Чэмпіянат Мінскай вобласці. 2 ліга. 4-5 туры

Спорт

“Валожын-2010” – “Колас” (Чэрвень) – 0:3

Валожын. Гарадскі стадыён. 19 чэрвеня. Дождж. 22 градусы. 50 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Палтаржыцкі, Камісаранка, Прытыка, Качановіч, Суша (Канцур, 46), Свірыдовіч, Ліпніцкі (Сасункевіч, 42), Яблонскі, Добыш, Сакалоўскі.

Галы ў «Коласа» — Сакалоўскі (4), Палтаржыцкі (15), Яблонскі (81).

Нашы ігракі са стартавым свістком арбітра захапілі гульнявую ініцыятыву і ўжо на чацвёртай хвіліне сустрэчы адкрылі лік: дакладна прабіў па варотах гаспадароў поля са штрафнога дэбютант «Коласа» Аляксандр Сакалоўскі.

Валожынцы кінуліся адыгравацца, але надзейна згуляў на апошнім рубяжы варатар і трэнер нашай каманды Аляксандр Курыловіч. У адным з эпізодаў ён адвёў пагрозу ад сваіх варот цаною мікратраўмы.

А на 14-й хвіліне матча поспех «Коласу», які, дарэчы, ці не ўпершыню абраў схему гульні з трыма нападаючымі, прынёс яшчэ адзін розыгрыш стандартнага моманту. Можна сказаць, што ігракі цалкам выканалі перадматчавую ўстаноўку трэнера. Аляксандр Ліпніцкі зрабіў навес з вуглавога ў штрафную, дзе рослы і спрытны Віталь Палтаржыцкі галовою скіраваў мяч у сетку варот валожынцаў.

Пасля перапынку чэрвеньцы мелі шмат магчымасцяў павялічыць лік. І адну з іх скарысталі, калі ўпэўнена выйграў дуэль у варатара гаспадароў поля яшчэ адзін навабранец «Коласа» Яўген Яблонскі.

 

“Колас” (Чэрвень) – ФК “Капыль” – 1:0

Чэрвень. Гарадскі стадыён. 26 чэрвеня. Пераменная воблачнасць. 20 градусаў. 200 гледачоў.

«Колас»: Курыловіч, Палтаржыцкі, Прытыка (Камісаранка, 46), Качановіч, Слыхоўскі (Цэдрык, 46), Суша, Канцур, Свірыдовіч, Аладка (Сасункевіч, 46), Чысты (Трапашка, 85), Бурмістронак (Добыш, 65).

Гол у «Коласа» — Суша (88).

Гульня атрымалася надзвычай напружанай для абедзвюх каманд і цікавай для балельшчыкаў, якіх багата сабралася на стадыёне. У першым тайме мяч амаль што не затрымліваўся ў цэнтры поля, атакі ішлі то на адны, то на другія вароты. Пры гэтым госці нашмат часцей траплялі ў створ нашай «рамкі», Адпаведна, працы ў варатара чэрвеньцаў Аляксандра Курыловіча было куды болей, чым у яго калегі. Хаця і чэрвеньцы вароты саперніка нядрэнна «абстукалі»: Дзмітрый Чысты «прыверыў на трываласць» перакладзіну, а Сяргей Канцур — правую стойку.

Пасля сярэдзіны другога тайма склалася адчуванне, што футбалістаў «Коласа» пакідаюць сілы і капыльскія ігракі вось-вось гэтым скарыстаюцца. Але ў апошняй дзесяціхвілінцы нашы здолелі абрынуць на вароты саперніка шквал атак. Добрыя шанцы вызначыцца мелі Сяргей Сасункевіч, Дзмітрый Чысты, Сяргей Канцур, Дзяніс Добыш…

А героем матча стаў Андрэй Суша. Да заканчэння сустрэчы заставалася каля дзвюх хвілін, калі ён у штурханіне непадалёк ад мяжы штрафной пляцоўкі гасцей, дзе сабраліся амаль усе ігракі абедзвюх каманд, атрымаў мяч і мяккім трапным ударам скіраваў яго ў левую «дзевятку» варот ФК «Капыль». 1:0 — цяжкая, але заслужаная перамога «Коласа».

Наступную сустрэчу чэмпіянату наша каманда правядзе ў гэтую суботу на выездзе ў Беразіно.

Вынікі астатніх матчаў 4-5 тураў: ФК «Капыль» — ФК «Крупкі» — 0:1; ФК «Крупкі»  — «Беразіно» — 4:0. Матчы «Беразіно» — ФК «Смалявічы» і «Медпрэпараты» — ФК «Смалявічы» перанесены.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *