Весткі з бібліятэк

Общество

Дамавіцкай сельскай.

ДЗЕЦІ ЦЯГНУЦЦА ДА ДУХОЎНАГА…

Юныя чытачы бібліятэкі ўзялі ўдзел у гутарцы-дыялогу «Свята святаў — светлае Уваскрэсенне Хрыстова». Падчас мерапрыемства яны шмат пачулі пра Дабравешчанне, Вербную нядзелю, Вялікдзень і падзяліліся з іншымі сваімі ведамі. Як высветлілася, дзеці цягнуцца да духоўнага. Яны задавалі шмат пытанняў і выглядалі шчыра зацікаўленымі. Папіўшы гарбаты з печывам, школьнікі яшчэ доўга не разыходзіліся, а гулялі разам на вуліцы, абмяркоўваючы ўсё пачутае.

Наталля ПЯТРОВІЧ, бібліятэкар

Чэрвеньскай дзіцячай.

«КАЛІ ПРЫХОДЗІЦЬ НАТХНЕННЕ» —

пад такой назвай на базе нашай бібліятэкі адбыўся семінар, у якім узялі ўдзел бібліятэкары Чэрвеньшчыны. Яго мы запланавалі невыпадкова. Бо звычайна, калі шукаем аўтараў для ўдзелу ў конкурсе «Юныя таленты Міншчыны», атрымліваецца, што на раёне іх быццам бы і няма, а толькі ў Чэрвені. Але ж гэтага проста не можа быць! Бо і ў «раёнцы» часта паведамляюць, што школьнікі Чэрвеньшчыны перамагаюць у розных творчых конкурсах, атрымліваюць узнагароды. А яны — тыя ж чытачы бібліятэк. Да таго ж, хацелася паглядзець, што ўмеюць рабіць самі бібліятэкары, якія маюць таленты, чаму могуць навучыць дзяцей, як супрацоўнічаюць са школамі, сельскімі дамамі культуры… Ва ўступным слове на тэму «Дзеці, кніга, творчасць — адзін з напрамкаў дзейнасці дзіцячай бібліятэкі» я распавяла пра тое, што іх аб’ядноўвае. Бібліятэкарам раёна мы завочна прадставілі нашых юных творцаў, з якімі сустракаліся падчас Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Яны займаюцца ў школе мастацтваў, у гуртках цэнтра дзіцячай творчасці, раённага цэнтра культуры і адпачынку… Гэта Павел Косараў, Ліза і Павел Фінскія, Мілана Цырынская, Ілья Няхай, Данііл Макатовіч… Іх малюнкі, паэзія, проза прыемна здзівілі ўдзельнікаў семінару. Па тэме «З рамяством дружыць — у жыцці не тужыць» выступіла бібліятэкар Вайнілаўскай бібліятэкі Тамара Шалупенка. Яна распавяла пра работу свайго гуртка «Очумелые ручки», пра тое, у якіх выставах яны ўдзельнічаюць, паказала, як робіцца аснова саламяных вырабаў… «Мастакі пачынаюцца з дзяцінства» — у гэтым упэўнены бібліятэкары: Валевачоўскай бібліятэкі — Алена Садчанка, Раваніцкай — Ганна Бахар. Яны распавялі пра талент Кацярыны Юдо і Маргарыты Раковіч, прадставілі іх малюнкі. Наступная тэма — «Сельская бібліятэка — цэнтр творчага развіцця дзяцей і падлеткаў» — аб’яднала аповеды бібліятэкараў: Азёрнаўскай бібліятэкі — Надзеі Таболінай, Турэцкай — Вольгі Салдаценка. Але накірункі іх дзейнасці зусім розныя. Пачынала Надзея Таболіна з дзецьмі з шыцця мяккіх цацак. А зараз у гуртку «Казка сваімі рукамі» яны займаюцца вырабамі лялек. У іх аснове — дрот, вопратка — з тканіны, нацыянальная абшываецца тасьмой. Крыніца натхнення — часопіс «Делай сам». Кожная лялька — адметная і непаўторная. Таксама дзеці робяць кветкі з розных матэрыялаў ды іншае. Гурткоўцы Вольгі Салдаценка пад яе кіраўніцтвам асвойваюць ніткавы дызайн. Атрымліваюцца прыгожыя работы, аформленыя ў рамачкі. Частка іх экспануецца ў бібліятэцы, частку раздорваюць. І яшчэ цікавы від творчасці — роспіс бутэлек. Атрымліваюцца сапраўдныя вазы, вельмі прыгожыя. Майстар-клас «І майстэрства, і натхненне» правяла  супрацоўніца раённага цэнтра культуры і адпачынку Марына Сіняўская. Удзельнікі семінару паспрабавалі зрабіць кветкі з паперы, пластыкавых бутэлек, асвоіць квілінг (паперакручэнне)… Бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Любоў Джафарава ладзіла агляд літаратуры з фонду чытальнай залы па тэме семінару, бібліятэкар Наталля Калтовіч — агляд літаратуры з серыі «Пераходны ўзрост», а бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля  Маланка — агляд прафесійных часопісаў. Кожны ўдзельнік семінару ўзяў для сябе штосьці новае, патрэбнае ў бібліятэчнай дзейнасці.

Алена МАЦВЕЕВА,

намеснік дырэктара Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі

Фота Святланы ЖДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *