Мы ганарымся нашым пляменнікам

Общество

З прыемнасцю прачытала ў  “раёнцы” за 18 верасня пра свайго пляменніка Андрэя Барбука, які працягвае сямейную традыцыю: ён з”яўляецца лесаводам у трэцім пакаленні. Яго дзед, Барбук Зміцер Якаўлевіч працаваў лесніком. Гэта брат майго бацькі Барбука Пятра Якаўлевіча, які быў знатным кавалём у калгасе “Перамога”. Ён умеў рабіць сярпы для жанчын нават на левую руку.

Дзядзька Зміцер жыў у в.Лежні, а мой тата — у в. Зайцы. Часта іх не маглі адрозніць, бо яны былі вельмі падобныя адзін на аднаго знешне і па характару. Бацька Андрэя працаваў майстрам у лясгасе, і Андрэй пайшоў па  гэтай сцяжынцы.

Барбукі — аўтарытэтныя, вельмі добрыя людзі. Назаву толькі некаторых: мая сястра Барбук (Смаляк) Софія была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР сёмага склікання, брат Уладзімір працаваў у навуковай лабараторыі, мой сваяк Барбук Мікалай Андрэевіч шмат гадоў выкладаў родную мову і літаратуру, а цяпер — дырэктар Грабёнскай школы.

У лясной гаспадарцы Андрэй ужо трынаццаць год. Ён паступова ўзнімаецца па працоўнай лесвіцы. І вось цяпер — галоўны ляснічы. Пад яго пастаянным клопатам і ўвагай знаходзіцца дзевяць лясніцтваў.

З радасцю віншуем цябе, Андрэй, з гэтай пасадай. Спадзяёмся і верым, што ты і далей з годнасцю будзеш выконваць свае абавязкі і што табой будзе ганарыцца ўся твая радня.

Аляксандра НЕСЦЯРОВІЧ, г.Чэрвень



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *