Мужнасць і боль генерала

Общество

Працяг

ТОЙ САМЫ КАБУШКІН

Нічыпаровічу імпанаваў ён сваёй адвагай у баявых аперацыях, здольнасцю выконваць любое даручэнне. Неўзабаве Кабушкіна прызначылі памочнікам начальніка па разведцы.

Многія, хто ведаў яго, дзівіліся наколькі шчодра прырода адарыла гэтага чалавека, не паскупіўшыся надзяліць поўнай меркай багатырскай сілай, маладой прывабнасцю, смеласцю, упэўненасцю ў сабе, неабходнай у падпольнай барацьбе з ворагам кемлівасцю.Дастаўка з Мінска радыста з радыёстанцыяй, зброі і медыкаментаў, вопраткі, звестак аб гітлераўцах — усё, што загадвалі камандзір 208-га партызанскага атрада і падпольны гаркам партыі, выконваў ён адмыслова. Вядомыя цяпер падрабязнасці гэтых эпізодаў былі па-свойму ўнікальныя. Няўлоўнага Жана  шукала нямецкая контрразведка, а ён умела наводзіў яе на падманны след, мяняючы тактыку дзеянняў. У яго абавязкі ўваходзіла таксама барацьба са здраднікамі і правакатарамі. Паводле паказанняў падпольшчыцы Ганны Ціханаўны Каплан, адно з такіх заданняў Кабушкіну было ліквідаваць у Мінску яе мужа — Васіля Прыгодскага.

З самага пачатку ўзнікнення ў 1941 годзе антыфашысцкага падполля яна падтрымлівала сувязь з яго ўдзельнікамі — Нічыпаровічам і іншымі камандзірамі-чырвонаармейцамі, а пасля — і з 208-ым партызанскім атрадам. Прычынай для пакарання паслужыла наступнае. Як стала вядома, муж Каплан у 1941 годзе наладзіў сувязь з гестапа. Яму шмат паабяцалі за гэтае супрацоўніцтва. Ён ведаў пра створаную Нічыпаровічам у Мінску падпольную групу з былых афіцэраў Чырвонай Арміі, і намерваўся іх выдаць. Гэтага не хаваў ад жонкі. Больш за тое — прапаноўваў і ёй за вялікія грошы таксама супрацоўнічаць з гестапа. Ганна Ціханаўна адмовілася. Неаднаразова спрабавала паўздзейнічаць на яго, адгаварыць ад здрады, але безвынікова. Адбывалася гэта незадоўга да адыходу групы ў партызанскі атрад. Баючыся правалу, яна пра ўсё паведаміла Нічыпаровічу. І вось тады з кліноцкіх лясоў у Мінск з заданнем ліквідаваць правакатара накіроўваюць Жана і двух партызан.

Папярэдне свой план яны абмеркавалі з Каплан. Мужа выманілі з кватэры і нанеслі некалькі ўдараў сякерай па галаве. Думаючы, што забілі, вярнуліся ў партызанскі атрад. Але гэтыя ўдары аказаліся толькі цяжкімі раненнямі. Правакатар застаўся жывым. Ён быў змешчаны на лячэнне ў першую Савецкую бальніцу. Калі Каплан наведалася туды, муж сказаў, што падазрае ў гэтым яе і знаёмых яму афіцэраў Чырвонай Арміі, паабяцаў паведаміць пра гэта ў гестапа.  Праз сувязную Надзею Галубоўскую Каплан перадала змест той размовы ў партызанскі атрад Нічыпаровічу. Жан зноў накіроўваецца ў Мінск. Каплан атрымлівае ад яго каля тысячы рублёў і залаты гадзіннік. Яна павінна была пераць усё гэта ўрачу, угаварыць яго пакончыць з правакатарам. Даведаўшыся аб прычыне такога жадання, урач адмовіўся ад каштоўнасцяў. Двойчы ў бальніцу прыходзілі з гестапа, але, спаслаўшыся на цяжкае становішча хворага, ён не дазволіў трапіць у пакой. Неўзабаве правакатар памёр пасля зробленай яму аперацыі. Пра ўдалы зыход Каплан праінфармавала Жана, які ўсе гэтыя дні знаходзіўся ў Мінску, і Галубоўскую.

Пасля гэтага Ганна Каплан працягвала падтрымліваць сувязь з партызанскім атрадам Нічыпаровіча, выконвала заданні мінскіх падпольшчыкаў. У лютым 1944 года яе арыштавала гестапа. Дапытваліся аб сувязях з партызанамі, патрабавалі, каб назвала прозвішчы. Пры вобыску на кватэры знайшлі два рэвальверы, якія дачка падрыхтавала для партызан. Дачку  Аляксандру спалілі ў Трасцянцы, а сама Ганна Каплан выпадкова засталася жывая.

У сакавіку 1942 года Жан атрымаў ад Нічыпаровіча чарговае заданне. Загад быў вельмі сціслы: “У сувязі з нястачай медыкаментаў і боепрыпасаў у атрадзе, а таксама каб устанавіць сувязь з Лагойскім чырвоным партызанскім атрадам, загадваю:

1. Старшаму памочніку начальніка другога аддзела штаба атрада лейтэнанту т.Кабушкіну і байцу партызану т.Сарокіну выбыць у гор. Мінск для набыцця па асобнаму спісу медыкаментаў, здабыць боепрыпасы, дагаварыцца аб сувязі з Лагойскім чырвоным партызанскім атрадам і друкарскім спосабам выпусціць лістоўкі.

2. Для выканання пастаўленай задачы выступіць з размяшчэння лагера ў 22.00 10.03.42 г. Вярнуцца ў размяшчэнне атрада 16.03.42 года”.

Загад падпісалі камандзір 208-га партызанскага атрада Нічыпаровіч, камісар Пакроўскі, начальнік штаба Айрапетаў.

Было гэта пасля трохдзённых баёў партызан з гітлераўцамі пад Клінком.

(Працяг будзе)

Аляксандр Бушэнка

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *