Ніна Іванаўна АДАМОВІЧ: «ЛЮБОЎ ДА ІХ МНЕ ПРЫВІЛІ НАСТАЎНІК І БІБЛІЯТЭКАР…»

Общество

Любоў да чытання кніг прывілі мне настаўнік рускай мовы і літаратуры Філіп Нікіфаравіч Кавалёў і яго жонка, бібліятэкар. У нашай вёсцы Яўкіна Шумяцкага раёна Смаленскай вобласці была пачатковая школа. Тут дзеці заканчвалі чатыры класы. А затым паступалі ў пяты — сярэдняй школы, якая знаходзілася ў чатырох кіламетрах ад нашай вёскі.

Там ужо вучыліся два мае браты — Васіль і Аляксей (на жаль, іх ужо няма). Яны неаднойчы расказвалі мне пра Філіпа Нікіфаравіча, пра тое, што ён на першых жа ўроках будзе гутарыць з пяцікласнікамі: што яны чыталі ўлетку, якія вершы ведаюць на памяць… Я зараней вырашыла, што прадэкламую ўрывак з «Яўгена Анегіна» А.С.Пушкіна — «Ліст Таццяны да Анегіна».

Упершыню я яго пачула, седзячы на печцы, калі брат вучыў той самы «Ліст…» Урывак настолькі мяне захапіў, што і я захацела яго вывучыць. Калі брат пайшоў катацца на лыжах, я перапісала ўрывак і за некалькі дзён вывучыла. А затым часта паўтарала, ідучы ў школу і са школы, збіраючы грыбы і ягады…

І вось першы ўрок рускай літаратуры ў новай школе. У клас уваходзіць настаўнік, вітаецца і пачынае па спісу знаёміцца з вучнямі. Даходзіць чарга да мяне: «Кавалёва! О, дык у мяне цёзка па прозвішчу! Ну, давайце з Вамі (ён усіх вучняў называў на «Вы») пагутарым. Што чыталі ўлетку? Можа, што-небудзь на памяць прадэкламуеце?» Я назвала з дзясятак дзіцячых кніг, якія былі ў нашай маленькай школьнай бібліятэцы (іх перачытвала некалькі разоў), і пачала дэкламаваць на памяць: «Я к Вам пишу — чего же боле? Что я могу еще сказать?..» Настаўнік са здзіўленнем паглядзеў на мяне, закрыў твар рукамі, плечы затрэсліся ад смеху… Я крыху разгубілася, але дачытала ўрывак да канца.

Настаўнік пасядзеў крыху, адняў рукі ад твару і сказаў: «Малайчына! Я стаўлю Вам «пяцёрку»! А смяяўся, бо тое, што Вы чыталі, не для Вашага ўзросту. «Яўгена Анегіна» мы будзем вывучаць у восьмым класе. Вам жа раю завучваць пакуль вершы для дзяцей».

Акрыленая пахвалой настаўніка, я старанна рыхтавалася да кожнага ўрока рускай мовы і літаратуры, часта адказвала на пастаўленыя Філіпам Нікіфаравічам пытанні. Ён заўважыў гэта і аднойчы прапанаваў: «Хадземце са мной у бібліятэку». «Таццяна Ягораўна, — сказаў там, — калі ласка, падбірайце кнігі для гэтай дзяўчынкі. Яе трэба развіваць, і з яе будзе толк». А мне ён параіў узяць сшытак, падзяліць яго на дзве часткі. У адной занатоўваць незразумелыя для мяне словы, сэнс якіх ён пазней патлумачыць, а ў другой — словы, напісанне якіх нельга праверыць правіламі.

З таго дня я часта наведвала бібліятэку, а Таццяна Ягораўна кіравала маім чытаннем да самага заканчэння школы, за што я ёй удзячна ўсё жыццё.

І вось школа скончана. Пытання аб выбары прафесіі проста не было — стану настаўнікам рускай мовы і літаратуры, як Філіп Нікіфаравіч! Вялікая колькасць прачытаных кніг, работа са словамі зрабілі сваю справу: пры паступленні на філфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) за сачыненне па рускай літаратуры я, вучаніца з глыбінкі Смаленскай вобласці,  атрымала «выдатна»!

А затым пачалася напружаная вучоба ва ўніверсітэце. Нас займалася ўсяго некалькі чалавек з вёсак. У асноўным жа, студэнтамі былі мінчане, і сярод іх — Наталля Машэрава, дачка першага сакратара ЦК КПБ, Наталля Скарапанава, дачка міністра сельскай гаспадаркі, Наталля Куляшова, дачка прафесара Ф.І.Куляшова — выкладчыка БДУ… На першых семінарскіх занятках мы, вясковыя, пачуваліся ніякавата: не параўнаць жа іх эрудыцыю з нашай…

І зноў мяне выручылі кнігі і добры чалавек — загадчыца бібліятэкі імя Я.Купалы г.Мінска Л.Пятрова. Яна заўважыла, што я праседжваю ў бібліятэцы да самага закрыцця, і аднойчы загаварыла са мной. Даведаўшыся пра мае праблемы, сказала, што будзе дапамагаць: падбіраць літаратуру да семінарскіх заняткаў, знаёміць з навінкамі… А яшчэ параіла запісваць вершы, якія падабаюцца, і завучваць іх (добрая трэніроўка памяці). Дарэчы, я і зараз так раблю…

З таго моманту я пачувалася ўпэўнена падчас семінарскіх заняткаў. А на вечарыне «Мой любімы паэт» зрабіла паведамленне (без шпаргалкі!) па творчасці А.Кальцова і прачытала на памяць яго вершы. Маё выступленне ацаніў «гроза» студэнтаў усіх пакаленняў Ф.І.Куляшоў і нават прапанаваў пісаць у яго курсавую.

Прайшоў пэўны час, і студэнты, якія лічылі сябе вышэй за нас, дзяўчат з правінцыі, зразумелі, што дзякуючы свайму працалюбству мы можам шмат чаго дасягнуць, і перасталі ставіцца да нас скептычна. А калі мы пазнаёміліся з маім будучым мужам, дык літаральна не вылазілі з «Купалаўкі» (пасля лекцый, вядома ж). Ён таксама аказаўся кнігалюбам. Час ад часу мы з ім зазіралі ў букіністычную краму і куплялі танныя кнігі, якія спатрэбіліся затым у працы.

Думаю, не варта расказваць, колькі давялося прачытаць (і перачытаць!) твораў, манаграфій, метадычнай літаратуры за 35 гадоў працы настаўнікам рускай мовы і літаратуры… Гэта заняло б дужа шмат месца на газетных старонках…

Калі выйшла на пенсію, з’явілася шмат вольнага часу. І я пачала перачытваць класіку. Здараецца, якуюсьці фразу ці ўрывак перачытваю па некалькі разоў, знаходзячы для сябе тое, што кранае душу, хвалюе, прымушае перажываць… Чытанне робіць маё жыццё насычаным. З кнігамі не даводзіцца сумаваць, думаць пра старасць і хваробы…

Вельмі люблю чытаць творы на беларускай мове, хаця я яе і не вывучала ў расійскай школе. А калі чытаю кнігі пра вясковае жыццё, у думках пераношуся ў сваю вёску Яўкіна, якая размешчана ў некалькіх кіламетрах ад мяжы з Беларуссю, прыгадваю сваіх аднавяскоўцаў, сенакос, жніво, забавы дзяцей, святы… І на душы робіцца сумна, што ўсяго гэтага я больш не ўбачу і не пачую: наша вёска амаль што вымерла. Па дадзеных з Інтэрнэту, у ёй жыве ўсяго некалькі чалавек. Але светлыя ўспаміны аб пражытых там гадах застануцца ў мяне на ўсё жыццё. У гэтым дапамагаюць і кнігі беларускіх класікаў…

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *