Чарговы выпуск маладых спецыялістаў

Аграрный сектор

Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж — далёка вядомая кузня падрыхтоўкі кадраў для сельскай гаспадаркі. Яе выпускнікі дбайна, ініцыятыўна працавалі і працуюць на карысць Радзімы на дзяржаўных і гаспадарчых пасадах. Сярод іх — пяць Герояў Сацыялістычнай працы СССР, шматлікія ардэнаносцы, міністры Русак Леанід Вячаслававіч, Качан Алег Леанідавіч, былы губернатар Мінскай вобласці, пасол Рэспублікі Беларусь у Бразіліі Крупец Леанід Фёдаравіч, дэпутаты Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Усік Васіль Пятровіч, Селненя Іван Георгіевіч,  старшыня Пухавіцкага райвыканкама Караленя Фёдар Пятровіч, Чалавек года Мінскай вобласці  дырэктар агракамбіната “Дзяржынскі” Заяц Леанід Канстанцінавіч — усіх не пералічыць.

У мінулую пятніцу тут адбыўся чарговы выпуск 114 -ці спецыялістаў, якія атрымалі дыпломы заатэхнікаў і ветэрынарных фельчараў. З іх 8 — дыпломы з адзнакай. Дзяўчаты і юнакі запэўнілі, што яны добрасумленна будуць працягваць справу папярэдніх пакаленняў і іх прозвішчы таксама ўвойдуць у скарбонку гонару каледжа і роднай Беларусі. Яны разумеюць  адказнасць гэтых сваіх слоў у юбілейным для навучальнай установы годзе.

Сёлета выпускная ўрачыстасць мела асабліва адметную рысу, якой не было раней. Дыпломы ўручала дырэктар каледжа Тамара Канстанцінаўна Сень разам з Благачынным Чэрвеньскай акругі, настаяцелем Смілавіцкай царквы Святога Георгія Перамоганосца айцом Валерыянам. Ён ахінуў крыжам кожнага выпускніка, каб Божая ласка не мінула іх. Старшыня Смілавіцкага пасялковага Савета Ірына Пятроўна Марціновіч пажадала маладым спецыялістам здзяйснення ўсіх мараў і планаў, асабістага шчасця.

Навучэнцы каледжа  падрыхтавалі канцэрт, у якім гучалі не толькі песні, а і добразычлівыя гумарэскі ў адрас педагогаў, удзячныя словы за іх працу.

Іван ЯРАШЭВІЧ,
г.п. Смілавічы

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *