АДМЕТНАСЦІ СЯЛЯНСКАГА ЖЫЦЦЯ Ў ГІСТОРЫІ СЯМ’І ЗАНАТАВАНЫ

Общество

Яшчэ адно цікавае, самабытнае выданне пабачыла свет, дзякуючы супрацоўнікам Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Гэта зборнік «Людзі добрыя. З гісторыі аднае сям’і». Укладанне і прадмова — нашага слыннага земляка, ураджэнца вёскі Равецкі Бор, беларускага гісторыка і літаратуразнаўца, грамадскага дзеяча, нястомнага рупліўца, сённяшняга масквіча Аляксея КАЎКІ. З ім у бібліятэкі — даўнія сяброўскія стасункі.

Як распавяла загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу, адзін з рэдактараў зборніка Галіна Ніціеўская, летась шаноўны Аляксей Канстанцінавіч звярнуўся да іх з просьбай выдаць невялікім накладам падрыхтаваныя матэрыялы. Фундатарскую дапамогу аказалі многія яго сваякі, сябры, добрыя знаёмцы. Яны набылі картрыдж, паперу. Вёрстку, камп’ютарныя работы, вычытку тэксту выканалі супрацоўнікі аддзела бібліятэчнага маркетынгу Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі. Надрукаваныя экземпляры ў Маскву адаслалі родзічы. Па электроннай пошце ад аўтара ў бібліятэку прыйшлі шчырыя словы падзякі.

У чым жа самабытнасць гэтага выдання? Па-першае, яно захоўвае адметнасці народнай беларускай мовы тае мясцовасці, дзе нарадзіўся і гадаваўся Аляксей Каўка і куды на працягу шматлікіх дзесяцігоддзяў пражывання ў Маскве рвецца яго душа. Па-другое, занатаваўшы ў лістах і ўспамінах жыццё звычайнай, можна сказаць, тыповай сялянскай сям’і, аўтар тым самым занатаваў асаблівасці некалькіх гістарычных эпох. Як жылі (а найчасцей — выжывалі) беларусы-вяскоўцы ў перыяд калектывізацыі, у Вялікую Айчынную вайну, у галодныя пасляваенныя гады, як і чым мацаваўся іх дух, як захоўваліся-выхоўваліся дабрыня і спагада да іншых, адметны позірк на жыццё — аб усім гэтым, а таксама аб шмат чым яшчэ напісана немудрагелістымі сялянскімі словамі. І яны працінаюць душу, вярэдзяць сэрца нават тым, хто нарадзіўся нашмат пазней эпохі голаду і нястачы. Некаторыя ўспаміны і старонняму назіральніку немагчыма чытаць без слёз… Што ўжо казаць пра нашчадкаў тых, пра каго — гэтая кніга. Шмат іх і зараз жыве на Чэрвеньшчыне. Вось для каго зборнік — бясцэнны дарунак. А прысвяціў яго аўтар «светлай памяці Лены, Валянціна Цыбінаў; Валі, Жэні Яскевічаў».

Распачынаецца зборнік прадмовай Аляксея Каўкі «Каб не забыцца», у якой — яго сутнасць:

«Вёсачкі тае, колісь прытуленае ля цёмнага густога бору, блізу суседняе Машчаліна, даўно няма. Яе назва — Бор Равецкі [Равека] адшукалася стараннямі Ніны Пятроўны Белязей, супрацоўніка Мінскага абласнога архіва — у пацёртай, пабляклай, за даўнасцю, кніжыцы (Список населенных мест С.С.Р.Беларуси (перепись 1917 г.) Мн., Центр Статбюро С.С.Р.Б.,1923): Бор Ревецкий, дер. Игуменского уезда, Якшицкой волости, от волостного центра 12 вёрст,  17 вёрст от Игумену, от Минска — 87 в.

Адсюль — мае пачаткі, на схіле веку так неадольна дарагія.  Адсюль і настальгічнае жаданне «блуднага сына» —  адшукаць, узнавіць свой выток. Тым болей, што з «равецкае» сям`і нашае сірочае я — апошні, і хто іншы клопат мой наўрад ці агорае. Хаця… Светлай памяці сястрыца мая Лена Канстанцінаўна  Цыбіна-Каўка (1926-2008) намнога прытлуміла вастрыню братавых перажыванняў, практычна сваімі ўспамінамі прадвызначыўшы гэтую кніжачку. Апошнія гадочкі прыкаваная да бальнічнага ложка або з кульбачкай ледзь варухаючыся па хаце, натавала яна свой біялетапіс, дасылаючы брату ў Маскву адпаведныя лісцяняткі. Па крэўнасці, суб` ектыўна нераўнадушны да яе мемуарных старонак, не магу аднак не адцеміць іх пэўнае ўнікальнасці — падзейнага факта аднаго прыватнага жыцця на фоне эпохі і… своеасаблівае праявы народнай, нацыянальнай культуры, творнай абок прафесійных пісьменнікаў, мастакоў, спевакоў, і людзьмі простымі, паспалітымі. Прынамсі, другая Лена, светлая наша пісьменніца Алена Васілевіч (абедзьве ліставаліся) не таіла скрухі адносна напоўніцу не раскрытага творчага дару свае цёзкі — праніклівага чытача з Чэрвеньшчыны, спачувальна згадаўшы пры тым Коласа радок «Колькі талентаў звялося…».

З гэтае ж глебы прарастаюць на старонках кніжачкі атожылкі роздумаў-перажыванняў мае другой, за Ленай, сястры Валі Яскевіч (1928-1993), роднае цёткі Марыі Каштан (Атрашэўскай, 1922-2004), Валянціна Цыбіна (1932-2010), аўтара гэтых радкоў, а таксама іхніх дзетак, унукаў, што сваімі пранікнёнымі слоўкамі дапоўнілі чыстай кропелькай невычэрпную тэму-акіян «бацькі і дзеці».

Няхай жа напісанае — застанецца.»

Далей ідуць найцікавейшыя ўспаміны-замалёўкі з жыцця жыхароў Чэрвеньшчыны — згаданых ужо Марыі Каштан (Атрашэўскай), Лены Цыбінай (Каўка), Валянціна Цыбіна, Аляксея Каўкі… Артыкул аўтара «След на зямлі. Памяці Валянціна Цыбіна», які пабачыў свет у «Раённым весніку» 12 студзеня 2011 года… Найбольш адметныя лісты паміж сямейнікамі на рускай і беларускай мовах — з цікавымі думкамі, фактамі, замалёўкамі рэчаіснасці…

Асобна выдзелены ўспаміны дзяцей, унукаў, блізкіх пра бацькоў, дзядоў і бабуль Цыбінаў і Яскевічаў — Валянціны Ладуцька (Цыбінай), Галіны Галіеўскай (Цыбінай), Аляксандра Цыбіна, Міколы і Аляксея Галіеўскіх, Дзмітрыя Касцюкевіча, Ірыны Малашонак (Яскевіч), Святланы Магілявец (Каўка).

Завяршаецца зборнік сімвалічна — кароткім успамінам пра родзічаў Аляксея Каўкі яго жонкі Софіі Каўка (Астроўскай) «Добрае помніцца», які сугучны з прадмоваю:

«Час няўмольны. Прайшло паўвека, але пачуццё цеплыні і дабрыні, з якой сустрэла мяне Валя — сястра майго нарачонага Алёшы, — жыве і сёння. Вельмі сціпла, тактоўна яна магла папытацца пра ўсе навіны нашага жыцця  і пра паводзіны брата. Нягледзячы на складаныя абставіны, яна да апошняга захавала гэтую дабрыню, павагу, спагаду да людзей,  светлы, лёгкім сумам прыцярушаны гумар… Усё гэта перайшло да дзяцей, унучак — амаль адзінай яе радасці ў апошні час…

Старэйшая сястра Лена, на маё ўспрыманне, была больш суважнай, таксама вельмі пранятай клопатамі блізкіх людзей, шчырым ім спачуваннем, дапамогай, парадамі, сваёй жыццёвай мудрасцю. Усе навіны  сямейныя, гаспадарчыя, вясковыя (і нават кніжныя, старонкі «Раённага весніка») падрабязна апісваліся брату ў ліставанні.

Асобная размова пра мужчын, спадарожнікаў сясцёр — Валянціна і Жэніка (так ласкава яго ўсе звалі і дома, і на працы). Гэта былі гаспадары-майстры! На добрую памяць і захапленне ўсім уласнікам-шасцісотнікам яны ўзвялі нам за Акой-ракой беларускую хатку — так яе назвалі дачнікі-навакольцы. Усё зроблена адмыслова,  прыгожа, з шаляванай «спаднічкай».  Пазней Валянцін з сынам Сашам, пляменнікам Колем Пракопчыкам давялі да ладу падлогу, столь, веранду, злажылі печку-ляжанку, якая грэе нас і сёння.

Вельмі балюча было бачыць пакуты Валянціна ў апошнія гады, хоць ён быў чалавек мужны, цярплівы, мудры. Пачуццё дабрыні, мяккага гумару, аптымізм дапамагалі яму пераносіць цяжкую хваробу. Сваё майстэрства скарыстаў ён і ў гэты нялёгкі час. Чаго каштавалі яго прыгожыя кошыкі, якімі ён адорваў усю радню і знаёмых…

Усё добрае помніцца…»

У зборнік увайшлі таксама адметныя здымкі, якія з’яўляюцца своеасаблівым фоталетапісам Сям’і.

Канешне, апісваць гэтае выданне — справа няўдзячная. Бо кожны з чытачоў, безумоўна, успрыме яго па-свойму. Скажу адно: зборнік «Людзі добрыя» — адметная з’ява ў кніжным свеце Чэрвеньшыны. І з ім варта пазнаёміцца, каб у чарговы раз задумацца пра крэўную сувязь з уласнымі продкамі, пра каштоўнасць чалавечага жыцця… Каб абкружыць сваіх блізкіх цеплынёй, увагай і клопатам, выказаць ім словы ўдзячнасці і любові…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *