Майстэрства араць: Міхаіл Гатоўка з ААТ «Чэрвеньскі райграсервіс» – прызёр рэспубліканскага конкурса

Аграрный сектор Актуальное

Механізатар адкрытага акцыянернага таварыства “Чэрвеньскі райаграсервіс” Міхаіл Гатоўка – часты госць на старонках “Раённага весніка”. Трактар і камбайн, плуг і сеялка –любая сельскагаспадарчая тэхніка ў яго ўмелых руках працуе эфектыўна і якасна. А ўраджай заслужаных узнагарод – заўсёды багаты.

Чарговай нагодай сустрэцца з Міхаілам стала яго нядаўняе паспяховае выступленне на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе прафесійнага майстэрства “Лепшы араты”, які ў рамках міжнароднай выставы “Белагра-2024” ладзілі ў Смалявіцкім раёне.

Прадстаўнік Чэрвеньшчыны спаборнічаў з адзінаццаццю вопытнымі механізатарамі, якія прыехалі на конкурс з усіх куткоў Беларусі. Вынік – другое месца, за якое нашага зямляка адзначылі Дыпломам міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, памятным кубкам і грашовай прэміяй у памеры 1800 рублёў. Акрамя таго, Міхаіл Гатоўка разам з напарнікам, які працуе ў Смалявіцкім раёне, стаў другім на конкурсе ў складзе каманды Мінскай вобласці. Падрабязнасці ён распавёў у гутарцы з нашым карэспандэнтам.

– Міхаіл, цікава, як ты трапіў на конкурс? Здаецца, раённага і абласнога этапаў не было?

– Падобна, што ўзялі за былыя заслугі. Амаль дзевяць гадоў таму я перамог у раённым конкурсе аратых, які праводзіўся ў “Натальеўску”. І вось зараз, калі спатрэбіўся прадстаўнік ад раёна, каб выступіць у камандзе Мінскай вобласці на рэспубліканскім узроўні, у райсельгасхарчы пра гэта ўзгадалі і запрасілі мяне.

– Мабыць, з трох конкурсных этапаў самым незвычайным было фігурнае ваджэнне трактара?

– Так. Конкурс быў пабудаваны па прынцыпу здачы экзамену ў ДАІ на правы. Толькі замест машыны – трактар “МТЗ-80”. Пасля майго магутнага “Джон Дзіра” ён для мяне адчуваўся цацачным па габарытах. Ну, і па камфорту, усяму астатняму гэта – як з “Мерседэса” перасесці на “Запарожац”.

Рабілі “змейку”, “дыяганальную паркоўку”, “гараж” і “дворык”. А самым складаным заданнем было зачапіць задняй навескай па чарзе тры балоны і паставіць іх у спецыяльныя рамкі, усяго на два сантыметры шырэйшыя за балон. Я вырашыў выдаткаваць крыху больш часу на дакладную ўстаноўку балонаў. Бо, калі ў кагосьці балон не патрапляў у рамку, трэба было, як у біятлоне, ехаць на штрафны круг. У выніку ў мяне знялі ўсяго палову бала за перавышаны кантрольны час выканання задання, затое абышоўся без штрафных кругоў.

– Па якіх параметрах ацэньвалі ворыва?

– Глядзелі глыбіню, прамалінейнасць, хуткасць, якасць. На паверхні глебы не павінна заставацца раслінных рэшткаў. Першы праход заднім корпусам плуга – ідэальна роўны. Увесь дзевяцікорпусны плуг неабходна было заглыбіць у глебу не далей, чым за паўтара метра ад стартавай лініі.

– І зноў жа, мабыць, для цябе было нязвыкла араць на “МТЗ-3522” пасля “Джон Дзіра”?

– Ну, так. Там, дзе ў “Джон Дзіра” кнопкі, у “МТЗ-3522” – рычагі. Часам было адчуванне, што не хапае трэцяй рукі. Ды і ворывам я зараз займаюся вельмі рэдка, пераважна сею. Але навыкі засталіся з маладосці, рукі памятаюць. Да таго ж, падыходы да розных відаў работ у полі аднолькавыя: уважлівасць і акуратнасць.
На конкурсе задняе апорнае кола плуга было з сюрпрызам, гойдалася, як маятнік. Давялося лавіць момант, каб дакладна заглыбіцца, але ўсё атрымалася.

– Узнагароджвалі вас на выставе “Белагра-2024” у індустрыяльным парку “Вялікі камень”. Якія ўражанні засталіся?

– Самыя найлепшыя. Акрамя ўзнагарод, мы атрымалі памятныя сувеніры ад Мінскага трактарнага завода і Мінойтаўскага рамонтнага завода, які вырабляе прычапную сельгастэхніку. Прыемнай была і ўвага “Бабруйскаграмашу”. Калі мы хадзілі па выставе і праходзілі міма іх стэнда, прадстаўнікі завода, пабачыўшы ў руках Дыпломы і кубкі, вельмі цёпла нас прывіталі, папрасілі сфатаграфавацца на памяць і таксама ўручылі сувеніры.

Паколькі конкурс праходзіў у суседнім Смалявіцкім раёне, я ездзіў туды на сваёй машыне і ўвечары вяртаўся дахаты. Таму была магчымасць на ўзнагароджанне ўзяць з сабой сына і дачку. Дзеці засталіся задаволенымі. Сын здымаў уручэнне ўзнагарод на тэлефон. Яны дзівіліся, што гэтулькі сувеніраў нам далі бясплатна. Я растлумачыў, што ва ўсяго ёсць свая цана: сувеніры – знак павагі і пашаны за нашу цяжкую працу.

– На выставе бачыў тэхніку, на якой хацелася б папрацаваць?

– Канешне. Там паказвалі шмат новых сучасных трактароў і камбайнаў. Былі б грошы… Майму “джоніку” хутка ўжо дваццаць гадоў. Даглядаю яго, стараюся, каб паслужыў як мага даўжэй, але метал ад часу стамляецца, асабліва з такімі вялікімі нагрузкамі. Рухавіку патрэбны ўжо капітальны рамонт. Хочаш не хочаш – яго давядзецца рабіць. Бо на “Джон Дзіры” ўся пасяўная трымаецца.

– З кім ты найперш раздзяліў радасць перамогі на конкурсе?

– З роднымі, канешне ж. У маіх поспехах – вялікая заслуга таты. Ён ўсё жыццё механізатарам у гаспадарцы працуе. І нават зараз, калі ўжо на пенсіі. Вунь, на пагрузчыку сянажную яму трамбуе. Ну, і я пры тату з маленства быў, падлеткам на камбайне памочнікам у яго працаваў. Ён заўсёды падтрымліваў маю цягу да тэхнікі, ніколі ахвоты не адбіваў.

Жонка таксама радая, што я добра выступіў на конкурсе. Яна як ніхто ведае цану маім перамогам. Вольга працуе ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку, і амаль заўсёды так атрымліваецца, што падчас святаў яна выносіць з-за куліс на сцэну ўзнагароды, якія ўручаюць мне.

– Дарэчы, не так ужо і часта сустракаюцца сем’і, дзе ў мужа і жонкі такія розныя прафесіі. Што вас аб’яднала?

– Тут усё проста. Я – з Хвойнікаў, Оля – з Вайнілава. Яе тата таксама працаваў на камбайне, калі мы былі падлеткамі, а яна – у яго памочніцай. Памятаю, што тата асабліва не даваў дзяўчыне палёгкі: выконвала ўсе абавязкі памочніка, як належыць. У полі ля камбайнаў мы і пазнаёміліся. Але сустракацца пачалі толькі пасля таго, як разам пабылі на вяселлі майго брата. А праз год пажаніліся.

– Зразумела, што вольнага часу ў механізатара не так ужо і шмат. Як бавіце яго, калі ўсе дома?

– Стараемся знайсці магчымасць у выхадны з’ездзіць з дзецьмі ў Мінск. Раней бавілі час у Парку Чалюскінцаў, але дзеці падраслі, і атракцыёны ім ужо нецікавыя. Зараз пераключыліся на гульнявыя пакоі ў буйных гандлёвых цэнтрах. Пасля гульняў вядзём дзяцей у кафэ.

Сёлета плануем усе разам з’ездзіць на мора, але тут выбар невялікі, бо адпачынак у мяне, пакуль азімы ячмень адсею, ужо бліжэй да зімы.

– Ты выконваеш вельмі вялікі аб’ём работ у полі. Адпаведна і зарабляеш?

– Заробак годны. Наша кіраўніцтва не шкадуе грошай тым, хто хоча і ўмее працаваць. Але трэба разумець, што, чым большы аб’ём работ выконваеш, тым менш часу застаецца на сям’ю. З іншага боку – дзеля сям’і ж і стараешся. Самае крыўднае – гэта зайздрасць калег. Быў нават момант, калі я па гэтай прычыне на паўгода сыходзіў з гаспадаркі. Хлопцы паспрабавалі маіх аб’ёмаў і сказалі: “Не, мы, як Гатоўка, не можам…”

– А калі б пачалі плаціць менш, ці “пераманілі” на працу з большым заробкам, сышоў бы?

– Вельмі складанае для мяне пытанне… Магчыма… Але спачатку пастараўся б зрабіць так, каб плацілі больш.

Ніхто не адмаўляе, што заробак павінен быць на першым месцы. Але любоў да працы – вельмі прыцягальная сіла. Я, мабыць, калі б сышоў, ўсё адно, праязджаючы міма, глядзеў бы на гэтае поле, на гэты ўраджай, і душа балела б. Лічу, што, калі “захварэў” на вясковую працу з дзяцінства, то гэта – на ўсё жыццё, да скону.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *