САВА «ПАЛЯЦЕЛА» Ў БАРАНАВІЧЫ

Общество

У суботу  Чэрвень у чатырнаццаты раз прымаў міжрэгіянальны фестываль інтэлектуальных гульняў «Ігуменская завея». Ва ўтульнай актавай зале чацвёртай гарадской школы сабраліся 27 школьных каманд з Чэрвеня, Смілавічаў, Хутара, Рудні, Жодзіна, Барысава, Смалявічаў, Крупак, Фаніпаля, Баранавічаў. У другі раз на фестываль прыехалі юныя эрудыты з падмаскоўнага горада Юбілейны, які з’яўляецца пабрацімам Чэрвеня. Прычым, калі летась яны былі прадстаўлены адной камандай, то сёлета ўжо двума. Так што гэтую «Ігуменскую завею» без перабольшання можна назваць міжнародным спаборніцтвам.

Каманда "Сузор'е" з СШ №2 г.п.Смілавічы - прызёр гульні "Мяцеліца"

Пасля як заўсёды змястоўнай цырымоніі адкрыцця фестывалю эрудыты размяліся ў аўтарскай гульні кіраўніка раённага інтэлектуальнага  клуба «Ігумен» Ірыны Вабішчэвіч «Ігуменскія Соты». Яе змяніла «Мяцеліца» — гульня, якую прыдумаў вядомы беларускі эрудыт Леанід Клімовіч. Дарэчы, сам Леанід Валянцінавіч, як і заўсёды, калі выпадае магчымасць, сёлета прыехаў у Чэрвень і па-майстэрску вёў фестываль.

Капітан каманды "Коза Ностра" (Баранавічы) Дзмітрый Калач з галоўным прызам фестывалю - савой

Яго кульмінацыяй стаў захапляльны інтэлектуальны марафон з трыццаці пытанняў гульні «Што? Дзе? Калі?», які выйграла каманда «Коза Ностра» з Баранавічаў. Лепшыя сярод дзевяці каманд нашага раёна «Сузор’е» са Смілавічаў» і «Шчаслівае чысло» з Чэрвеня занялі тут шостае і сёмае месцы, адпаведна.  У «Ігуменскіх сотах» перамагла жодзінская каманда «Квінтэсэнцыя мудрасці», якая атрымала традыцыйны прыз — гаршчочак з мёдам. Другое і трэцяе месцы — у чэрвеньскіх каманд «Шчаслівае чысло» і «Он-лайн». У гульні «Мяцеліца» тройку лепшых замкнула смілавіцкае «Сузор’е», а выйграла тут, як і ў «Што? Дзе? Калі?», баранавіцкая «Коза Ностра». Шмат у чым дзякуючы такому двайному поспеху, яна стала і абсалютнай пераможцай фестывалю — уладальніцай галоўнага прыза — савы.

Вядучы гульні "Што? Дзе? Калі?" Леанід Клімовіч з эрудытамі падмаскоўнага горада Юбілейны

Па асобнаму заліку прайшоў тур беларускіх пытанняў «Што? Дзе? Калі?». Першае месца у гэтым спаборніцтве заняла каманда «Шчаслівае чысло” з Чэрвеня, трэцяе — «Рассвет» з вёскі Рудня.

Прызы эрудытам падрыхтавалі аддзел адукацыі і аддзел па справах моладзі райвыканкама, а таксама чэрвеньскі агароднінасушыльны завод. І, як звычайна, цудоўнымі песнямі і танцамі аздобілі фестываль выхаванцы Дома дзіцячай творчасці Чэрвеня.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 


 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *