Новае супрацоўніцтва

Общество

У дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця завітала прадстаўнік Фонда сацыяльнай абароны — начальнік аддзела сацыяльнага страхавання Мінскага абласнога ўпраўлення Святлана Карары. Яна падаравала выхаванцам навучальную літаратуру і каля 150 размалёвак. Акцыя Фонда была прымеркавана да Года кнігі.

Святлана Карары і Аляксандр

Падчас візіту Святлана Карары цікавілася працай супрацоўнікаў дома-інтэрната, умовамі жыцця выхаванцаў. Дырэктар установы Аляксандр Давыдзенка запрасіў госцю на экскурсію па кабінетах і пакоях.

Сёння ў доме-інтэрнаце знаходзяцца 296 выхаванцаў ва ўзросце ад 4 да 30 гадоў. Яны з рознымі ступенямі страты здароўя, сярод іх ёсць і тыя, хто не мае сілы ўстаць самастойна з ложка і ступіць крок. З некаторымі з іх Святлана Карары пазнаёмілася.

Прадстаўніка Фонда цікавіла, як дзеці бавяць вольны час. Аляксандр Давыдзенка правёў госцю па працоўных майстэрнях, дзе знаходзяцца работы выхаванцаў — вышыўкі, вырабы з бісеру, кошыкі з паперы і многае іншае. Святлана Карары была ўражана ўбачаным: «Я б не падумала, што працу, якая патрабуе карпатлівасці, пэўных здольнасцяў, як фізічных, так і духоўных, выканалі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця».

Жанчыне спадабалася ўнутранае ўбранства дома-інтэрната, сцены якога аздоблены роспісам, і дзіцячая пляцоўка, якую ўпрыгожваюць вырабы з пластыкавых бутэлек, пакрышак — з матэрыялу, якому дзіцячая фантазія дала другое жыццё. Дарэчы, пластыкавыя бутэлькі прыносяць да дома-інтэрната жыхары Чэрвеньшчыны. Адміністрацыя ўстановы аднойчы кінула кліч: «не выкідвайце пластыкавыя бутэлькі, нясіце іх да нас». Многія з чэрвеньцаў, якія бачылі аб’яўку з такім зместам, адгукнуліся на просьбу. З пластыкавых бутэлек ужо зроблена альтанка ва ўнутраным дворыку дома-інтэрната. Да слова, калі ў вас ёсць карцінныя рамкі, то выхаванцы будуць рады атрымаць і такі падарунак.

«Гэта маё першае знаёмства з установамі падобнага тыпу, — прызналася прадстаўнік Фонда. — Падарункі — толькі першы крок нашага супрацоўніцтва. Ёсць жаданне яго прадоўжыць, аднак папярэдне неабходна вырашыць, у якім накірунку яно пойдзе. Мы перагаворым з дырэктарам Аляксандрам Давыдзенкам і вызначымся з відам дапамогі. Многа абяцаць не буду, але планую сюды вярнуцца. Тут жывуць нашы дзеці, і ім неабходна падтрымка».

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара.


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *