СПЕЦЫЯЛЬНАСЦЬ «КАНДЫТАР» — ПОВАРУ Ў ДАПАМОГУ

Общество

Так атрымалася, што большую частку свайго свядомага жыцця Таіса Варанковіч пражыла ў Прыбалтыцы, куды выехала з бацькамі яшчэ маленькай. Там скончыла Рыжскае кааперацыйнае вучылішча, набыла спецыяльнасць «кандытар», асвоіла прафесію. І па сённяшні дзень яе любімыя вырабы — хлебабулачныя. Іх Таіса Уладзіміраўна з асаблівымі задавальненнем ды натхненнем і пячэ, і спажывае, і частуе іншых.

На Чэрвеньшчыну яна з уласнай сям’ёй вярнулася дзесяць гадоў таму. І з таго часу паспела перакваліфікавацца двойчы. Напачатку — у прадаўца, а потым — у повара. Па апошняй спецыяльнасці працуе тры гады ў Турэцкім дзіцячым садзе-базавай школе. Прафесіі сумежныя, але, вядома, ёсць і адрозненні. Зрэшты, спецыяльнасць «кандытар» повару дапамагае. Як прызналася сама Таіса Варанковіч, яе салодкія вырабы да святаў разыходзяцца на «ўра!».
З задавальненнем спажываюць смачныя абеды і выхаванцы Турэцкага дзіцячага сада-базавай школы. І гэта повару да душы. Меню яна стараецца разнастаіць уласнымі прыдумкамі. Не пужаюць яе і аб’ёмы, у якіх неабходна гатаваць. Для Таісы Уладзіміраўны няма розніцы, аднаму чалавеку зварыць абед ці некалькім дзясяткам. І ў гэтым адчуваецца ўпэўненая рука майстра сваёй справы.
Яна нават не пабаялася ўзяць удзел у конкурсе прафесійнага майстэрства, які ўвосень 2009 года ўпершыню ладзіў для повараў дашкольных устаноў і комплексаў «дзіцячы сад-школа» аддзел адукацыі райвыканкама. Выступала Таіса Варанковіч у пары з Ірынай Гутнік. Каб прадставіць іх, група падтрымкі прыдумала і паставіла цэлы спектакль — з вядомай казкі пра капрызулю-прынцэсу, якая не хацела есці.
— Па шчырасці, я ўпершыню тады ўдзельнічала ў такім конкурсе па спецыяльнасці «повар», — прыгадвае Таіса Уладзіміраўна. — Было даволі складана ў адну хвіліну зарыентавацца, калі далі набор прадуктаў — і думай, што з іх можна прыгатаваць за невялікі прамежак часу. А вось «хатняе заданне» — хлебабулачныя вырабы па тэме «Год роднай зямлі» — гатавала без хвалявання. І Дыплом атрымала якраз за лепшае адлюстраванне тэматыкі года. Увогуле, конкурс спадабаўся. І цяпер, калі назапашаны пэўны вопыт, я б не адмовілася яшчэ раз у такім паўдзельнічаць…
За гэтыя гады Таіса Варанковіч заваявала аўтарытэт у вяскоўцаў як майстар сваёй справы. Калі патрэбна зладзіць шырокую ўрачыстасць, гатаваць запрашаюць яе. Вяселлі, юбілеі, дні народзінаў… Пры падрыхтоўцы да іх повар з адукацыяй «кандытар» — чалавек незаменны. Мяса «па-французску», адбіўныя з грыбамі, «лодачкі» з рыбы, разнастайныя салаты, пірагі… Усё Таіса Уладзіміраўна заўсёды гатуе з душой. Падабаецца гэтая справа, таму і не надакучае. Смачна накарміць людзей для яе — у радасць. А яшчэ яна любіць эксперыментаваць, дадаваць у даўно вядомыя рэцэпты штосьці сваё. Таксама атрымліваецца ўдала. А што можа быць прыемней для чалавека за магчымасць займацца ўлюбёнай справай?!
Святлана АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *