Ад лікбезу да гімназіі – шлях настаўніцкай дынастыі

Общество

Паяднанасць роду, як вядома, праяўляецца не толькі ў прыязных сустрэчах розных пакаленняў, стасунках, тэлефанаваннях, агульных святкаваннях і падтрымцы ў сумныя моманты, а і ў агульнасці думак, поглядаў, у абранні адной прафесіі, адной справы жыцця. Відаць, прызванне і сапраўды перадаецца на генным узроўні. Інакш чым яшчэ можна патлумачыць, што ў маленстве дзеці заяўляюць пра свой намер стаць настаўнікамі, урачамі, аўтаслесарамі, міліцыянерамі — як тата, мама, дзядуля, бабуля… І становяцца! А ў наступным пакаленні гісторыя паўтараецца… І складаюцца-ствараюцца цэлыя працоўныя дынастыі…

Колішняя настаўніца пачатковых класаў гімназіі №1 г.Чэрвеня Святлана Васільеўна Сапронава — прадстаўніца настаўніцкай дынастыі Нехаёў у трэцім пакаленні. Род яе варты самых добрых слоў, ушанавання, удзячнай памяці нашчадкаў і, канешне, падрабязнага расповеду ў «раёнцы»…

СЦЯПАН АНДРЭЕВІЧ НЯХАЙ

Паводле слоў Святланы Васільеўны, яна, на жаль, не так шмат ведае пра заснавальніка настаўніцкай дынастыі — свайго дзеда Сцяпана Андрэевіча Нехая. У асноўным, па нешматлікіх расповедах таты, які рана памёр, і яго сястры, сваёй цёткі. Менавіта ў апошняй яна папрасіла на памяць фотаздымак дзеда. Вось ён — сапраўдная сямейная рэліквія. Такім гжэчным кавалерам паўстае праз гады Сцяпан Андрэевіч. А лёс яго быў няпростым…

— Ведаю, што нарадзіўся дзед дзесьці на Чэрвеньшчыне, — распавядае вятлана Васільеўна. — Пра дакладную дату з’яўлення на свет, а таксама пра тое, дзе і на каго вучыўся, звестак у мяне няма. Пэўны час ён жыў у Расіі. Удзельнічаў у першай сусветнай вайне, трапіў у палон. Чатыры гады правёў у Нямеччыне. А калі вярнуўся, яго накіравалі на працу ў тагачасныя школы лікбезу. Паколькі дзед добра валодаў нямецкай і польскай мовамі, яму прапанавалі іх выкладаць. У сям’і нарадзіліся тры сыны і тры дочкі. Век свой дзед Сцяпан скончыў на Чэрвеньшчыне, у вёсцы Задабрычча, у 1958 годзе…

СЫНЫ АЛЯКСАНДР І ВАСІЛЬ

Цікава, што адразу два сыны Сцяпана Нехая вырашылі абраць прафесію бацькі — вывучыцца на настаўнікаў. Па словах Святланы Васільеўны Сапронавай, меншы брат яе таты, Аляксандр, скончыў Мінскі педінстытут, атрымаў спецыяльнасць «выкладчык фізікі і матэматыкі». Доўгі час працаваў дырэктарам Талькаўскай школы.  А вось самы малодшы з трох братоў, Іван, хаця і не стаў настаўнікам, але таксама варты ўзгадкі, бо здолеў адначасова скончыць дзве ВНУ.

— Ён быў вельмі пісьменным, — прыгадвае Святлана Сапронава. — Калі вывучыўся ў школе, бацькі былі ўжо немаладымі і не маглі дапамагаць яму матэрыяльна. Вось Іван і паступіў адразу ў БДУ і тэхналагічны інстытут. Вучыўся ўдзень і ўвечары, атрымліваў дзве стыпендыі. Але на жыццё, вядома, не хапала. А мой тата ў той час працаваў ужо, меў сям’ю. І калі Іван прыязджаў да нас, мама складвала яму торбачкі з сабою, якуюсьці вопратку яны куплялі… Пасля заканчэння ВНУ яго накіравалі ў Стаўрапаль. Ён працаваў там дырэктарам мэблевай фабрыкі. Памёр рана — у 42 гады…

Больш за ўсё Святлана Васільеўна ведае, канешне ж, пра свайго тату — Васіля Сцяпанавіча Нехая.

— Нарадзіўся ён у 1923 годзе, — распавядае. — Удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, прыйшоў увесь паранены. Таму, мусіць, і пражыў мала, памёр у 49 гадоў. Вельмі шкада… Памятаю, я пыталася ў таты: «Чаму ты абраў прафесію настаўніка?» І ён расказваў, як з самага дзяцінства быў ўражаны тымі ўвагай і павагай вяскоўцаў, з якімі яны ставіліся да дзеда Сцяпана. Да яго ішлі, каб дапамог напісаць паперы, аформіць дакументы, у яго прасілі парады… Поп і настаўнік былі ў вёсцы галоўнымі людзьмі. Мабыць, тату майму хацелася мець гэткую ж павагу…

Пасля прыходу з вайны Васіль Сцяпанавіч Няхай паступіў у Мінскае педвучылішча — на настаўніка пачатковых класаў. Але на стацыянары правучыўся толькі год, заканчваў завочна. Пасля вайны настаўнікаў не хапала, асабліва ў вясковых школах. І студэнта накіравалі на працу на Чэрвеньшчыну. Ён ажаніўся, пабудаваўся і асеў у Чырвоным Беразе. Працаваў у Іваніцкай школе, крыху — у Градно, быў дырэктарам  пачатковай школы ў Красным Беразе… Напачатку, калі не хапала выкладчыкаў, пэўны час выкладаў у Іваніцкай школе фізіку. Але асноўная яго праца, канешне ж, была ў пачатковых класах.

Магчыма, зараз камусьці, асабліва маладому пакаленню, падасца дзіўным: настаўнік пачатковых класаў — мужчына. Але ў 50-60-ыя, і нават 70-ыя гады гэта было нормай. Вось у Святланы Васільеўны таксама быў першы настаўнік, а не настаўніца. Франтавік, інвалід вайны, вельмі патрабавальны. Святлана Сапронава прыгадвае, што калі вучні дрэнна пісалі, ён біў іх па руках. Непедагагічна, канешне, але ва ўсяго класа выпрацавалася прыгожая каліграфія. Ды і ў мяне ў Кліноцкай школе першым настаўнікам быў мужчына — Пётр Васільевіч Верамейчык. Памятаю, якім шокам для нас, малых, сталася вестка пра яго смерць. Не верылася, усё перапытвалі адзін у аднаго: «Можа, ён проста заснуў?!» Пётр Васільевіч не біў нас па руках, але на почырк таксама звяртаў увагу. Светлая памяць нашым настаўнікам, якіх ужо няма…

Дарэчы, тата Святланы Васільеўны марыў атрымаць вышэйшую педагагічную адукацыю. Але, на жаль, за шматлікімі будзённымі клопатамі не спраўдзілася…

Фотаздымкі Васіля Сцяпанавіча Нехая беражліва захоўваюцца ў сямейным альбоме Сапронавых. Вось ён, малады і прыгожы, адразу пасля вяртання з фронту. А вось здымак, на якім разам з калегамі ў Іваніцкай школе. У футляры з-пад татавых акуляраў Святлана Васільеўна трымае дзве яго ваенныя ўзнагароды. Адна з іх — ордэн Славы.

Калі тата памёр, прыгадвае, яго ўнукі дасталі ўзнагароды і насілі іх. А пасля падзялілі… Так і засталіся ў сям’і Сапронавых менавіта гэтыя…

Дзіцячая мара Васіля Сцяпанавіча Нехая спраўдзілася. Ён, як і тата, стаў паважаным у вёсцы чалавекам. І не толькі працягнуў бацькаву справу, а і ўласным прыкладам натхніў дачку на выбранне настаўніцкай прафесіі як справы ўсяго жыцця…

Сачыце за працягам

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота з сямейнага

альбома Сапронавых



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *