ДАПАМАГАЮЦЬ ФРАНЦУЗСКІЯ ДАБРАЧЫНЦЫ

Общество

Днямі дабрачынная асацыяцыя «Эльзас-Беларусь» з французскага горада Страсбург выдаткавала Чэрвеньскай райбальніцы 5 тысяч еўра для набыцця абсталявання. Столькі ж было пералічана на рахунак установы ў мінулым годзе.

Як распавяла «Раённаму весніку» старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Тамара Сакалоўская, гэта стала магчымым дзякуючы цесным сяброўскім сувязям паміж сельскагаспадарчым прафсаюзам і французскімі дабрачынцамі.

На працягу апошніх дзевяці гадоў дзеці вясковых працаўнікоў раёна адпачываюць у Страсбургу і яго ваколіцах у сем’ях сяброў асацыяцыі (сёлета яны гасцінна прынялі 20 нашых хлопчыкаў і дзяўчынак). Акрамя таго, за сабраныя французамі сродкі, а гэта 45 тысяч еўра, быў зроблены капітальны рамонт прафсаюзнага дзіцячага аздараўленчага лагера «Чайка» у Іванічах, набыты мэбля і іншае неабходнае абсталяванне для яго.

— І хаця сёлета лагер перададзены на баланс аддзела адукацыі райвыканкама, нашы самыя цесныя стасункі з асацыяцыяй «Эльзас-Беларусь» працягваюцца, — адзначыла Тамара Сакалоўская. — Мы актыўна перапісваемся з французамі па электроннай пошце. Зараз абмяркоўваем пытанне аб аказанні дабрачыннай дапамогі Чэрвеньскаму дому-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў памеры 10 тысяч еўра.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *