На Чэрвеньшчыне пачалі нарыхтоўку травяністых кармоў для грамадскага статка

Аграрный сектор Актуальное

 Паводле звестак райсельгасхарчу, гаспадаркам неабходна назапасіць 4 тысячы 700 тон сена, 123 з паловай тысячы тон сенажу і 147 тысяч тон сіласу. Ад аб’ёмаў і якасці кармоў будуць залежыць перспектывы далейшага нарошчвання вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і, як вынік – эканамічны дабрабыт сельгаспрадпрыемстваў.

Касьба траў.

У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Новыя Зелянкі” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі малочны завод №1” сёлета плануюць нарыхтаваць 400 тон сена, 10 з паловай тысяч тон сенажу і 12 тысяч тон сіласу.

Як распавяла галоўны аграном гаспадаркі Наталля Сахончык, корманарыхтоўку тут пачалі з уборкі на сілас кулісных пасеваў.
– Мінулай восенню мы па рэкамендацыі інвестараў упершыню пасеялі на двух эксперыментальных палетках палосамі па чатыры метры шырынёй жыта і свірэпіцу, – падзялілася падрабязнасцямі яна. – Падчас уборкі касілка станавілася так, каб у валок траплялі і жыта, і свірэпіца. Ураджайнасць зялёнай масы неблагая – 150 цэнтнераў з гектара. Гэта супараўнальна з ураджайнасцю люцэрны.

Уборка кулісных пасеваў жыта і свірэпіцы.

Сумесь жыта і свірэпіцы засіласавалі з дабаўленнем кансерванту, закрыўшы траншэю аб’ёмам 1073 тоны за тры дні, як і належыць па тэхналогіі. У выніку праз дваццаць дзён будзем мець ранні збалансаваны корм для дойнага статку, бялковы складнік якога забяспечвае свірэпіца, а цукрам узбагачае жыта.
Ёсць тут і чыста эканамічны складнік: насенне названых культур недарагое, адпаведна – невысокі і сабекошт такіх кармоў. Спадзяёмся, што практычныя вынікі скормлівання гэтага сіласу жывёле таксама будуць вартымі таго, каб і надалей займацца куліснымі пасевамі.

Зараз у гаспадарцы назапашваюць сянаж з люцэрны. Сёлета гэтая культура займае тут 243 гектары, што складае каля трыццаці працэнтаў у агульнай структуры кармавых угоддзяў. Акрамя таго, ёсць пад уборку 150 гектараў фестулоліуму – злакавай культуры з добрай ураджайнасцю зялёнай масы і высокім утрыманнем цукру. Астатняе – гэта цімафееўка на сена і бабова-злакавыя сумесі.

Галоўны аграном Наталля Сахончык і механізатар Леанід Зыль, які заняты на касьбе траў.

Нарыхтоўку сенажу ў СВФ “Новыя Зелянкі” забяспечваюць дзевяцімятровая касілка, камбайны “КВК” і “Джон Дзір”, а таксама граблі для варушэння зялёнай масы. Для адвозкі кармоў ёсць магчымасць выкарыстоўваць да 7 адзінак тэхнікі.

Механізатар Генадзь Мінкевіч працуе на вырушэнні зялёнай масы.

– Калі не лічыць уборкі кулісных пасеваў, то корманарыхтоўку мы сёлета пачалі прыкладна ў тыя ж тэрміны, што і летась, – кажа Наталля Сахончык. – Па гатоўнасці траў – можна было і раней, аднак дажджы перашкодзілі хутка правяліцца скошанай масе. Разлічваем максімальна назапасіць сянаж і сена з першага ўкосу.

Планы напружаныя, бо, з уводам летась у эксплуатацыю новай фермы, павялічылася пагалоўе дойнага статка. Адпаведна, больш выдаткоўваецца і кармоў: патрэба ў сенажы павялічылася ў параўнанні з мінулым годам на дзве тысячы тон. Тое ж – і па сіласу. Таму наша задача – зрабіць усё магчымае, каб забяспечыць жывёлагадоўлю кармамі ў поўным аб’ёме.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *