Да свята — падарункi. Салодкiя i не толькi

Общество

Па добрай традыцыі напярэдадні навагодніх святаў да выхаванцаў Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця завіталі з падарункамі шаноўныя госці з Мінска. Радыёмікрафоны і салодкія ласункі прывезлі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Уладзіслаў Цыдзік, намеснік начальніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Мінскай вобласці і г.Мінску Сяргей Пракаповіч і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці Валянціна Фандо.

Разам з намеснікам старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалогіі Сяргеем Варанько, начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Міхаілам Самцом і дырэктарам дома-інтэрната Аляксандрам Давыдзенкам яны прайшліся па ўстанове, зазірнулі ў майстэрні па працоўнай тэрапіі.

— Сюды мы прыязджаем ужо трэці год запар, — зазначыў у гутарцы з нашым карэспандэнтам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Мінскай вобласці Уладзіслаў Цыдзік. — Спадзяюся, што падарункі дзецям спадабаюцца. Мы прайшліся па дому-інтэрнату і яшчэ раз упэўніліся, як шмат тут робіцца для яго выхаванцаў. Прыгожа, цікава, з клопатам пра здароўе… Словам, усё, каб дзеці не адчувалі сябе пакрыўджанымі. Прыемна, што за год тут многае відавочна змянілася, дадалося станоўчага. Нашы калектывы не шкадуюць сваіх сродкаў, з задавальненнем выдаткоўваюць грошы на падарункі такім дзеткам, каб яны адчулі сябе роўнымі сярод роўных, адчулі клопат не толькі дзяржавы, а і звычайных супрацоўнікаў арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў…

 

Як вядома, выхаванцы дома-інтэрната актыўна ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці. Так што радыёмікрафоны — цудоўны падарунак тамтэйшым артыстам. Ну, а салодкаму заўсёды радуецца кожнае дзіця. Асабліва — у навагоднія святы…

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *