ПАЛЕССЕ

Общество

Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумею цяпер, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць.

Памятаеце гэтую лірычную песню ў выкананні “Песняроў”? Удзельнікі чэрвеньскага клуба “Бонда” — аматары падарожжаў і краязнаўства, закаханыя ў родны край, быццам тыя птушкі, скіравалі гэтым разам свой пазнавальны маршрут на Палессе.  Пралёг ён праз  Азарычы, Мозыр і Юравічы. Як заўжды, добра спланавала вандроўку кіраўнік клуба, навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага краязнаўчага музея Станіслава Чаславаўна Баркоўская, а экскурсію правёў гісторык Іван Іванавіч Сацукевіч, якога “бондаўцы” за некалькі гадоў сумесных паездак палюбілі за дасведчанасць, няўрымслівы і дапытлівы  характар, сакавітую беларускую мову.

З нашага раёна на Палессе — больш сотні кіламетраў. Але сумаваць ці драмаць не давялося. Іван Іванавіч заўзята каменціраваў усё, што бачылася за вокнамі аўтобуса.  Ад яго пачулі мы і пра паходжанне слова “Палессе”. Цікава, што дасюль адназначнага погляду няма. Як распавёў экскурсавод, адны даследчыкі тлумачаць, што ў аснове назвы ляжыць корань “лес”. А іншыя звязваюць з балтыйскім паходжаннем і адпаведна коранем pol-/pal-, што абазначаюць балоцістыя мясціны. Як бы там ні было ў сапраўднасці, але перад нашымі вачыма Палессе не выглядала ні суцэльным лесам, ні суцэльным балотам. Мы з задавальненнем назіралі маляўнічыя краявіды на поўдні Мінскай, на паўднёвым захадзе Магілёўскай, у Гомельскай абласцях. Прырода падарыла гэтаму краю самае цёплае ў Беларусі лета i мяккую зiму. Таму ў тамтэйшых жыхароў дрэвы чарэшні былі шчодра ўсыпаны спелымі  чырвонымі пладамі, а нам заставалася толькі зайздросціць прыцягальнаму здалёк сакавітаму ўраджаю.

На Палессі — асноўныя прыродныя багаццi Беларусі: нафта, калiйная соль, вугаль, торф, лес.  Аднак знешне заможнасці насельніцтва, на мой погляд, не адчуваецца. Тут багатых катэджаў, як на Міншчыне,  нідзе не ўбачылі. Найчасцей пры дарозе туліліся звыклыя драўляныя хаціны. У аграгарадках ды большых мястэчках нямала і цагляных збудаванняў. Некаторыя маленькія вёсачкі на Палессі дажываюць свой век… І ўсё ж гэта не той бедны і адрэзаны ад знешняга свету  балотамі край, які мастацкім словам так ярка і запамінальна намаляваў славуты беларускі пісьменнік Іван Мележ. І нават не 70-я гады мінулага стагоддзя, калі я падчас журналісцкай камандзіроўкі дабралася на месца аўтобусам, а вярнуцца ў разводдзе дапамаглі мясцовыя ўлады, прадаставіўшы невялікі самалёт-”кукурузнік”. Дарога, па якой цяпер мы ехалі, была даволі добрая. Уздоўж трасы сцяной стаяла чыстая ад пустазелля ўмалотная збажына, густа раслі сланечнік, рапс, роўнымі доўгімі радамі цягнулася бульба. Ва ўсім адчувалая дбайнасць і руплівасць мясцовых гаспадароў.

Экскурсавод звярнуў увагу  на значную колькасць тутэйшых таленавітых і творчых людзей. З Мазыра мастацкі кіраўнік беларускага дзяржаўнага аркестра Міхаіл Фінберг, зорачка беларускай эстрады, пераможца дзіцячага конкурсу Еўрабачання 2005 года Ксенія Сітнік, адсюль паходзяць народная артыстка Расіі, якая жыве ў Санкт-Пецярбургу Ірына Мазуркевіч, расійская  тэлевядучая Дана Барысава. Палешукі вядомы і як дзяржаўныя дзеячы: з вёскі Юравічы першы намеснік старшыні Савета Міністраў БССР В.Ф. Міцкевіч, з Калінкавіч  першы віцэ-прэм’ер Рэспублікі Беларусь В.І.Сямашка… На слыху ў нашай краіне спевакі, мастакі, народныя майстры, якіх ускалыхала беларускае Палессе.

 

АЗАРЫЧЫ

Пасёлак знаходзіцца ў самым пачатку Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці на рацэ Віша…

Наш дасведчаны гід распавядае, што менавіта адсюль родам мастак Аляксандр Ісачоў. Нарадзіўся ён у 1955 годзе, а праз сем гадоў разам з маці пераехаў у Рэчыцу. Вучыўся мастацтву ў Мазыры, Мінску, Ленінградзе. Яго творчасць знаўцы падзяляюць на два перыяды. Першы — да 1975 года — перыяд станаўлення. У гэты час Ісачоў пазнаёміўся з ленінградскімі мастакамі-авангардыстамі, удзельнічаў у выставах. У яго творах таго часу адчуваюцца сюррэалістычныя і абстрактныя матывы. Але ўжо з 1975 года выяўляецца класічная манера. Мастак жыў і працаваў у Рэчыцы, арыентаваўся на еўрапейскіх майстроў. Асноўныя сюжэты яго карцін — біблейскія. У 1981 годзе да Аляксандра Ісачова прыехалі з Саюза гомельскіх мастакоў паглядзець, што ён малюе і ці можна паказаць гэта людзям. Вердыкт іх быў катэгарычна адмоўны: ”Усё патрэбна забараніць і нікому не паказваць”.

З-за пастаяннай траўлі і пагрозы зняволення па артыкулу “Тунеядства” (хаця працаваў над сваімі карцінамі часам па 24 гадзіны) ён двойчы трапляў у псіхбальніцу.  І толькі ў 1987 годзе ў Рэчыцы ладзіцца  першая персанальная выстава Ісачова. Праз тры дні пасля яе адкрыцця мастак памірае ад сардэчнага прыступу. Было яму няпоўных 33 гады.

За сваё жыццё Аляксандр Ісачоў стварыў каля 500 цудоўных работ, большасць з якіх не знайшла прызнання на Радзіме і вывезена за мяжу: у Швецыю, Германію, Францыю, Ізраіль, ЗША,  знаходзіцца ў прыватных калекцыях.

…Мы едзем па даволі працяглай вуліцы. Ля кожнай хаты — кветкі, сад. Летняе сонейка паклікала на двор дзяцей, і тыя весела бавілі час.

Першы аб’ект экскурсіі сумны. Гэта месца былога канцлагера. Яно непадалёку Азарыч, але дарога чамусьці падаецца надта доўгай. Падумалася, як жа невыцерпна бясконца цягнуўся час знаходжання для кожнага вязня —  у голадзе, холадзе, сярод трупаў, у думках пра непазбежную смерць, без шанца на выратаванне. Нават уявіць сабе такое цяжка. А перажыць?

Аўтобус прыпыняецца ля мемарыяла, узведзенага на месцы канцлагера “Азарычы”. Ён створаны Дзмітрыем Паповым — прадстаўніком вядомай на Беларусі дынастыі мастакоў Паповых. На помніку выявы гаротных  жанчын, пажылых мужчын, дзяцей. У воддалі — калючы ржавы дрот у некалькі радоў і кулямётныя вышкі — як было тады, у вайну. Пазначанае трагедыяй месца мяжуе з балотам, дзе таксама пастаянна ўскладаюць кветкі і вянкі. У той час многія вязні засталіся навечна ў гэтым балоце. І сёння яно выглядае змрочна, страшна зрабіць тут нават крок. Здаецца, праглоціць чорная багна, як тады ў 1944-ым… Менавіта ў пачатку сакавіка 1944 года фашысты стварылі канцлагер, куды сагналі і звезлі мірных жыхароў.  Па некаторых звестках — да 50 тысяч чалавек. У страшных, неспрыяльных халодных балоцістых умовах нацысты праводзілі свой “біялагічны” эксперымент. Сутнасць яго была ў тым, што людзей заражалі тыфам. Меркавалася, што яны выйдуць насустрач наступаючым чырвонаармейцам — і жудасная хвароба распаўсюдзіцца на вайскоўцаў. Але поўнасцю фашысцкі план не ажыццявіўся. 18—19 сакавіка 1944-га вязні былі вызвалены.

На адным з двух інфармацыйных стэндаў напісана: “Обессиливших и больных узников солдаты эвакуировали на носилках и санях, детей выносили на руках, а тех, кто держался на ногах, саперы выводили цепочкой по узким, расчищенным от мин проходам.” І яшчэ: “Здесь ветер и тот не свистит на бегу, и не ухает филин на горькой осине, и не каркает ворон на темном суку, прилетая сюда, замолкает кукушка, в этом месте ей некому годы считать”.

Насупраць мемарыяла, праз дарогу, узведзена невялікая драўляная праваслаўная царква. Тут у цішыні можна памаліцца, паставіць свечку.

Нечаканасцю сталася сустрэча з дзвюма пажылымі жанчынамі-сёстрамі — былымі вязнямі, якім цудам удалося выжыць у сапраўдным пекле. З цікавасцю размаўляем з імі, апошнімі сведкамі, спрабуем даведацца пра жахлівае мінулае. Жанчыны, відаць, прывыклі да такой цікаўнасці і распавядаюць падрабязна, быццам па завучанаму, а на справе — шмат разоў пераказанаму. Зразумела, іх боль суцішылася, але хочацца жанчынам, каб пра яе ведалі, памяталі пра ахвяры, цанілі мір і шчаслівае жыццё.

Распавядае Антаніна Верас (у дзявоцтве — Пігуль):

— Знаходзіліся мы тут некалькі дзён, але перажытага хапіла на ўсё астатняе жыццё. Патрапілі ў сакавіку. Памятаю, было вельмі холадна, мокра. Што захапілі з сабою з хат, немцы вымусілі кінуць у касцёр і спаліць. Увесь час хацелася есці, а не было чаго.  Жавалі сасновыя іголкі.  Немцы раз-пораз прывозілі і кідалі з-за дроту хлеб. Быў ён з травы і надта цвёрды, баялася, каб не трапіў мне па галове,  бо мог забіць. Да таго ж ён быў заражаны тыфам. Людзі ўтрымліваліся ў балоце пад адкрытым небам, без аніякіх пабудоў, мерлі бы мухі. Ваду бралі з-пад ног, з балотных лунак —  барвовую, крывяную, бо паўсюль ляжалі памерлыя. І я піла тую ваду…

— Былі маразы, людзі, што ляжалі на зямлі, качанелі, — уключаецца ў размову сястра Антаніны Верас. — Каб не замерзлі дзеці, маці клалі іх на трупы. Малодшы брат, які меў сем гадоў, каб пагрэцца, рассоўваў мерцвякоў і сядзеў сярод іх. З намі была і мама. Яе і брата ужо няма, памерлі пасля вайны.

 

Пасля гэтага трагічнага месца наш лагодны настрой знікае, маўкліва сядаем у аўтобус, каб прадоўжыць намечаны маршрут.

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара

(Працяг будзе)

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *