераможны лік. Такім чынам, «Колас» узяў у жодзінцаў рэванш за крыўднае буйное паражэнне на сваім полі ў першым крузе — 2:7. Больш таго, чэрвеньцы прадоўжылі сваю бяспройгрышную серыю. У чатырох апошніх гульнях  яны атрымалі тры перамогі і адзін матч згулялі ўнічыю, набраўшы 10 ачкоў з 12 магчымых.

Наступную сустрэчу ў чэмпіянаце «Колас» правядзе ў гэтую суботу на сваім полі з лідарам спаборніцтваў — дзяржынскай «Лівадыяй-Юні». Пачатак гульні — у 14 гадзін. Прыходзьце падтрымаць нашу каманду!                                                                        

 

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *