Конкурс прафесійнага майстэрства

Общество

Наўрад ці знойдзецца больш душэўная прафесія ў свеце, чым гэта — сацыяльны работнік. Яе прадстаўнікі, у абсалютнай сваёй большасці, — жанчыны. Розныя па ўзросце, характары, сацыяльным статусе… Але ўсіх іх аб’ядноўвае адно — яны дораць людзям, найчасцей адзінокім, цяпло сваіх сэрцаў. І кожная з іх — унікальная…

У гэтым можна было ўпэўніцца падчас конкурсу прафесійнага майстэрства, які на Чэрвеньшчыне ладзілі тыдзень таму. Зала школы мастацтваў ледзь-ледзь умясціла ўсіх прадстаўнікоў брыгад сацработнікаў. А прыйшлі яны сюды, каб не толькі «пахварэць» за сваіх, але і выступіць на сцэне разам з імі — у падтрымку. Таму хваляваліся абсалютна ўсе…

Гэтым разам у зале можна было згледзець не толькі насценгазеты з эмблемамі і дэвізамі брыгад, не толькі іх разнастайныя адметныя вырабы, але і сапраўдныя кулінарныя шэдэўры, сабраныя на адным стале. Але аб усім — па парадку…

Па традыцыі апошніх гадоў, уласна конкурс дзяліўся на дзве часткі. У першай спаборнічалі сацработнікі, у другой — брыгадзіры. Таму канкурсантак было ажно дваццаць. У конкурсе сацработнікаў узялі ўдзел Галіна КАРБУК (Лядзенскі сельсавет), Галіна ГОРГУН (прадстаўнік Кліноцкага і Чэрвеньскага сельсаветаў), Святлана МАТУСЕВІЧ (Чэрвеньскі), Таццяна ЗЫЛЬ (Валевачоўскі), Галіна МАРКОЎСКАЯ (Калодзежскі), Людміла КУРЫЛЕНКА (Калодзежскі), Святлана ЦАЛУЙКА (Раваніцкі), Лідзія ШЭРШАНЬ (Руднянскі), Лізавета МЯШКОВА (г.Чэрвень), Ірына ГОЛУБ (г.п.Смілавічы). У конкурсе брыгадзіраў — Наталля МАНУЛІК (Лядзенскі сельсавет), Алена СЕЗОНЧЫК (Кліноцкі і Чэрвеньскі), Ларыса ШЧАКАЛА (Чэрвеньскі), Ірына ЮДО (Валевачоўскі), Таццяна МАКСІМЕНКА (Калодзежскі), Алена ПАБЯДЗІНСКАЯ (Калодзежскі), Святлана ГУРСКАЯ (Раваніцкі), Святлана РУДАМЁТКІНА (Руднянскі), Любоў НЯХАЙ (г.Чэрвень), Святлана ЖУК (г.п.Смілавічы).

Распачалося творчае спаборніцтва конкурсам «Візітная картка», дзе ўдзельнікі раскрывалі сутнасць працы сацыяльнага работніка з дапамогай дэвізу, эмблемы ды іншага. У падтрымку некаторых канкурсантак на сцэну выходзілі цэлымі брыгадамі! Што датычыцца дэвізаў, то яны былі самымі рознымі. Найбольш запамінальныя — «Наша сэрца — вашай старасці», «Дары цяпло людзям», «З намі лягчэй, надзейней, упэўненей», «Рабі дабро, падары сэрца людзям».

Усе канкурсанткі прадставілі дастойныя візітоўкі, дзе годнае месца занялі і радкі ўласнага сачынення. І ўвогуле, прыемна, што падчас усяго творчага спаборніцтва беларуская мова нязмушана і натуральна гучала ці не часцей за рускую… Ну, а самым арыгінальным сталася прадстаўленне канкурсанткі і ўсёй брыгады сацыяльных работнікаў г.Чэрвеня, якіх на сцэну ўзнялося… 13! А самым дружным — прадстаўленне калектыву з г.п.Смілавічы пад упэўненым кіраўніцтвам брыгадзіра Святланы Жук.

Два наступныя конкурсы — «Сітуацыя» і «Эрудыт» —  сталіся самымі сур’ёзнымі, бо патрабавалі ад удзельнікаў прымянення тэарэтычных ведаў па нарматыўна-прававой аснове сацыяльнай работы на практыцы.

У конкурсе «Кулінарны паедынак» прайграўшых, відавочна, не было. А было шчырае захапленне стравамі, прыгатаванымі сацработнікамі. Гэта — яблычныя пірагі, пячэнне, хлеб-соль, фаршыраваная рыба, адмыслова ўпрыгожаныя салаты, тарты, жэле, піца, трубачкі з крэмам, курыны рулет і нават… свіння з бульбы!

Не менш захапляльным атрымаўся і конкурс «Умелые руки не знают скуки». У апошні час і дзеці, і дарослыя ў школах і пазашкольных установах, у цэнтрах, у гуртках, а то і проста дома захапляюцца вырабамі з самых розных матэрыялаў, у самых розных тэхніках. Апрача традыцыйных вязання, вышывання, саломкі, тут былі вырабы з паетак, карціны з дэдэрону, кветкі з калготак і паветраных шарыкаў, яблык і груша з сена, пано са шпалераў, кляновага лісця і… рыбных костак! Карацей, з усяго, што толькі трапіць пад руку. Сапраўды, няма мяжы фантазіі і ўмельству! Як няма мяжы адметным талентам сацработнікаў — музычным, паэтычным, акцёрскім, што і пацвердзіў адпаведны конкурс — «Музычна-паэтычны». Атрымаўся ён арыгінальным і вельмі захапляльным. Тут таксама ставала ўсяго — вершаў вядомых, уласных і складзеных падапечнымі, па-руску і па-беларуску, баек, песень у самадзейным і амаль прафесійным выкананні… Нават рэп прагучаў з вуснаў Алены Сезончык! Прыемнымі неспадзяванкамі былі гумарыстычныя інсцэніроўкі пра сацыяльных работнікаў, іх дапамогу людзям.

Затым надышла чарга брыгадзіраў брыгад сацыяльных работнікаў Чэрвеньшчыны. Яны спаборнічалі толькі ў двух конкурсах — «Візітная картка» і «Эрудыт». Але іх ацэньвалі, апрача таго, і на працягу ўсяго конкурснага дня — ад арганізацыі выстаў вырабаў і кулінарных шэдэўраў да ўмення згуртаваць свае брыгады, дастойна іх прадставіць.

Пра гэта гаварыла падчас падвядзення вынікаў дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова. Але напачатку шчыра падзякавала і арганізатарам конкурсу, якія фактычна засталіся нябачнымі, і яго ўдзельнікам:

—  Прыемна, што наш конкурс з кожным годам набірае сілу, атрымліваецца больш цікавым, больш набліжаным да працы сацыяльнага работніка. Усё, што вы здолелі паказаць на сцэне, сапраўды жыццёвае, і гэта вельмі важна…

І вось нарэшце — падвядзенне вынікаў. Трэцяе месца заняла Святлана ЦАЛУЙКА з Раваніцкага сельсавета, другое — Галіна КАРБУК з Лядзенскага. А званне «Лепшы сацыяльны работнік-2011» па праву дасталася Лізавеце МЯШКОВАЙ з Чэрвеня. Лепшым брыгадзірам  прызнана Святлана ЖУК з г.п.Смілавічы, якая ўзрушана падзякавала за падтрымку і актыўны ўдзел у конкурсе сваёй брыгадзе.

Пераможцаў і прызёраў чакалі Граматы і прэміі, а яшчэ — падарункі ад прафсаюзнай арганізацыі і цёплыя словы ад яе старшыні — загадчыцы аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Валянціны Кацько:

—  Хочацца вам пажадаць цярпення ў вашай сапраўды нялёгкай працы. Каб ніколі не знікла ў вас пачуццё дабрыні. Каб вас паважалі падапечныя, а вы заўсёды знаходзілі з імі паразуменне. І дай вам Бог моцнага-моцнага здароўя!

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *