Урадзілі яблыкі, грушы і… лімоны!

Общество

Сям’я гэтая дружная, працавітая, вядомая на Чэрвеньшчыне сваім неабыякавым стаўленнем да жыцця і яго праяў. У свой час Людміла Аляксееўна старанна працавала ў Дамавіцкай школе. Затым — у сельскім Доме культуры. Пэўны час выконвала абавязкі начальніка аддзялення сувязі. А сёлета «засвяцілася» на старонках «раёнкі» яшчэ як мастацкі кіраўнік і адзін з акампаніятараў ансамбля народнай песні «Вёсачка», які радаваў удзельнікаў жніва-2011.


А вось галава сям’і, Генадзь Антонавіч, якраз з году ў год гэтым самым удзельнікам жніва і з’яўляецца. І сёлета на раённых дажынках яго ўшаноўвалі як аднаго з лепшых камбайнераў ПСГ «Дамавіцкі» ААТ «Мінскі падшыпнікавы завод», які вызначыўся падчас працоўнага спаборніцтва руплівай працай.

А яшчэ сямейства Лепешаў неабыякавае да прыгажосці. Прычым любяць не толькі яе сузіраць (напрыклад, падчас экскурсіі па Батанічным садзе, пра што сведчыць фотаздымак з альбома), а і ствараць сваімі рукамі. Гэта датычыцца прыгожых кветкавых куточкаў-астравочкаў на падворку. Ну, а чаго не ўмеюць самі, тое ім робяць па замове альбо ўласнай ініцыятыве добрыя людзі. Так, прыгожую альтанку, у якой хораша ў любую пару года, змайстраваў Уладзімір Пусеў. А выразаную брамку — колішні калега Людмілы Аляксееўны, настаўнік працы Анатоль Лявоненка.

Што можна было пабачыць у міжсезонне з кветак і кустоў на падворку? Барбарыс, бружмель, гартэнзіі, вейгелы, спірэі, хрызантэмы, берасклеты, пампасную траву, манарду, клемацісы… Яшчэ і газон не пажоўк. Свежападстрыжаны, ён ствараў прыемны воку зялёны фон. А з другога боку шматузроўневымі радамі красаваліся астры, ружы, цыніі, вяргіні… Пераважна — чырвонага колеру і ўсіх яго адценняў. А вяргіні, між іншым, ростам пераўзыходзілі нават гаспадыню! Аказалася, што прывезла іх Людміла Аляксееўна ад інстытуцкай сяброўкі з Віцебшчыны, з якой падтрымлівае стасункі і дагэтуль. Падчас майго прыезду на ганку яшчэ не халодна было спацыфілумам, а ў вазонах пад дахам — ампельнай пеларгоніі, якая ну вельмі прывабна выглядала…

З-за дзвярэй даносілася тоненькае жаласлівае «мяў-мяў!» Гэта Філя (поўнае імя ведаеце якое? Не, не Філіп, але не менш годнае — Філімон!) прасіўся да людзей. Малое ўзялі нядаўна, патлумачыла Людміла Аляксееўна, вось і сумуе па маме. Для яго гаспадыня падрыхтавала ўтульны занавешаны кошык з махеравым шалікам. Яшчэ адзін шалік паклала для кацяня на канапе. Сапраўды, догляд, як за малым дзіцем…

Людміла Лепеш зладзіла на стале невялікую выставу ўзнагарод — мужавых і сваіх. Граматы і Дыпломы — абаіх, ордэн «Знак Пашаны» — Генадзя Антонавіча. Кажа, што на гэта натхніў расповед у «Раённым весніку» пра музей, які стварыла сяброўка — Раіса Сяргееўна Краснагір з Волмы. Толькі выстава, маўляў, не на гарышчы і не пастаянная. Але таксама дае ўяўленне пра гаспадароў хаты.

Вяртаемся на веранду, дзе ўсё абсталявана для прыемнага адпачынку ўвесну, улетку і ўвосень. Шмат зеляніны ад пакаёвых кветак, якія летуюць тут, а на зіму гаспадыня забірае іх у пакой. Прыцягвае ўвагу лаўровае дрэва і, канешне ж, лімон. Сёлета гэта — галоўны гонар сям’і Лепешаў. Цікавы ён найперш сваімі амаль выспеўшымі пладамі. А яшчэ тым, што адначасова на ім месцяцца плады, завязь і кветкі!

— Тры лімоны нам засталіся, — тлумачыць Людміла Аляксееўна. — А ўсіх было шэсць. У сезон дрэва стаяла на парозе. І, уявіце сабе, тры лімоны за адну ноч скралі! Увогуле, дрэва расце ў нас адзінаццаты год. Цётка з Маладзечна яго падаравала маленькае, абрэзанае. А цяпер во якое вырасцілі! Цётка дзівіцца, а мы — ганарымся! Плады выспелі ўпершыню.

У цэнтры веранды стаяць крэслы і стол.  А на стале… птушачка на жэрдачцы. Варта крануць — і яна пачынае спяваць!

— Гэта я так адпачываю ад спраў, — тлумачыць Людміла Лепеш. — Сядаеш у крэсла, націскаеш… Любуешся зелянінай і слухаеш спевы…

Сапраўды, прыемна вельмі. Вось толькі ў сезон адпачынак выпадае не часта. Бо пакаёвыя і вулічныя расліны патрабуюць догляду. А падчас нашага прыезду Людміла Аляксееўна займалася зборам яблыкаў і груш, якія сёлета ўрадзілі. Свайго часу чакала бульба, што патрабавала пераборкі. Ну, а гаспадар хаты, зразумела, шчыраваў на працы — у ПСГ «Дамавіцкі».

Вось такое яно, вясковае жыццё сям’і Лепешаў…

 

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *