Сёння ў службы аховы — свята

Общество

59 гадоў мінула з тае пары, як выйшла пастанова Савета Міністраў СССР аб стварэнні пазаведамаснай аховы.  Аб тым, якімі справамі поўніліся сёлета будні  Чэрвеньскага аддзялення Дэпартамента аховы, распавядае яго начальнік маёр міліцыі Сяргей ЕРМАЛОВІЧ:

— Асноўны  паказчык, па якому ацэньваецца наша работа -недапушчэнне крадзяжоў з ахоўваемых аб’ектаў. Цяпер  пад пультавым кантролем у нас знаходзіцца 103 аб’екты, у асноўным, райспажыўтаварыства. У дадатак да ахоўнай сігналізацыі  ёсць і трывожныя кнопкі ( іх у нас — 68) для экстранага выкліку міліцыі.  Кантроль за станам такіх сродкаў  сігналізацыі — адзін з накірункаў нашай дзейнасці. Дарэчы, па прычыне спрацоўкі кнопкі ў гэтым годзе было адзначана 57 выездаў. 21 з іх меў сур’ёзныя падставы і завяршыўся затрыманнем правапарушальніка.

Безумоўна, якімі  б дасканалымі не былі сучасныя ахоўныя сістэмы, ёсць шэраг аб’ектаў, дзе неабходна кругласутачная прысутнасць чалавека. Яе ажыццяўляюць вартаўнікі, ахоўнікі і міліцыя. Сёння у нас адзінаццаць такіх пастоў. У райцэнтры  — райвыканкам, бальніца, міні-рынак, суд і сушыльны завод,  у раёне — пост на воданапорнай станцыі  ў Рудні, у Смілавічах — скурзавод і міні-рынак. У гэтым годзе ўзяты пад ахову яшчэ два аб»екты — «Вёска-ЭмульБіт» і  аздараўленчы цэнтр «Волма» .

Павялічваецца і колькасць узятых пад ахову памяшканняў з асабістай маёмасцю грамадзян. Гэта — кватэры, дамы, дачы, гаражы. Сёлета прыборамі сігналізацыі абсталявана 21 кватэра. А ўсяго 235 такіх аб’ектаў. У гэтым годзе не было ніводнай нават спробы спакусіцца на маёмасць, што знаходзіцца пад нашай аховай, а вось затрыманне злодзея ў адным з прыватных гаражоў —  мела месца. Імгненна на гэты выпадак адрэагавалі  міліцыянер-кінолаг старшы прапаршчык міліцыі  Уладзімір РАБЦЭВІЧ і  міліцыянер-вадзіцель сержант міліцыі Павел ЯКУБОЎСКІ.  Яны  на месцы злачынства затрымалі  зланамысніка, які затым падчас следства прызнаўся яшчэ  ў  пяці крадзяжах з прыватных гаражоў райцэнтра.

Нашы супрацоўнікі вызначаюцца не толькі  сваімі прафесійнымі дасягненнямі. Яны — і добрыя  артысты, і спартсмены. Нядаўна на  конкурсе мастацкай самадзейнасці сярод аддзяленняў Дэпартамента аховы Мінскай вобласці вартаўнік Міхаіл ШЧЭРБАЧ і тэхнічны работнік Уладзімір КРАМАРЧУК атрымалі Дыплом першай ступені. На абласных спаборніцтвах па барацьбе самба ў вагавай катэгорыі да ста кілаграмаў  першае месца заняў прапаршчык страявога падраздзялення міліцыянер Вячаслаў БАРАВІК.  А будні і святы штодзённага жыцця Дэпартамента аховы нашлі адлюстраванне  ў своеасаблівым  музеі  гісторыі  аддзялення, які стварылі   нашы супрацоўнікі. Адкрыццё яго прымеркавалі  да  прафесійнага свята.

Віншую ўсіх цяперашніх работнікаў, ветэранаў службы аховы. Шчыра дзякую за добрасумленную службу. Здароўя, шчасця, дабрабыту вам і вашым сем’ям.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *