Жніво пачнецца з рапса

Аграрный сектор

Для працаўнікоў сельскай гаспадаркі  набліжаецца вельмі адказны час — уборка збожжавых і зернебабовых культур. Сёлета ў раёне  агульная плошча іх складае 27512 гектараў, у тым ліку азімых — 13718. Пры  ўраджайнасці 35,7 цэнтнеры з гектара  плануецца  атрымаць  98 тысяч тон збожжа ў бункернай вазе. У сельгаспрадпрыемствах прыкладаюць усе намаганні, каб  дастойна справіцца з гэтай задачай.  Аб тым, як падрыхтаваны гаспадаркі да ўборкі ўраджаю, распавядаюць:

Галоўны спецыяліст па раслінаводству ўпраўлення  сельскай гаспадаркі і харчавання

райвыканкама Надзея ЛАДУЦЬКА:

— Сёлетні год для нас больш складаны, чым мінулы. Зімой дзве тысячы гектараў азімых не вытрымалі іспытаў марозам, а ў маі-чэрвені 1801 гектар  зерневых і зернебабовых пашкоджаны ад засухі. Таму цяпер праводзіцца інвентарызацыя пасеваў, якія не выкарыстаны на корм жывёле, а таксама кукурузы, грэчки и проса. Гэтыя палеткі падкормліваюцца і вядзецца далейшы догляд за імі па тэхналогіі зерневых.

Кантрастныя ўмовы надвор»я абумовілі  розныя тэмпы выспявання зерня, зарастанне некаторых палеткаў пустазеллем. У такіх абставінах аптымальны збор і захаванне ўраджаю забяспечыць максімальнае выкананне тэхналогіі ўборкі  і дапрацоўкі зерня. Таму пастаянна праводзім абследаванне палёў. Па нашых разліках, жніво пачнем ў другой дэкадзе ліпеня з рапса, плошча якога  ў раёне  займае 4028 гектараў. Зробім такім чынам абкатку часткі камбайнаў, а астатнія потым накіруем на ўборку зерневых. Гэта, а таксама плюшчэнне першага зерня,  дасць магчымасць разгрузіць сушыльную гаспадарку.

Асаблівую ўвагу пры ўборцы будзем надаваць насенным участкам і праверцы насення на жыццяздольнасць. На  пастаянным кантролі нашай службы знаходзіцца і стан зернескладоў, у якіх цяпер праводзіцца чыстка і дэзінфекцыя.

 

Начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду

Мікалай НАСЕЧАНКА:

— Для ўборкі зерневых і зернебабовых культур ў гаспадарках раёна ёсць 130 збожжаўборачных камбайнаў. Акрамя таго, 6 яшчэ павінны сёлета атрымаць па лізінгу.  На ўборку рапса задзейнічаем 45. Усе яны знаходзяцца ў рабочым стане і чакаюць выхаду ў поле. Па нашых разліках яны павінны справіцца з гэтай задачай за 10 працоўных дзён. А ўвогуле,  па стану на 7 ліпеня да ўборкі  гатовыя 90,7 працэнтаў усёй збожжаўборачнай тэхнікі. Аператыўна праводзілі гэтую работу ААТ «Лядзенскі», ААТ «Валевачы», КСУП «Ганута-Агра»,  СВФ» Новыя Зелянькі» КУП «ГМЗ№1», КСУП «Эксперыментальная база»Натальеўск».  Са спазненнем прыступілі ААТ «Раванічы», ААТ «Х з»езд Саветаў», ААТ «Запольскі», Смілавіцкі дзяржаўны агратэхнічны каледж. З абласнога бюджэту на правядзенне гэтых мерапрыемстваў было выдзелена 159 мільёнаў рублёў, але  многія гаспадаркі  рабілі  рамонт і набывалі запчасткі за ўласныя сродкі.

Пакуль праблемай застаецца забяспечанасць механізатарскімі кадрамі. Таму з розных арганізацый раёна для работы на камбайнах і зернесушыльных комплексах  запрошаны 19 чалавек,  прыцягнута 7 трактароў і 3 машыны для адвозкі збожжа.

Для яго дапрацоўкі і сушкі  будзе задзейнічана 50 зернесушыльных комплексаў. Яшчэ адзін у ААТ «Запольскі» плануем увесці ў эксплуатацыю да пачатку ўборачных работ. Гатоўнасць іх на сённяшні дзень складае пакуль 85 працэнта. Таму цяпер актыўнымі тэмпамі вядзецца рамонт і рэканструкцыя. Тэхнічныя іх магчымасці складаюць ў сярэднім у суткі  для апрацоўкі рапса — крыху больш за 1000 тон,  збожжа — больш за 4000. Працаваць яны будуць кругласутачна.

На базе Чэрвеньскага  райаграсервіса створаны брыгада і мабільнае звяно для рамонту і дыягностыцы тэхнікі ў майстэрні і на палях.

Улічваючы сёлетнія неспрыяльныя ўмовы надвор»я, якія нанеслі шкоду пасевам, больш увагі надаем спецыяльным прыстасаванням для тэхнікі. Так, 72 камбайна укамплектаваны сцеблапад»ёмнікамі для работы на палеглых участках. Гэта дасць магчымасць убіраць з мінімальнымі стратамі, а пры аптымальных умовах надвор»я і нагрузцы на камбайн у сярэднім 215 гектараў  завяршыць жніво за 20 дзён.

Занатавала Людміла РАБЕЦКАЯ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *