Тры звароты ў рэдакцыю — па адной праблеме, «электрычнай»…

Общество

Позняя восень, як звычайна, прынесла з сабою скарачэнне светлавога дня, а разам з ім — скаргі на адсутнасць вулічнага асвятлення. Адмена пераходу на «зімовы час» таксама паспрыяла асабліва цёмным ранкам. Практычна адначасова на нязручнасці, звязаныя з гэтым, у рэдакцыю звярнуліся жыхары трох населеных пунктаў. Усе яны найперш скардзіліся на тое, што па некалькі разоў звярталіся ў свае сельвыканкамы, у Чэрвеньскі РЭС, але адтуль, маўляў, — цішыня. Ці так гэта на самай справе, мы высвятлялі ў кожным канкрэтным выпадку. І зноў жа, як і ў мінулыя гады, калі мы звярталіся да тэмы вулічнага асвятлення, аказалася, што, часцей за ўсё, узнікаюць непаразуменні, калі аднаму боку не стае цярпення трошкі пачакаць, а другому — грунтоўна патлумачыць.

Зрэшты, мяркуйце самі.

ЗВАРОТ ПЕРШЫ

ад жыхара вёскі Карзуны Аляксея Галубовіча: «Ізноў больш за месяц — праблема з ліхтарамі на нашай вуліцы Садовай. Я звяртаўся двойчы ў філіял электрасетак у Смілавічах. Там пытаюцца, ці рабіў я заяўку. Якую і каму? Разы чатыры звяртаўся ў Смілавіцкі сельвыканкам — і таксама ніякага рэагавання. Дапамажыце, калі ласка, разабрацца з вулічным асвятленнем. У Сняжках, напрыклад, з ім усё ў парадку. А мы быццам у іншай краіне жывём…»

Дарэчы, з падобнай скаргай наш чытач звяртаўся ў рэдакцыю і 14 красавіка 2008 года.

Тэкст тэлефанавання мы накіравалі на пісьмовае рэагаванне старшыні Смілавіцкага сельвыканкама Валянціне ПІВАВАР і атрымалі наступны адказ:

«25 кастрычніка гэтага года да нас патэлефанаваў А.І.Галубовіч са скаргаю на дрэннае вулічнае асвятленне па вуліцы Садовай вёскі Карзуны. 26 кастрычніка Смілавіцкі сельвыканкам накіраваў заяўку ў Чэрвеньскі РЭС (вых №78/02-13), у якой таксама ўказвалася на праблемы з вулічным асвятленнем і ў іншых населеных пунктах. 28 кастрычніка А.І.Галубовіч патэлефанаваў ізноў — з той жа нагоды. Яму патлумачылі, што заяўку перадалі ў Чэрвеньскі РЭС. А паколькі ўсе праблемы вулічнага асвятлення нашага сельсавета вырашаюць электрыкі АЭП г.п.Смілавічы, то ў нас прынята заяўку адсылаць у РЭС г.Чэрвеня, а копію аддаваць начальніку АЭП г.п.Смілавічы, што і было зроблена 28 кастрычніка. Да таго ж, я асабіста размаўляла па пытанню вулічнага асвятлення з начальнікам Чэрвеньскага РЭС, які патлумачыў, што ў дагаворы напісана наступнае: «Работнікі электрасетак будуць 2 разы на месяц выязджаць на абслугоўванне і ліквідацыю непаладак вулічнага асвятлення». Заяўкі ж ад грамадзян паступаюць штодня, і практычна адзін раз на тыдзень мы накіроўваем іх у Чэрвеньскі РЭС. Заяўка А.І.Галубовіча была выканана 11 лістапада.

Наш сельвыканкам неаднаразова ўзнімаў пытанне аб перадачы вулічнага асвятлення на баланс РЭС. Бо атрымліваецца, што мы працуем у іх дадатковым дыспетчарам. А яшчэ бывае, што жыхары населенага пункта, убачыўшы ў вёсцы электрыкаў за працай, просяць ліквідаваць іншыя непаладкі, пра якія мы яшчэ не ведаем. І таму заяўкі на іх няма. Электрыкі ж так і адказваюць: «А ў нас такой заяўкі няма, тэлефануйце ў свой сельвыканкам». І вось вяскоўцы ізноў тэлефануюць нам, мы даём заяўку ў РЭС. А РЭС выязджае да нас 2 разы на месяц. Вось і атрымліваецца, што заяўка выконваецца, як мінімум, 2 тыдні.

Таксама востра стаіць пытанне і з заменай лямпаў вулічнага асвятлення: іх альбо няма, альбо не таго напальвання. Ды і грамадзяне часцяком забываюцца пра дзеючыя сацыяльныя стандарты, і кожны хоча павесіць ліхтар менавіта ля сваёй хаты. Амаль ва ўсіх населеных пунктах стаіць рэле часу, якое перыядычна рэгулюецца і таму часта псуецца. А гэта, зноў-такі, матэрыяльныя затраты.»

 

ЗВАРОТ ДРУГІ

ад жыхара Язовак Уладзіміра Мануліка, які скардзіцца і ад імя аднавяскоўцаў: «10 месяцаў не гараць на вуліцы ліхтары. Нашы звароты ў Лядзенскі сельвыканкам, Чэрвеньскі РЭС ні да чаго не прывялі. Звяртаемся ў рэдакцыю газеты «Раённы веснік» — дапамажыце…»

Мы патэлефанавалі ў Лядзенскі сельвыканкам. Вось што патлумачыла яго старшыня Алена ГАМЕЗА:

У мэтах выканання Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 «Эканомія і беражлівасць — галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы» ў красавіку мы дасылалі ліст у Чэрвеньскі РЭС з просьбай адключыць ва ўсіх населеных пунктах сельсавета вулічнае асвятленне на летні перыяд з 15 красавіка да 15 верасня, што і было зроблена.

8 верасня гэтага года мы падалі заяўку ў РЭС з просьбай падключыць з 15 верасня вулічнае асвятленне на тэрыторыі сельсавета. 7 кастрычніка была пададзена паўторная заяўка з пералічэннем населеных пунктаў, у тым ліку і вёскі Язоўкі. 18 кастрычніка электрыкі там працавалі. Але паколькі праблема засталася, 2 лістапада мы падалі наступную заяўку па Язоўках. Яе выканалі 16 лістапада. Загарэліся ўсе ліхтары, апрача аднаго, дзе былі пэўныя праблемы,  — ля хаты заяўніка. Яны ліквідаваны 17 лістапада.

 

ЗВАРОТ ТРЭЦІ

ад жыхароў вёскі Лежні Багдана Віцко, Ніны Шчэрбач, Дзмітрыя Бандарэнкі, Віктара Пяхоты, Віктара Новіка: «Гараць усяго два вулічныя ліхтары. Даяркі ходзяць на ферму ў цемры. Раней былі выключальнікі на слупах, пасля іх зрэзалі. Звярталіся мы ў Чэрвеньскі сельвыканкам, але на нашу скаргу ніяк не адрэагавалі. Ведаюць пра гэта і ў Чэрвеньскім РЭСе. І яшчэ ў нас праблемы з дарогай. Там, дзе жывуць вяскоўцы, яе не чысцяць, не грэйдзіруюць. А толькі там, дзе жывуць дачнікі…»

Пра тое, што зроблена па вырашэнні гэтых праблем, мы папыталіся ў Чэрвеньскім сельвыканкаме. Тлумачыць яго кіраўнік справамі Валянціна ЗАБАЎСКАЯ:

Пасля звароту жыхароў в.Лежні мы падавалі заяўку ў Чэрвеньскі РЭС — 20 кастрычніка, а затым 2 лістапада — паўторна. Як мне паведамілі, вулічнае асвятленне там працуе з 18 лістапада. Згаданая дарога знаходзіцца на балансе Чэрвеньскага ДРБУ-121. На мінулым тыдні я туды тэлефанавала. Абяцалі прагрэйдзіраваць…

 

АД РЭДАКЦЫІ:

Мяркуючы па названых у кожным выпадку канкрэтных датах заяў на правядзенне работ згаданыя сельвыканкамы цяжка абвінаваціць у бяздзейнасці. Што датычыцца тэрмінаў выканання работ, якасці лямпаў, пра гэта  наступным разам пагутарым  з начальнікам Чэрвеньскага РЭС Міхаілам ЧАРНАЎЦОМ.

 

Падрыхтавала

Святлана АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *