Са Старога Пруда — у «Шахцёр»: выхаванец Чэрвеньскай СДЮШАР стаў лепшым нападаючым першынства Мінска па футболу

Актуальное Спорт

Мацвею Мірановічу – усяго трынаццаць. А ён ужо – лепшы нападаючы першынства Мінска па футболу.

Мацвей Мірановіч падчас узнагароджання прызам лепшага нападаючага першынства Мінска

Гэтая гісторыя крыху падобная на казку пра тое, як просты вясковы хлопчык са Старога Пруда скарыў спачатку Чэрвень, а потым і Салігорск. Хаця, калі разабрацца, казку Мацвей стварыў сам пры падтрымцы настаўнікаў і бацькоў, якія разгледзелі яго прыродны талент і дапамаглі раскрыцца.

– Сын з ранняга дзяцінства, гадоў, мо, з чатырох пачаў забаўляцца з мячыкам, – прыгадвае маці юнага футбаліста Вольга Сяргееўна. – У пятым класе яго здольнасці да футбола заўважыў школьны настаўнік фізкультуры Аляксандр Сяргеевіч Няхай. Ён вельмі настойліва раіў нам адправіць Мацвея вучыцца ў спартыўную школу. Урэшце мы зрабілі сыну пашпарт, аформілі ўсе неабходныя дакументы, і з дзесяці гадоў ён пачаў некалькі разоў на тыдзень ездзіць у Чэрвень.

Уявіце сабе: малы ў любое надвор’еадзін на маршрутцы дабіраўся да райцэнтра. А маршрутка ж – бярэзінская, высаджвала на прыпынку ў Натальеўску, і адтуль Мацвей пешкі паўгадзіны дабіраўся да спартшколы. Ведаю, што цяжка было, але ён не прапускаў ніводнай трэніроўкі… 

Сёлетні сезон Мацвей Мірановіч пачынаў у камандзе Чэрвеньскай СДЮШАР U-14 з футбалістамі, старэйшымі за яго на год. У чатырох матчах першынства Мінскай вобласці забіў сем мячоў.  

Шанц узняцца на ўзровень вышэй выпаў у маі падчас фінальнага турніру спартакіяды ДЮСШ і СДЮШАР Мінскай вобласці. З гаспадарамі спаборніцтваў, футбалістамі ДЮСШ ФК «Шахцёр» (Салігорск), выхаванцы трэнера Дзяніса Трапашкі згулялі ўнічыю – 3:3. Усе тры мячы ў чэрвеньцаў забіў Мацвей. Менавіта пасля гэтай гульні на хлопца звярнулі ўвагу мясцовыя спецыялісты. Так Мацвей, паспяхова прайшоўшы пяцідзённую стажыроўку ў Салігорску, неўзабаве стаў навучэнцам футбольнай Акадэміі «Шахцёра».

Трапіўшы ў састаў каманды U-13, якая выступала сёлета ў вышэйшай лізе першынства Мінска, ён практычна адразу пачаў забіваць. У гульні з ДЮСШ-2 Барысава Мацвей аформіў хет-трык, яшчэ ў чатырох сустрэчах адзначыўся дублямі, а ўсяго ў чатырнаццаці матчах накалаціў шаснаццаць мячоў. Таму па выніках першынства наш зямляк цалкам заслужана быў прызнаны яго лепшым нападаючым і атрымаў ганаровы кубак. 

Сённяшняе жыццё хлопца ў Салігорску праходзіць па строгаму распарадку дня.

– Пад’ём – у 6.30, снедаем, ідзём на заняткі ў школу, пасля іх – гадзіна-дзве вольнага часу, затым – дзве гадзіны трэніроўкі, потым робім урокі і ў 21.45 – адбой, – распавядае Мацвей, чый кумір – Раналду, а любімая каманда – мадрыдскі «Рэал». – Дахаты асабліва ездзіць не выпадае, таму крыху сумую па родных. А ўвогуле – усё ў парадку. Да новай абстаноўкі прызвычаіўся хутка, бо загадзя рыхтаваўся. З хлопцамі стасункі добрыя, мы ўсе тут сябруем.

 – Калі я ўпершыню ўбачыў Мацвея, адразу звярнуў увагу на тое, што ў яго ёсць усе даныя для цэнтральнага нападаючага: моцны, рослы, хуткі, – гаворыць першы трэнер Дзяніс Трапашка. – Плюс – жаданне трэніравацца штодня, нават двойчы на дзень, спартыўная злосць, імкненне заўсёды выйграваць барацьбу ў сапернікаў. Гэта вельмі каштоўныя якасці для таго, каб стаць добрым футбалістам.

І цяпер, калі Мацвей у Салігорску, мы ўвесь час на сувязі. Дапамагаю парадамі і цешуся тым, што ён заўжды да іх прыслухоўваецца і стараецца выконваць. Прыемна, што выхаванец Чэрвеньскай СДЮШАР трапіў у футбольную Акадэмію «Шахцёра». Жадаю ўдачы і шчыра веру: усё ў яго атрымаецца. Галоўнае – рухацца наперад і не зазнавацца. А Мацвей не з такіх: поспехі не кружаць яму галаву. Ён разумее, што гэта толькі пачатак доўгага шляху да футбольных вяршынь, на якім трэба шмат і сур’ёзна працаваць.

 Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *